Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: Ва Ўкраіне чакалі наступу сэпаратыстаў пасьля 9 траўня, але канфлікт ужо абвастрыўся


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Абодва бакі вярнулі на пазыцыі цяжкія ўзбраеньні — гэта можа паўплываць на працу трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне ці сарваць анансаваную сустрэчу ў Менску 6 траўня.

Пра тое, што сустрэча ў Менску можа адбыцца, Радыё Свабода паведаміла прэс-сакратар Леаніда Кучмы Дар’я Аліфэр.

Першая за тры месяцы вочная сустрэча адбудзецца ў абноўленым складзе. Замест амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава Крэмль прызначыў на перамовы новага спэцпрадстаўніка — былога амбасадара Расеі ў Сырыі Азамата Кульмухаметава.

Мяркуецца, што ў сустрэчы таксама возьмуць удзел прадстаўнік Украіны Леанід Кучма, прадстаўніца АБСэ Гайдзі Тальявіні і прадстаўнікі так званых Луганскай і Данецкай народных рэспублік.

МЗС Беларусі інфармацыю пра магчымасьць правядзеньня ў Менску сустрэчы не распаўсюджвае.

Папярэдняя сустрэча групы ў Менску адбылася 11–12 лютага адначасова зь перамовамі ў «нармандзкім фармаце», у якіх бралі ўдзел лідэры краінаў Францыі, Нямеччыны, Расеі і Ўкраіны. Пасьля група рэгулярна сустракалася ў фармаце скайп-канфэрэнцыяў.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка патлумачыў Радыё Свабода, што можа азначаць замена спэцпрадстаўніка Расеі на перамовах і як паўплывае на працу групы чарговае вайсковае абвастрэньне на Данбасе:

«Асабістая сустрэча, як правіла, больш значная, чым скайп-канфэрэнцыі. Такія сустрэчы рыхтуюцца больш грунтоўна і з разьлікам на канкрэтныя дамоўленасьці. Гэтая сустрэча зьвязаная з пачаткам працы чатырох працоўных падгруп, якія будуць займацца выкананьнем палітычнай часткі Менскіх дамоўленасьцяў.

Але ёсьць сур’ёзная праблема, якая ўзьнікла ў апошнія дні, — гэта абвастрэньне вайсковай сытуацыі пад Данецкам. Фактычна абодва бакі вярнулі на пазыцыі цяжкія ўзбраеньні. Спачатку гэта зрабілі сэпаратысты, у апошнія дні і ўкраінскі бок стаў адказваць на артылерыйскі агонь агнём. Канфлікт абвастрыўся. Пакуль лякальна, але гэта можа альбо сарваць магчымую сустрэчу ў Менску, альбо сур’ёзна ўскладніць яе працу.

Я б цяпер устрымаўся ад аптымістычных чаканьняў наконт менскай сустрэчы

Парадак дня можа зьмяніцца. Ізноў робіцца актуальным пытаньне пра тое, што спачатку трэба спыніць агонь і дамагчыся адводу цяжкіх узбраеньняў, і толькі пасьля пачынаць перамовы пра палітычную частку пагадненьня. Нельга забягаць наперад. Пакуль вайна на Данбасе працягваецца.

Ёсьць варыянт маштабнага ўзнаўленьня вайсковых дзеяньняў. Я б цяпер устрымаўся ад аптымістычных чаканьняў наконт менскай сустрэчы».

Палітоляг лічыць, што на працу трохбаковай кантактнай групы можа паўплываць досьвед новага спэцпрадстаўніка Расеі Азамата Кульмухаметава, які ён атрымаў падчас дыпляматычнай працы ва ўмовах сырыйскага крызісу.

Фясенка: «Зьмена прадстаўніка Расеі ў трохбаковай кантактнай групе — гэта, хутчэй, зьмена тактыкі. Стаўка зробленая на крызісную дыпляматыю, у тым ліку на досьвед новага спэцпрадстаўніка Расеі, які ён атрымаў ва ўмовах крызісу ў Сырыі.

І пакуль рана рабіць высновы, як гэта праявіцца. Магчыма, абраная больш жорсткая і працэдурная тактыка, разьлічаная на выканьне дамоўленасьцяў, а не на асабістыя нефармальныя стасункі з украінскім кіраўніцтвам.

Што тычыцца самога спадара Кульмухаметава, то ён ужо ўзяў удзел у скайп-канфэрэнцыі. Чаканьні, зьвязаныя зь ягонай працай, носяць працоўны характар. Прэзыдэнт Кучма зьяўленьне новага расейскага прадстаўніка ацаніў досыць пазытыўна. Складана сказаць, як гэта адаб’ецца на працы.

Мне здаецца, што зьмена зьвязаная і з тым, што сам Зурабаў (Міхаіл Зурабаў — амбасадар РФ ва Ўкраіне. — РС) стаміўся і ад працы ва Ўкраіне, і ад працы ў групе. Наколькі ведаю, яшчэ да Майдана ён хацеў вярнуцца ў Маскву. Але пасьля абставіны склаліся так, што ён застаўся ў Кіеве. Думаю, што гэта вельмі важная прычына таго, чаму зьмянілі спэцпрадстаўніка Расеі ў Менскай кантактнай групе.

У Зурабава была іншая функцыя — наўпроставага кантактэра паміж Пуціным і Парашэнкам (Міхаіл Зурабаў даўно асабіста знаёмы з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. — РС). А цяпер Расеі патрэбны хутчэй чалавек, які будзе займацца арганізацыяй, кантролем над працэдурамі выкананьня менскіх пагадненьняў.

Уладзімер Фясенка тлумачыць, што перамоўны працэс па вырашэньні крызісу на Данбасе мае шматузроўневую форму. Праца трохбаковай кантактнай групы займае ў ім прамежкавае месца:

«Ключавыя палітычныя рашэньні прымаюцца на ўзроўні лідэраў. Апошнія паўгода — на ўзроўні лідэраў краінаў Нармандзкай чацьвёркі.

Галоўная задача працы трохбаковай кантактнай групы — дамовіцца, як выконваць прынятыя рашэньні, і таксама — як узгадняць выкананьне прынятых рашэньняў з прадстаўнікамі сэпаратысцкіх рэспублік. Гэта, бадай, адзіны фармат, у якім задзейнічаныя сэпаратысты».

Уладзімер Фясенка сумняецца, што падчас сустрэчы ў Менску могуць быць высунутыя новыя патрабаваньні, бо ранейшыя базавыя дамоўленасьці не былі выкананыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG