Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа забарона расейскага кіно ў змаганьні з прапагандай?


Кадр зь фільму Андрэя Зьвягінцава "Левіятан"
Кадр зь фільму Андрэя Зьвягінцава "Левіятан"

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка падпісаў закон, які забараняе ва Ўкраіне шмат якія фільмы і сэрыялы з краіны-агрэсара (то бок Расеі). Ці эфэктыўныя такія радыкальныя захады ў змаганьні з расейскай прапагандай і што ў гэтай сытуацыі трэба рабіць Беларусі?

Вадзім Мажэйка

«Алей у вогнішча тых, хто на ўсходзе»

Агулам ва Ўкраіне забараняюцца ўсе расейскія фільмы і сэрыялы з 2014 году, а таксама з 1991 — калі там ёсьць «станоўчыя героі»-сілавікі РФ, пад сумневам тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны альбо прапагандуецца варожасьць па нацыянальных, полавых і г. д. прыкметах.

Зрэшты, сьпіс вельмі размыты — пад крытэры «наўпростава ці ўскосна зьвязаны зь дзейнасьцю сілавікоў РФ» альбо «прапагандуецца перавага па сацыяльным паходжаньні» падыходзіць амаль любое кіно, незалежна ад яго сутнасьці і мастацкай задумы аўтара. Напрыклад, усе цудоўныя фільмы расейскага «Квартэта І», стваральнікі якога, між іншым, удзельнічаюць у пратэстных акцыях у Маскве ды падтрымліваюць Макарэвіча. Тое самае тычыцца і самага адметнага сучаснага расейскага кіно — «Левіятана» Зьвягінцава.

Юры Арцёменка
Юры Арцёменка

Як распавёў у эфіры расейскай Свабоды старшыня ўкраінскай нацыянальнай рады па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Юры Арцёменка, пад забарону трапілі сапраўды і фільмы, якія «маглі б у плюс ісьці Ўкраіне. Характэрны прыклад — „Левіятан“. На жаль, па законе ён ня можа быць паказаны па тэлебачаньні, толькі ў шырокім пракаце [і пасьля спэцыяльнага дазволу]. Але гэта выдаткі таго, што прымалі чыноўнікі. Але стратэгічна закон правільны».

Аляксандра Кужаль
Аляксандра Кужаль

З такой адзнакай закону не пагаджаецца Аляксандра Кужаль, народны дэпутат Украіны, якая не падтрымлівала гэты закон і ў Вярхоўнай Радзе. У спэцыяльным камэнтары для беларускага «Радыё Свабода» яна адзначыла, што такія агульныя забароны — гэта «кроплі алею ў вогнішча тых, хто на ўсходзе», падобныя на спрэчны закон аб мовах. Аляксандра Кужаль лічыць больш эфэктыўным ствараць стымулы для ўкраінскай мовы і культуры, а не абмяжоўваць ды забараняць іншыя, тым больш што «руская культура — гэта і Макарэвіч, і Гафт, і Яфрэмаў».

Зрэшты, хіба ў сёньняшнім інтэрнэт-сьвеце магчыма забараніць распаўсюд інфармацыі ў выглядзе кіно ды сэрыялаў, калі на іх ёсьць попыт? І наадварот — ці трэба забараняць, калі попыт згасае і сам, з прычыны грамадзянскай сьвядомасьці? Аляксандра Кужаль нагадвае, што «і так усе самастойна выдалілі са сваіх iPad’аў відэа з Ахлабысьціным ды Парэчанкавым, незалежна ад таго, што ніхто ж іх гэта рабіць на асабістых пляншэтах не прымушаў».

Зрэшты, агулам палітыка забаронаў ды «Міністэрства праўды» — гэта не найлепшы адказ на інфармацыйную вайну (а па адзнацы «Рэпартэраў бязь межаў» — найгоршы). Як адзначыў у камэнтары для беларускага «Радыё Свабода» Сяргей Пасечнік, старшыня дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі Чаркаскай абласной адміністрацыі, «у сытуацыі вайны неяк трэба рэагаваць на тыя ўкіды, што робяць прарасейскія людзі», але ж «рэвалюцыя адбылася не для таго, каб мы стваралі новую партыю ўлады і прасоўвалі сваю ідэалёгію, прапаганду».

«Прапагандысцкую рыторыку» заўважылі, але і моцнай альтэрнатывы няма

У параўнаньні з Украінай Беларусь выглядае іншай крайнасьцю: на жаль, мы амаль безабаронныя перад расейскай прапагандай, якая трапляе да нас праз імпэрскую літаратуру, тэлеканалы зь іх «пяціхвілінкамі нянавісьці» ды тымі самымі кіно і сэрыяламі. З апошнімі сытуацыя зусім складаная, бо шмат якая другагатункавая расейская кінапрадукцыя (у тым ліку мянтоўска-бандыцкія сэрыялы) здымаецца як раз у Беларусі, на «Беларусьфільме». І тут перад намі паўстае пытаньне ўжо ня толькі рэакцыі на расейскую інфармацыйную палітыку, але ж і стратэгічнай рэформы беларускага кінэматографу. На жаль, пакуль афіцыйныя адказы на гэтае пытаньне выглядаюць слаба і не прапануюць неабходныя рэформы.

Невялічкія падставы для аптымізму даў нядаўні ліст, дзе старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька прызнаў факт прысутнасьці «прапагандысцкай рыторыкі» на расейскіх тэлеканалах (НТВ у прыватнасьці) і адзначыў, што ў Беларусі стараюцца яе «максымальна зьмякчыць» і падыходзіць да асьвятленьня падзеяў ва Ўкраіне «максымальна карэктна», бо расейскі падыход можа «ісьці ўразрэз зь дзяржаўнай палітыкай інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь і афіцыйнай пазыцыяй нашай дзяржавы ў адносінах сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Ўкраіны».

Да гэтай самай плыні можна аднесьці і папярэднія дамовы Лукашэнкі і Парашэнкі пра вяшчаньне ў Беларусі ўкраінскага тэлеканалу (пакуль ідзе тэхнічная праца і цяжка зразумець, атрымаецца ўключыць украінскае ТБ у асноўны пакет вяшчаньня ці ідэі застануцца на паперы).

На жаль, у змаганьні з расейскай прапагандай у Беларусі нестае самага галоўнага — моцных незалежных нацыянальных мэдыяў, вольнай ды падтрыманай (а не абмежаванай) дзяржавай нацыянальнай культуры ды мастацтва, будзь то літаратары, кінамастацтва альбо музыкі. І дзяржаве тут хоцькі-няхоцькі, але ж трэба ісьці насустрач беларушчыне.

***

Аўтар выказвае падзяку Прадстаўніцтву фонду імя Фрыдрыха Эбэрта ва Ўкраіне за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG