Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра «ЎКантакце»


Расейская сацыяльная сетка адзначае дзень народзінаў 10 кастрычніка.

Сёньня ёй споўнілася 10 год: сайт vkontakte. ru выйшаў з бэта-тэсту і запусьціўся 10 кастрычніка 2006 году. Таксама 10 кастрычніка адзначае дзень народзінаў заснавальнік сайта — Павел Дураў, якому сёлета споўнілася 32 гады.

Глядзець у высокім разрозьненьні

80 мільёнаў карыстальнікаў

У сацсетцы зарэгістраваныя 380 мільёнаў чалавек. Але штодзённая аўдыторыя складае толькі частку з таго, каля 80 млн. Месячная аўдыторыя — каля 100 млн чалавек, па гэтым парамэтры «ЎКантакце» 10-я ў сьвеце сярод сацсетак (без уліку мэсэнджэраў).

Палова Беларусі на VK

«УКантакце» — самая папулярная сацсетка ў Беларусі. У ёй зарэгістравана больш за 5 млн акаўнтаў, у якіх краінай пазначаная Беларусь. Пры гэтым каля 65% карыстальнікаў VK жывуць у Расеі.

Па-беларуску двума правапісамі

На сайце можна абраць мовай інтэрфэйсу беларускую, нават у двух варыянтах. Пераклад інтэрфэйсу на беларускую мову ў клясычным правапісе (на «тарашкевіцу») запусьціўся ў 2008 годзе, на беларускую ў школьным правапісе (на «наркамаўку») — праз 6 год.

Спачатку быў Люцыфэр супраць бібліятэкі

Самая папулярная суполка «ЎКантакце», краінай якой названая Беларусь, — гэта суполка гульні World of Tanks. У ёй 2,75 млн чалавек. Суполка Свабоды мае амаль 50 тысяч падпісчыкаў. Але ў першыя гады працы «ЎКантакце» адной з самых папулярных суполак Беларусі была суполка не пра навіны ці гульню. Звалася яна нецэнзурна і з памылкамі, у назьве задаваліся пытаньнем: калі Люцыфэр вылезе з-пад зямлі і дасьць па менскай Нацыянальнай бібліятэцы, ці дакоціцца яна да ГУМа?

Былы клон Facebook

Спачатку «ЎКантакце» цалкам капіявала Facebook — і ў функцыях, і ў дызайне. Праўда, пра суды за гэта гаворкі не было. А зь цягам часу сацсеткі пайшлі рознымі шляхамі. Facebook стаў рабіць дызайн усё больш складаным, шмат экспэрымэнтаваў са стужкай навінаў. «УКантакце» ж разьвівала функцыі аўдыё і відэа, але цягнула з абнаўленьнем дызайну. Некаторыя функцыі VK прапанаваў нават раней за Facebook — напрыклад, функцыю падпіскі без дадаваньня ў сябры.

Былі і клоны клона

Папулярнасьць «УКантакце» спарадзіла шматлікіх клонаў яго самога. Такія былі і ў Беларусі. Самы вядомы клон, сацсетка «ВСети», праіснаваў да 2014 году, меў 1,5 млн зарэгістраваных карыстальнікаў, але толькі некалькі тысяч актыўных. Былі і менш маштабныя клоны — напрыклад, сацсетка «ВДрогичине» (Драгічын, што ў Берасьцейскай вобласьці, мае менш за 15 тысяч жыхароў).

Музыка нібы не пірацкая

«УКантакце» мае вялізную базу аўдыёзапісаў, большасьць зь якіх разьмяшчалі не праваўладальнікі, а самі карыстальнікі. Музыка лічылася пірацкай, праз гэта Apple нават забараняла распаўсюджваць праграму VK для iPhone і iPad. Але сацсетка дасягнула пагадненьня з буйнымі праваўладальнікамі Universal Music Group, Warner Music Group і Sony Music Entertainment. Умовы пагадненьня невядомыя, але гэтыя кампаніі цяпер не выказваюць прэтэнзіяў да VK, хоць магчымасьць запампоўваць і спампоўваць любы трэк, легальна ці не, засталася. Зь відэа «ЎКантакце» пайшлі іншым шляхам — пірацкія фільмы і сэрыялы цяпер проста выдаляюць.

Кантакты з КДБ

Ці супрацоўнічае «ЎКантакце» зь беларускімі спэцслужбамі і праваахоўнікамі, афіцыйна не паведамляецца (Facebook, Google, Microsoft і Apple дзеляцца інфармацыяй пра тое, колькі раз выдавалі спэцслужбам зьвесткі пра карыстальнікаў). Але беларускія актывісты ня раз казалі, што падазраюць спэцслужбы ва ўзломе сваіх акаўнтаў «УКантакце». Інструкцыя, як спраўдзіць, ці не ўзламалі вашы сацсеткі злодзеі і спэцслужбы, тут.

Павел Дураў з Сэнт-Кітс і Нэвіс

Заснавальнік «УКантакце» Павел Дураў у 2014 годзе пакінуў Расею пасьля таго, як адмовіў ФСБ у патрабаваньні раскрыць асабістыя зьвесткі арганізатараў суполак «Эўрамайдану». Перад ад’ездам Дураў прадаў сваю долю сацсеткі, але сышоў з VK ня сам — яго афіцыйна звольнілі. Пасьля «ЎКантакце» Дураў цалкам пераключыўся на староньні раней праект — мэсэнджэр Telegram. Яго новы праект ужо дагнаў VK па колькасьці актыўных карыстальнікаў. Пры гэтым Telegram, у адрозьненьне ад «УКантакце» — адзін з самых бясьпечных сродкаў для перапіскі.

100% у Mail.ru

Адзіны цяпер уладальнік «УКантакце» — расейская Mail. ru Group, амаль манапаліст у сьвеце расейскіх сацыяльных мэдыяў. Акрамя VK і самога парталу Mail.ru, у актывах кампаніі яшчэ расейскія сацсеткі «Одноклассники» і «Мой мир», польская Nasza Klasa (70%) і балтыйская One, мэсэнджэры ICQ і «Агент Mail. ru», сайт знаёмстваў «Мамба» і міжнародны партал My. com, а таксама беларуская кампанія-распрацоўшчык Maps. me. Дарэчы, са сьценаў Mail. ru пры ўдзеле беларускага бізнэсоўца Юрыя Гурскага выйшлі такія стартапы, як Prisma і MSQRD. Але праца зь імі якраз і стала прычынай, дзеля якой Гурскага звольнілі з пасады віцэ-прэзыдэнта Mail.ru.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG