Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі амбасадар піша вершы і перакладае беларускіх паэтаў


Эвалдас Ігнатавічус (Evaldas Ignatavičius)

Эвалдас Ігнатавічус (Evaldas Ignatavičius)

Інтэрвію з амбасадарам Літвы ў Беларусі Эвалдасам Ігнатавічусам з нагоды Тыдня літоўскага кіно — пра мастацтва, паэзію, палітыку і эканоміку.

У Горадні пачаўся тыдзень літоўскага кіно. Да яго прымеркавалі выставу кінаплякату з фондаў Музэю тэатру, музыкі і кіно ў Вільні. Плякаты можна ўбачыць у кінатэатры «Чырвоная зорка», самым старым у Беларусі.

У адкрыцьці ўзялі ўдзел амбасадар Літвы ў Менску Эвалдас Ігнатавічус і генэральны консул гэтай краіны ў Горадні Генадыюс Мацкяліс.

Эвалдас Ігнатавічус адказаў на пытаньні Свабоды.

— Што сёньня можа непакоіць у адносінах паміж Беларусьсю і Літвой?

— Нас, натуральна, хвалюе будаўніцтва атамнай станцыі, як павінна хваляваць і хвалюе, я думаю, беларусаў: каб яна была бясьпечная, каб усё было добра. Я думаю, гэта ня можа не хваляваць, асабліва пасьля апошніх падзеяў, тэрактаў. У гэтым сьвеце мы ня можам адчуваць сябе ў бясьпецы. І гэта трэба разумець.

Хвалюе сытуацыя на мяжы, гэтыя чэргі ніяк не зьмяншаюцца. Хацелася б, каб візы сталі таньнейшыя для беларусаў. Ну, а для літоўцаў каб урэшце яны сталі бясплатныя, а потым зусім зьніклі. Ёсьць нейкія бытавыя праблемы, нейкія бар’еры ў гандлі, якія трэба прыбіраць. Але ўвогуле я думаю, што нашы адносіны добрыя. Нашы кантакты цяпер разьвіваюцца па ўзыходзячай, асабліва ў культуры. Толькі за апошні тыдзень тры літоўскія міністры наведалі Беларусь.

Літоўскія фільмы былі на кінафэстывалі «Лістапад», заплянавана шмат мерапрыемстваў, прысьвечаных Агінскаму. Адчуваецца, што няма закрытасьці, што ёсьць добрае суседзтва, я думаю.

— Вы пішаце вершы, друкуецеся ў сябе ў Літве. Цяпер займацца паэзіяй не выходзіць на такой адказнай пасадзе?

— Патроху выходзіць, пішу вершы, штосьці перакладаю, хтосьці мяне перакладае. Арганізуем сустрэчы літоўскіх і беларускіх паэтаў. Толькі што прыяжджалі зь Літвы чатыры паэты на вечарыну ў кнігарні Логвінава ў Менску. Рыхтуем новыя сустрэчы. На паэтычны тыдзень у наступным годзе ў лютым зноў прыедуць літоўскія аўтары. І затым на «вясну паэзіі» прыедуць у Літву беларускія. Наколькі ўдаецца, я стараюся ў гэтым таксама ўдзельнічаць.

— Каго зь беларусаў вы перакладаеце?

— Перакладаў Адама Глобуса, Юлію Цімафееву, Сабіну Брыло. І яшчэ некалькіх аўтараў па колькі вершаў. Таксама перакладаў Уладзімера Арлова.

— У Горадні вы выступалі на сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі пяць гадоў таму. У прыватнасьці, знаёмілі са сваімі «дэмбельскімі», салдацкімі вершамі, напісанымі некалі на расейскай мове. Вы іх не публікавалі?

— Не, не публікаваў, гэта як бы зусім іншае жыцьцё. Яно засталося ў тым часе, калі я ў Царскім Сяле (пад Ленінградам) служыў у арміі. Тады быў час перабудовы, час публічнасьці, былі адкрытыя новыя імёны. У рускай паэзіі, у літоўскай. Увогуле ўсё, што было раней забаронена. І гэта стала вынікам усяго прачытанага, перажытага тады і ўплываў расейскамоўнай паэзіі на мяне. Але гэта не было настолькі добрай, якаснай паэзіяй, каб варта было публікаваць.

— На ваш погляд, у чым слабасьць беларусаў у іхнім стаўленьні да Вялікага Княства Літоўскага, да яго спадчыны?

Мы ня толькі карысталіся нейкімі дабротамі, якія прыходзілі з Эўропы, — мы таксама стваралі гэтую Эўропу

— Погляд беларусаў на Вялікае Княства Літоўскае вельмі неаднолькавы. Ёсьць гісторыкі, якія глядзяць аб’ектыўна, як на важную частку беларускай гісторыі. Ёсьць людзі, якія схільныя дзяліць: гэта наша беларускае, а нешта там — літоўскае або польскае. І стараюцца прыватызаваць як можна больш гісторыі. Або пэўных асобаў, як Міхала Клеафаса Агінскага, юбілей якога мы сьвяткуем цяпер. Гэта натуральна, мы гэта таксама перажывалі некалі, гэта нараджэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта пытаньні, зьвязаныя зь беларускай мовай, якая блізкая той мове, на якой пісалі, напрыклад, старадаўнія статуты Вялікага Княства Літоўскага. Гэта значыць, шмат яшчэ такога браджэньня, нараджэньня нацыянальных ідэяў.

І я даволі спакойна на гэта гляджу, толькі я заўсёды кажу: ня трэба браць, дзяліць штосьці, старацца адбіраць, а трэба складаць, памнажаць, паказваць сьвету, Эўропе. Разумеючы, што мы частка той самай Эўропы, што мы ня толькі карысталіся нейкімі дабротамі, якія прыходзілі з Эўропы, — мы таксама стваралі гэтую Эўропу. І такія імёны, як Міхал Клеафас Агінскі, Адам Міцкевіч, Чэслаў Мілаш — толькі сьведчаньне таму.

Мы не павінны адчуваць нейкага комплексу непаўнавартасьці, даказваць, што мы эўрапейцы. Часам у Беларусі гаворыцца: вось мы тут, а там Эўропа. А зь іншага боку, часам гавораць, што Беларусь — гэта цэнтар Эўропы. Але нам ня трэба кідацца з крайнасьці ў крайнасьць. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага тады стане натуральнай часткай гісторыі Літвы, гісторыі Беларусі. Калісьці мы адкідалі частку яе — усё, што зьвязвала нас з Польшчай, лічылася дрэнным. Але нельга так падзяляць гісторыю: гэта нам падабаецца, а гэта — не. Я думаю, што трэба глядзець аб’ектыўна.

— У Літве можна часта пачуць, што Адам Міцкевіч — літоўскі паэт. Так гэта ці не? Чый ён?

— А Міцкевіч наш агульны эўрапейскі паэт, наша агульная велічыня. Тады, калі ён жыў, такіх паняцьцяў не было — літовец, беларус, паляк. Раней былі грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага. І ён лічыў сябе грамадзянінам гэтай мультыкультурнай тэрыторыі, і ў яго такога пытаньня не ўзьнікала.

XS
SM
MD
LG