Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія фэрмэры — пра тое, чаму дзяржава не дае ім зямлю ва ўласнасьць


Міхаіл Шруб у роднай вёсцы Хільчыцы

Міхаіл Шруб у роднай вёсцы Хільчыцы

Што стрымлівае разьвіцьцё фэрмэрства ў Беларусі? Як вынікае зь нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з фэрмэрамі Шклоўскага раёну, гэта цяжкасьці з выкупам арандаванай маёмасьці, а таксама немагчымасьць прыватызаваць зямлю. Поглядамі на праблему дзеляцца фэрмэры Гомельшчыны.

Найбольш пасьпяховай фэрмэрскай гаспадаркай у Беларусі можна лічыць гаспадарку Міхаіла Шруба зь вёскі Хільчыцы, што на Гомельшчыне.

На пачатку дзевяностых гадоў Міхал з бацькам выкупіў 20 гектараў зямлі і стаў вырошчваць капусту. Пачынаў, па сутнасьці, з матыкі і плуга.

Гаспадарка разьвівалася, і празь сем гадоў да фэрмэра папрасіўся цэлы мясцовы калгас «Шлях да камунізму». Ня фэрмэр да калгасу, а калгас да фэрмэра.

Цяпер гаспадарка ўяўляе сабою шматпрофільны высокаэфэктыўны комплекс зь перадавымі тэхналёгіямі. Яна займае тры працэнты земляў, якія ёсьць у раёне, а ў сумарнай выручцы, якую маюць усе тутэйшыя сельгаспрадпрыемствы, на яе прыпадае ад 15 да 30 адсоткаў. Рэнтабэльнасьць — вышэй за 30 адсоткаў. З кожнага гектара зямлі фэрмэр плаціць дзяржаве 1000 даляраў падаткаў, а сярэдні заробак працаўнікоў складае цяпер у гаспадарцы 680 даляраў.

Фэрмэр Шруб перакананы, што прыватны бізнэс наагул здольны зьмяніць вясковае жыцьцё да лепшага без усялякіх дзяржаўных праграмаў.

Дык чаму дзяржава не адважваецца даць зямлю ва ўласнасьць тым, хто даказаў, што ўмее на ёй працаваць?

Шруб: «Я б разьдзяліў пытаньне на два. Адно мне падаецца вельмі актуальным, а іншае — актуальным, але ня надта надзённым. Я за тое, каб даваць фэрмэрам зямлю ў арэнду, у карыстаньне. На жаль, не даюць яе нават на такіх прававых падставах. Гэта цяпер галоўная праблема для разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак, якія ўжо існуюць, і стварэньня новых. Шмат у мяне прыкладаў — фэрмэры ня могуць атрымаць зямлю, нягледзячы на тое, што ўжо даказалі: мы выкарыстоўваем яе больш эфэктыўна».

Фэрмэры ня могуць атрымаць зямлю, нягледзячы на тое, што ўжо даказалі: мы выкарыстоўваем яе больш эфэктыўна

Прыватную ўласнасьць на зямлю, на думку фэрмэра Шруба, уводзіць цяпер у Беларусі сапраўды дачасна, бо дзяржава дзеля гэтага не стварыла адпаведных умоваў:

«Што да прыватнай уласнасьці на зямлю, то тут я, бадай, пагаджуся з прэзыдэнтам, што яе ранавата ўводзіць. Як бы ў дужках дадам — ранавата, бо за мінулыя дваццаць гадоў не стварылі адпаведных умоваў, хоць за гэты час іх можна было стварыць, улічваючы, што рэформы ў сельскай гаспадарцы рухаюцца вельмі марудна. Якія ўмовы я маю на ўвазе? Грамадзтва не гатовае, няма мэханізму перадачы зямлі ва ўласнасьць. А зямлю даваць трэба, і даваць менавіта там, дзе просяць. І таму, хто яе просіць. Вось гэта трэба, каб разьвівалася фэрмэрства і сельская гаспадарка наагул».

На Гомельшчыне два дзесяцігодзьдзі таму было 430 фэрмэрскіх гаспадарак. У 2009 годзе — толькі 261. Апошнім часам іх колькасьць зноў павялічылася, але да ранейшага ўзроўню не хапае амаль паўсотні.

Некаторыя фэрмэры, якім райвыканкамы раз за разам адмаўляюцца павялічыць арэндныя надзелы, вымушаныя ехаць засяваць землі ў суседняй Расеі. Так, у прыватнасьці, ратуецца ад банкруцтва кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі «Ліцьвінаўскія крыніцы» Мікалай Вінянкоў:

Мікалай Вінянкоў

Мікалай Вінянкоў

«Канечне, сею ў Расеі. А што мне рабіць? Галодным хадзіць? Трэба ж за лізінгі плаціць, заробкі выплачваць. Калі б давалі зямлю ў прыватную ўласнасьць, то тут бы й працавалі. Ёсьць напрацоўкі, ёсьць імкненьне, ёсьць людзі, тэхніка, досьвед. Можна й працаваць. А калі табе кажуць: „Пайшоў прэч“, то якая тут можа быць праца?»

У Рэчыцкім раёне фэрмэр Віктар Залескі ўжо дзясятак гадоў з посьпехам вырошчвае кавуны й дыні. Пра ўласнасьць на зямлю ня думае. Кажа, хоць бы ў арэнду давалі, калі просяць. А цяпер нават трактар у лізінг атрымаць ня можа — патрабуюць поўнай аплаты. Давай адразу 350 мільёнаў — і ўсё тут. Памяшканьне пад склад прасіў набыць — таксама адмовілі.

Віктар Залескі

Віктар Залескі

На сустрэчы са шклоўскімі фэрмэрамі Аляксандар Лукашэнка раіў наконт прыватнай уласнасьці на зямлю: «Давайце ня будзем тут сьпяшацца. Надыдзе час, і гэтае пытаньне будзе вырашана. Галоўнае, каб зараз людзі не баяліся прыйсьці на арандаваную зямлю, былі ўпэўненыя, што ў іх яе ніхто не забярэ».

Словы бясспрэчныя. Але што ў рэальнасьці?

Першыя фэрмэрскія гаспадаркі ў Беларусі былі зарэгістраваныя чвэрць стагодзьдзя таму. За прамінулы час, паводле зьвестак Мінсельгахарчу, іх было створана амаль 7 тысяч, але на цяперашні час ацалелі крыху больш як дзьве з паловай тысячы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG