Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрабачаньне-2015: чарговая спроба трапіць у фармат


Uzari&Maimuna

Uzari&Maimuna

Сёньня ў сталіцы Аўстрыі распачынаецца юбілейны, 60-ты па ліку сьпеўны конкурс «Эўрабачаньне-2015». Пад нумарам 11 у першым паўфінале зь песьняй «Time» выступіць беларускі дуэт Uzari&Maimuna.

Па выніках галасаваньня ў фінальную стадыю кваліфікуецца дзясятка лепшых, другі паўфінал паводле аналягічных правілаў адбудзецца 21 траўня. Агулам у імпрэзе бяруць удзел 40 краінаў, уключна з дэбютантам, які прадстаўляе іншы край сьвету — Аўстралію.

Пачынаючы ад 2004 году, для Беларусі гэта ўжо 12-я спроба прадэманстраваць сваю эўрапейскасьць музычнаму сьвету. Справа адразу ж атрымала высокі дзяржаўны патранаж, удзелу ў імпрэзе надавалася стратэгічная значнасьць. Але пакуль, апроч лякальных скандалаў, гучна заявіць пра сябе не ўдаецца — за выключэньнем, бадай, годнага 6-га месца Дзьмітрыя Калдуна ў 2007-м у Хэльсынкі.

Узаемныя абвінавачаньні ў несумленнай гульні суправаджаюць нацыянальныя адборы ад самага пачатку. Пасьля першага ў сваёй гісторыі дэлегаваньня на «Эўрабачаньне» дуэта «Аляксандра і Канстанцін» пра фальсыфікацыі тэлефоннага галасаваньня заявіў штаб іншай канкурсанткі — Натальлі Падольскай.

Незадаволенасьць падазронымі вынікамі, якія выводзілі ў сьвет ня лепшых, а «блатных», гучала і ў наступныя гады. Урэшце да расьсьледаваньня «махінацыяў з галасамі» далучыўся Аляксандар Лукашэнка: у 2012-м была створаная адмысловая камісія, якая прызнала факт падтасоўкі на карысьць Алены Ланской — вылучэнкі праўладнага бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна. Сілавым рашэньнем кіраўнік краіны выправіў у Баку гурт Litesound. Зрэшты, на наступны год Ланская ўсё ж свайго дамаглася і зьезьдзіла ў Мальмё.

Між тым, як кажа саліст Litesound Дзьмітры Каракін, ня лепшыя ўражаньні засталіся і ад самога «Эўрабачаньня», дзе працэдура вызначэньня лепшых зразумелая не для ўсіх:

Litesound на Эўрабачаньні

Litesound на Эўрабачаньні

«Вялізным расчараваньнем было, калі, памятаеце, ладзіліся галасаваньні на нашых „Эўрафэстах“. Звычайнай справай было, калі людзі скардзіліся, што ня могуць датэлефанавацца. І гэта з году ў год, мы ўсё ж пяць разоў у адборах удзельнічалі. Але, разумееце, прыяжджаеш на „Эўрабачаньне“ — і там адбываецца фактычна тое ж самае! Бо калі людзі з розных краінаў пішуць у Фэйсбук адно і тое ж — нельга датэлефанавацца, каб аддаць голас, — гэта насьцярожвае. Маўляў, за Ларын галасы праходзяць, за вас — не. Я ня маю нічога супраць Ларын, у яе быў цудоўны нумар, яна цудоўная сьпявачка. Але тое, што нельга было дазваніцца ні за нас, ні за іншых, дык выглядала вельмі дзіўна.

Да таго ж галасаваньне журы адбываецца за дзень да галасаваньня тэлегледачоў, то бок яны галасуюць асобна, а не адначасова, як нібыта павінна быць. Чаму так — ніхто толкам патлумачыць ня можа. Карацей, пасьля ўсіх гэтых фактараў, калі разумееш, што і конкурс насамрэч ня вельмі папулярны ў Эўропе, і такія вось незразумелыя мэтамарфозы адбываюцца, робіцца папросту нецікава. Разумееш, што ў людзей з Эўрапейскага вяшчальнага саюзу гэта такі вялікі бізнэс: зарабляюць на сваім аўтарытэце, на конкурсе, які яны прыдумалі і цяпер усім паказваюць, кажуць, як гэта крута».

Летась гісторыя супрацьстаяньня паўтарылася. Прынамсі на пачатковым этапе: скаргу на імя Лукашэнкі накіравалі сьпявак Макс Лоўрэнс і гітарыст ДзіДзюЛя, якія выступалі ў адной зьвязцы. Прэтэндэнты абураліся: маўляў, набралі найбольш глядацкіх галасоў, але журы аднаасобна вырашыла, што Беларусь у Капэнгагене мае прадстаўляць Тео. Праўда, тым разам Лукашэнка захаваў нэўтралітэт.

Сёлетні адбор таксама не абышоўся без скандалу. Рашэньне прызнаць пераможцам адмыслова створаны пад «Эўрабачаньне-2015» праект Uzari&Maimuna абурыў беларускага нарвэжца, эўратрыюмфатара ўзору 2009 году Аляксандра Рыбака, які апекаваўся гёрлз-бэндам «Мілкі». Пасьля агалошваньня вынікаў Рыбак выказаў недавер журы на чале з кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам і заявіў, што больш ня хоча мець ніякіх спраў з такім шоў-бізнэсам.

Такім чынам, змагацца за карону «Эўрабачаньня» сёньня ў Вене пачнуць скрыпачка Маймуна і кампазытар Юры Наўроцкі, аб’яднаныя творчым псэўданімам Uzari&Maimuna.

Але яшчэ да конкурснага выступу іхнія шанцы на посьпех знаўцы ацэньваюць як «прывідныя». Такой думкі, у прыватнасьці, трымаецца папулярны ў 1990-х фронтмэн рок-гурту Rouble Zone Алег «Джагер» Мінакоў. Музыка даўно перабраўся ў Эўропу, жыве ў Бэльгіі і засмучаны паталягічнай нефарматнасьцю фіналістаў нацыянальнага адбору:

«Я дуэт Uzari&Maimuna адмыслова не ацэньваў. Скажу шчыра, ад мінулага году ўвогуле перастаў асабліва цікавіцца гэтай справай. Дзесьці аддалена слухаў песьню, але моцна нават не ўслухоўваўся. Нічога ўцямнага наконт гэтага году сказаць не магу. Але я больш чым перакананы: гэта будзе „хлоп“, нічога добрага не чакаецца. Справа ў тым, што цяпер якая зьявілася тэндэнцыя ў „Эўрабачаньні“? Груба кажучы, калі сказаць літаральна адным словам, то трэба зьдзіўляць. Усё! Ты мусіш папросту зьдзівіць.

Таму тут які варыянт? Або ты робіш нейкую песьню, якую раптам, як „Ватэрлоо“ ад АВВА, падхопіць увесь сьвет, ці як калісьці прагрымела „Kisses For Me“. То бок — песьні, якія адным махам зрабіліся гітамі, проста бах — і народ палюбіў. Або застаецца зьдзіўляць людзей нейкім новым стылем, чымсьці экстраардынарным. Правакацыю несьці, як летась зрабіў аўстрыец Томас Нойвірт. І калі хочаш ведаць адказ на пытаньне — хто б мог уклініцца зь беларусаў — дык толькі IOWA. Яны рэальна здольныя паставіць гэта на іншы ўзровень. У дачыненьні да „Эўрабачаньня“ гэта цяпер самы афігіцельны беларускі праект. Гэта фірма, пад якую засталося толькі зрабіць якасны пакунак».

Падрабязнае інтэрвію з Алегам Мінаковым пра прычыны няўдачаў беларусаў на культурным, сацыяльным і палітычным франтах — заўтра на сайце і ў эфіры Свабоды.

Maimuna (Маймуна) нарадзілася ў 1980 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Яе маці — беларуска, бацька з Малі. Неўзабаве пасьля нараджэньня дачкі сям’я пераехала ў Афрыку, аднак у 4 гады арганізм Маймуны перастаў спраўляцца з гарачынёй і дзяўчынку адправілі да бабулі на Магілёўшчыну. У школе сур’ёзна займалася музыкай, віртуозная скрыпачка. У 19-гадовым узросьце стала стыпэндыятам прэзыдэнцкага фонду ў падтрымку таленавітай моладзі, а яшчэ праз чатыры гады — канцэртмайстрам прэзыдэнцкага аркестру. Ляўрэатка міжнародных конкурсаў.

Uzari (Юры Наўроцкі) нарадзіўся ў 1991 годзе ў Менску, кампазытар, выканаўца ўласных песень. Браў удзел у фіналах нацыянальных адбораў да «Эўрабачаньня» ў 2012 і 2013 гадах, ляўрэат міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў «Новая волна» ў латвійскай Юрмале. Аўтар аранжыроўкі кампазыцыі для юнай сьпявачкі Надзеі Місяковай, якая брала ўдзел у дзіцячым «Эўрабачаньні-2014».

XS
SM
MD
LG