Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фэйсбук дазваляе быць бессаромнымі», — Уладзімер Мацкевіч


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

4 лютага — дзень нараджэньня Фэйсбуку. У перадачы «Інтэрвію тыдня» філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч разважае пра тое, што прынесьлі ў наша жыцьцё сацыяльныя сеткі і новыя тэхнічныя гаджэты, як з жывога чалавека робіцца камунікацыйная машына і ці можа Твітэр паспрыяць рэвалюцыі.

Цыганкоў: Фэйсбук для многіх людзей у Беларусі стаў значнай плятформай, каб выказваць сваю думку, знаходзіць новых сяброў, кантактаў. А што Фэйсбук азначае для вас — філёзафа і мэтадоляга?

«Інтэрнэт дысцыплінуе — трэба ўзважваць свае словы, разумець, што яны застаюцца».

Мацкевіч: Я сталы карыстальнік Фэйсбука ўжо гадоў 5. Інтэрнэт-камунікацыяй я зацікавіўся яшчэ ў канцы 90-х, я разглядаў гэтую зьяву як нейкую новую плынь у сусьветнай камунікацыі. Як філёзаф я цікаўлюся праблемамі камунікацыяў, дыялёгу, стасункаў з пункту гледжаньня дасягненьня паразуменьня, разьвіцьця тэмы. Наколькі магчыма ўвогуле ў апасродкаванай камунікацыі працягнуць старую філязофскую традыцыю дыспуту, спрэчкі, абмеркаваньня?

Цыганкоў: І вы ўбачылі нейкія адрозьненьні гэтай старой традыцыі ва ўмовах інтэрнэту і сацыяльных сетак?

Мацкевіч: Так, вядома. Новыя ўмовы мяняюць ня толькі манеру, ня толькі этыку, этас і этыкет камунікацыі, але гэта ўплывае і на сумленьне і сьвядомасьць чалавека. У непасрэднай камунікацыі ёсьць шмат такіх чыньнікаў, як міміка, пантаміміка — гледзячы вочы ў вочы, людзі паводзяць сябе зусім інакш. У непасрэднай камунікацыі, калі людзі саромеюцца, напрыклад, сказаць глупства — то мімікай і эмоцыямі яны могуць скарэктаваць свае выказваньні, неяк улагодзіць суразмоўцу. Усё гэта адсутнічае ў інтэрнэт-камунікацыі. Вось гэтая малая доля сумленьня, сораму ў інтэрнэт-камунікацыі ўносіць вялікія скажэньні ў чалавечыя стасункі.

Цыганкоў: Так, часам запрашаеш у студыю за адзін стол, напрыклад, палітыкаў, якія нядаўна вельмі рэзка выказаліся адзін пра аднаго ў сетках — і бачыш, як, гледзячы адзін аднаму ў вочы, яны выказваюцца значна больш мякка і ветліва. То бок інтэрнэт дазваляе быць больш разьняволеным?

Мацкевіч: Так, бессаромным, я б сказаў. Гэта адзін са шматлікіх нэгатыўных чыньнікаў сеткавай камунікацыі. Але ёсьць і станоўчыя. У жывой размове словы зьнікаюць, а ў пісьмовым выглядзе ў сацыяльных сетках словы застаюцца. Вядома, ёсьць магчымасьць карэктаваць, рэдагаваць выказваньні — і людзі часам гэта робяць. Але ў фэйсбучнай камунікацыі заўсёды можна вярнуцца да ранейшых выказваньняў, нагадаць суразмоўцу, што ён сказаў. У жывой размове гэта немагчыма.

І гэта дысцыплінуе пэўным чынам — трэба ўзважваць свае словы, разумець, што яны застаюцца. Гэта прымушае больш адказна ставіцца да сваіх выказваньняў. Але ж гэта тычыцца толькі тых, хто ўсур’ёз ставіцца да сеткавай камунікацыі. Гэта ня тычыцца троляў ці тых людзей, якіх цікавіць ня зьмест размовы, а толькі самапрэзэнтацыя.

Цыганкоў: Давайце закранем ня толькі філязофска-лінгвістычны аспэкт сацыяльных сетак, але і грамадзка-палітычны. Калі адбывалася «арабская вясна», то шмат казалі пра тое, што інтэрнэт становіцца яе рухавіком, што рэвалюцыі адбыліся ледзь ня дзякуючы Фэйсбуку і Твітэру. Ці так гэта, ці ўсе «па-старому» залежыць найперш ад настрою людзей? І калі няма настрою выходзіць на вуліцу — ніякі Твітэр тут не дапаможа?

Мацкевіч: Так, я згодны з вашымі апошнімі словамі. Ніякія тэхнічныя прылады ня ў стане зьмяніць настрой супольнасьці, грамадзтва. Яны могуць дапамагчы кіраваць ужо тым, што існуе. Той жа Твітэр дазваляе перанакіраваць людзей — «зараз бяжым на тую ці іншую плошчу». Але — гэта ў выпадку, калі людзі ўжо рухаюцца. Аднак калі яны сядзяць па хатах, ніякі Фэйсбук іх на вуліцу ня выведзе. Калі руху няма, нічога Твітэр ня зробіць.

«Зьнікае нешта істотнае ў адносінах паміж людзьмі»

Цыганкоў: Як сацыяльныя сеткі, новыя гаджэты мяняюць камунікацыі людзей? Часам кажуць, што сучасныя людзі сталі менш кантактаваць паміж сабой. Але гэта не заўсёды так. Калі глядзіш на маладых, дык яны ўвесь час сядзяць у гаджэтах, у сацыяльных сетках, яны там пераважна кантактуюць са сваімі равесьнікамі. Што гэта кажа пра будучыню чалавечых зносінаў?

Мацкевіч: Зьнікае нешта істотнае ў адносінах паміж людзьмі. Бо калі мы гаворым з чалавекам тэт-а-тэт, то мы ўлічваем і яго рэакцыі, эмоцыі, стаўленьне да вас. А калі ты робіш выказваньні ў Фэйсбуку — ты губляеш непасрэднага адрасата. Цябе чуе ня некалькі чалавек, рэакцыю якіх ты бачыш — а дзясяткі, сотні людзей. Камунікацыя набывае больш ананімнасьці, ты надзяеш пэўную маску. Мы перастаём быць самі сабой, а ў большай ступені граем пэўныя ролі. І гэта незалежна ад таго, ці хуліганіш ты, троліш — гэта адбываецца нават зь вельмі сумленнымі і шчырымі людзьмі.

«З жывога чалавека робіцца камунікацыйная машына»

Цыганкоў: Няўжо няма магчымасьці заставацца ў сетках сабой?

Мацкевіч: Заставацца сабой, разумець сябе ў сетках значна цяжэй. Непасрэдная камунікацыя дае магчымасьць ня толькі падтрымліваць больш шчыльныя, чалавечыя стасункі — яна дае матэрыял для самаспазнаньня. Гэта губляецца ў віртуальнай камунікацыі, бо ты ня бачыш рэальнай ацэнкі сябе з боку суразмоўцаў.

Цыганкоў: Яны ж лайкаюць, камэнтуюць — гэта і ёсьць ацэнка.

Мацкевіч: Дакрануцца рукой да чалавека, усьміхнуцца, падміргнуць, нешта сказаць — гэта зусім іншае, чым лайк. Лайк — гэта вельмі фармальная рэч. Калі мы вітаемся «добры дзень» — гэта на самой справе ня значыць, што дзень добры, гэта проста фармальнасьць. Ёсьць людзі, якія раздаюць лайкі налева і направа, ёсьць тыя, якія вельмі ўважліва і асьцярожна да іх ставяцца. І калі вы атрымліваеце сотні лайкаў пад нейкім сваім допісам — вы ж ня ведаеце, ці яны фармальныя, ці шчырыя. Вы толькі самі фантазуеце наконт таго, што гэта значыць.

А вось усьмешку, падбадзёрваньне, пацісканьне плячыма — фармальна інтэрпрэтаваць ужо нельга. І калі гэтыя жывыя рэчы зьнікаюць, то з жывога чалавека робіцца камунікацыйная машына.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG