Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартавала ўсебеларуская акцыя «Кінуць курыць з кнігарняй логвінаЎ»


Пасьля матаньня нэрваў з выплатамі штрафу, з пагрозай закрыцьця кнігарні супрацоўнікі «Логвінава» далі зарок, што калі кнігарню не зачыняць, дык яны ўсе як адзін, на чале зь Ігарам Логвінавым, кінуць курыць. Усё абышлося, штраф выплачаны, кнігарня працуе. І супрацоўнікі кнігарні запрасілі ўсіх аматараў кнігі, чытачоў і пісьменьнікаў кінуць курыць разам — на «Фэсьце апошняй цыгарэты».

Роўна а 16-й гадзіне на ганку кнігарні ўрачыста пры сьведках і сьвятле фотавыбліскаў восем супрацоўнікаў кнігарні «логвінаЎ» на чале з дырэктарам кнігарні Яўгенам Ціханавым, выдаўцом Ігарам Логвінавым і арт-дырэктарам Паўлам Касьцюкевічам выкурылі па апошняй цыгарэце.

«Мы зрабілі падрахунак, што мы ўмеем рабіць. Умеем рабіць мы толькі кнігі і іх рэклямаваць. І зрабілі выснову, што калі мы кінем курыць, то будзем рабіць кнігі і іх рэклямаваць яшчэ лепш. І мы вырашылі зладзіць такую акцыю — кінуць курыць усім складам кнігарні „логвінаЎ“. Так што заклікаем усіх кінуць курыць», — з такой прамовай на ганку выступіў Павал Касьцюкевіч.

А выдавец Ігар Логвінаў пажартаваў, што калектыў кнігарні вырашыў кінуць курыць не затым, каб аддзячыць усім, хто падтрымаў і дапамог выплаціць штраф, а каб кнігарня не згарэла:

«Кнігарню, дзякуй Богу, выратавалі, і зараз адзіная пагроза, што яна згарыць, — гэта наша курэньне. Таму ўсе разам дружна кідаем курыць. Бо раней курылі ўсе, і ўся праца зводзілася да перакураў. Мы прыходзілі з раніцы на працу і курылі, курылі, курылі... Таму прынялі рашэньне. Прыдумалі ўжо і пакараньне для тых, хто ня вытрымае: 5 разоў будзе мыць каўралін. І нарэшце ў нас стане чыста».

Падтрымаць Логвінава і кампанію прыйшло шмат моладзі, якая ня курыць. Але паглядзець на гэтае відовішча прыйшлі і заўзятыя курцы — мастак Артур Клінаў і літаратар Альгерд Бахарэвіч. Да ўчынку «логвінаўцаў» яны паставіліся скептычна.

Артур Клінаў не зьбіраўся далучацца да акцыі, прызнаўся, што курыць усё сьвядомае жыцьцё. Што да ўчынку Логвінава і кампаніі, кажа:

«Мне здаецца, што гэта піжонства, „піяр“. Паглядзім, як гэта будзе ў рэальнасьці. Але, шчыра кажучы, я з падазрэньнем стаўлюся да такіх „флэш-мобаў“».

Літаратар Альгерд Бахарэвіч глядзеў на відовішча, якое адбывалася на ганку кнігарні «логвінаЎ», з цыгарэтай. На пытаньне, ці ў яго яна таксама апошняя, адказаў так:

«Я не далучаюся да іх. Сёньня ўвечары на паэтычнай вечарыне буду ў камандзе „курцоў“ супрацьстаяць тым, хто кінуў. Кідаць не зьбіраюся».

А на пытаньне, як жа здароўе, экалёгія, спадар Бахарэвіч адказаў, што літаратура і здароўе — рэчы несумяшчальныя.

Пасьля таго як людзі выратавалі кнігарню, для нас сьвет зьмяніўся, і ад нас патрабавалася нейкае адэкватнае дзеяньне, каб зьмяніцца самім

Пасьля акцыі на ганку ў кнігарні адбудзецца трохдзённы «Фэст апошняй цыгарэты» зь літаратурным слэмам і кніжнымі прэзэнтацыямі, у якіх возьмуць удзел як курцы, так і некурцы.

«Цыгарэты, курэньне — рэч інтымная. Калі мы ад гэтага адмаўляемся, трэба нечым замяніць. І таму замест курэньня мы больш высілкаў будзем траціць на арганізацыю новых цікавых мерапрыемстваў. Пасьля таго як людзі выратавалі кнігарню, для нас сьвет зьмяніўся, і ад нас патрабавалася нейкае адэкватнае дзеяньне, каб зьмяніцца самім. І мы павінны былі ў адказ ахвяраваць нешта істотнае, важнае для нас. А нічога, акрамя курэньня, у нас не было. Кінем курыць і засяродзімся на іншым», — кажа выдавец Ігар Логвінаў.

Кнігарня днямі прэзэнтуе свой новы сайт lohvinau.by, на якім аматары літаратуры змогуць прачытаць матэрыялы пра сучасную літаратуру, паглядзець ролікі на «Літаратурнай тэлевізіі» і спампаваць электронныя кнігі.

У Беларусі кураць каля 45% мужчын и 35% жанчын, больш за 65% студэнтаў і школьнікаў. Прычым інтэнсіўнасьць курэньня сярод жанчын і маладых людзей апошнім часам істотна вырасла. Бальшыня мужчын-курцоў — 92% — кураць кожны дзень, гэтаксама і 78% курцоў-жанчын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG