Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У Кіеве ня лічаць, што за Лукашэнкам Беларусь можа стаць пляцдармам расейскай агрэсіі»


Яўген Магда (Євген Магда)

Яўген Магда (Євген Магда)

Як ва Ўкраіне расцанілі вынікі саміту НАТО ў Варшаве? Ці задаволены рашэньнямі і пазыцыяй альянсу афіцыйны Кіеў? Чаму ў Данбасе працягваюць масава гінуць мірныя людзі? Ці ўкраінскае грамадзтва па-ранейшаму верыць у адносна нэўтральную пазыцыю Беларусі наконт канфлікту на Данбасе?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае каардынатар Бюро процідзеяньня гібрыднай вайне, кандыдат палітычных навук, дацэнт Яўген Магда. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Як ва Ўкраіне ў цэлым успрынялі вынікі саміту НАТО ў Варшаве? Тут два аспэкты пытаньня. Першы — вынікі для Ўсходняй Эўропы, разьмяшчэньне кантынгентаў НАТО ў краінах Балтыі і Польшчы. Як, па-вашаму, у цэлым НАТО рэагуе на тое, што называюць «расейскай пагрозай»? Ці задаволеныя гэтай рэакцыяй самі краіны Балтыі і Польшчы?

— Можна сказаць, што балтыйскія краіны і Польшча такой рэакцыяй задаволеныя — прынамсі, гэта пацьвярджаюць мае кантакты з калегамі з тых краінаў. Яны задаволеныя, што НАТО ня проста гаворыць пра расейскую пагрозу, а дзейнічае канкрэтна і прадметна. Гэта будзе першае пасьля халоднай вайны разьмяшчэньне вайсковых сіл на тэрыторыі Балтыі. Прычым батальёны будуць шматнацыянальныя — амэрыканцы, канадцы, немцы, брытанцы. НАТО пацьвярджае, што яно гатовае абараняць сваіх чальцоў. Калі на саміце 2014 году такой гатоўнасьці яшчэ не было, то цяпер яна відавочна назіраецца.

Таксама я б дадаў, што адбылася Рада «Расея — НАТО», на якой фактычна было пацьверджана, што супольную мову бакі цяпер знайсьці ня могуць. Прынамсі, па сытуацыі ва Ўкраіне.

— А што наконт вынікаў саміту канкрэтна для Ўкраіны? Як ва Ўкраіне ўспрынялі ўдзел у саміце прэзыдэнта Парашэнкі? Ці дабілася Ўкраіна таго, чаго хацела?

— Думаю, так. Украіна атрымала комплексную дапамогу, якая дастаткова шырокая, складаецца з 13 асноўных кірункаў і 40 падкірункаў. Украінскія афіцыйныя асобы нават заявілі, што Ўкраіна атрымае столькі дапамогі, колькі зможа выкарыстаць на сваю карысьць. На сёньня сярод краінаў, якія ня ёсьць чальцамі альянсу, Украіна найбольш набліжаная да НАТО. Дзяржава дэкляруе свой намер уступіць у альянс. Паводле дадзеных фонду «Дэмакратычная ініцыятыва», 78 працэнтаў апытаных украінцаў сёньня падтрымалі б на рэфэрэндуме ўступ Украіны ў НАТО.

Але відавочна, што гэты ўступ не адбудзецца шляхам бліжэйшых гадоў, бо ў Расеі нават сам факт правядзеньня такога рэфэрэндуму выкліча як мінімум гістэрыку, як максымум — эскаляцыю агрэсіі.

— А самі краіны НАТО як ставяцца да намеру Ўкраіны ўступіць у альянс? Пакуль што гэта не рэалістычна. Але ці абнадзеілі Ўкраіну наконт будучыні? Ці можа яна спадзявацца ў будучыні на ўступленьне ў НАТО?

Будзем шчырымі — кансэнсусу наконт прыёму Ўкраіны ў склад НАТО сярод ягоных чальцоў няма

— Генэральны сакратар НАТО Ян Столтэнбэрг падкрэсьліў, што дзьверы НАТО адчыненыя для Ўкраіны. Гэтая пазыцыя была сфармаваная яшчэ ў 2008 годзе, калі з-за пярэчаньняў Нямеччыны і Францыі Ўкраіне і Грузіі не далі плян дзеяньняў дасягненьня сяброўства ў НАТО, але пацьвердзілі, што дзьверы альянсу ў прынцыпе адчыненыя. Цяпер Украіна робіць досыць сур’ёзныя пераўтварэньні ў вайсковай сфэры, але ня варта забываць, што ўступ у НАТО прадугледжвае і палітычныя пераўтварэньні. Гэта вельмі складаны шлях, а Ўкраіна пры Януковічу яго фактычна прыпыніла. Цяпер яна рухаецца хутчэй.

Аднак будзем шчырымі — кансэнсусу наконт прыёму Ўкраіны ў склад НАТО сярод ягоных чальцоў няма. Наконт блізкага партнэрства — ёсьць. Што да сяброўства — то сварыцца з Расеяй з-за гэтага далёка ня ўсе краіны-ўдзельніцы альянсу гатовыя.

— Пра канфлікт на Данбасе сталі пісаць значна менш, чым раней. Такое ўражаньне, што людзі да яго прызвычаіліся. Плюс людзей пераканалі, што адбылося замірэньне і страляніна скончылася. Але нядаўна я быў шакаваны, калі прачытаў, што колькасьць ахвяраў канфлікту за апошні месяц была ці не найбольшая за доўгі час. Што там адбываецца?

— Сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, працягваюць правакацыі супраць украінскай арміі. Яна адказвае ім, скажам так, не настолькі магутна, наколькі можа. І там гінуць людзі. Мы назіраем, што Расея не прыпыняе ўмяшаньне на Данбасе. І разам з тым Уладзімер Пуцін другі раз за тыдзень тэлефануе Ангеле Мэркель і Франсуа Алянду і патрабуе ад іх «паўплываць» на Ўкраіну, бо расейская прапаганда кажа пра нейкі наступ украінскіх войскаў на Данбасе. Зразумела, што ў сучасных умовах зьдзейсьніць такі наступ немагчыма, і гэта, я б сказаў, расейская хлусьня.

— Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў, што ягоная краіна ініцыюе абмеркаваньне пытаньня стварэньня адзінай эканамічнай прасторы краінамі Ўсходняга партнэрства — Украінай, Грузіяй, Малдовай, Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю. Пра гэта міністар паведаміў у панядзелак на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве. У Беларусі экспэрты ацанілі гэта як даволі ўтапічную на сёньня ідэю, бо Беларусь уваходзіць у розныя эканамічныя структуры разам з Расеяй. Магчыма, пэўны позірк у будучыню. Наколькі сур’ёзна Ўкраіна прапануе такую эканамічную зону, ці гэта была, хутчэй, выпадковая заява?

— Наўрад ці міністар замежных спраў робіць выпадковыя заявы. Я думаю, тут размова ідзе пра наступнае. Краіны постсавецкай прасторы маюць будаваць свае эканамічныя адносіны без азіраньня на Расею. Так, Беларусь, як і Казахстан, Армэнія, сёньня сябра Эўразійскага саюзу. Але я далёка ня ўпэўнены, што яны ад гэтага атрымліваюць эканамічную выгаду. Таму будаваць эканамічныя адносіны бяз чыньніку Расеі я лічу надзвычай патрэбным.

— Расея разьмяшчае свае войскі непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай — адна частка, бліжэй да Ўкраіны, у Клінцах, другая будзе на беларускім кірунку каля Смаленску. Як з гэтага пункту гледжаньня ва Ўкраіне ставяцца да пазыцыі афіцыйнага Менску? Па-ранейшаму лічаць, што яна застанецца нэўтральнай, ці гэтае меркаваньне зьмянілася на тое, што Менск можа падпасьці пад большую ваенна-стратэгічную залежнасьць ад Масквы?

— На сёньня ва Ўкраіне ёсьць такое бачаньне, што Беларусь працягне манэўраваньне паміж Расеяй, зь якой яна ў АДКБ, і Ўкраінай, зь якой у Менску даволі плённае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва і якой Беларусь пастаўляла паліўна-энэргетычныя матэрыялы ў 2014 годзе.

Лукашэнка на Дні Незалежнасьці Беларусі агучыў неабходнасьць павелічэньня магутнасьці беларускага войска, і гэта павінна падкрэсьліць ягонае жаданьне весьці ўласную ваенна-палітычную гульню. Наколькі я разумею думкі ў Кіеве, то тут ня лічаць, што за прэзыдэнцтвам Лукашэнкі Беларусь можа стаць пляцдармам для расейскай агрэсіі. Сцэнарый агрэсіі можа ўключыцца ў тым выпадку, калі ўлада ў Менску зьменіцца і да яе прыйдуць больш прарасейскія людзі. А Лукашэнка, на маю думку, працягне палітыку манэўраваньня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG