Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз сёньня можа адмяніць санкцыі супраць беларускіх уладаў. Але ня ўсе


15 лютага Рада Эўрапейскага Зьвязу будзе вырашаць далейшы лёс санкцыяў (у тэрміналёгіі эўрапейцаў — абмежавальных захадаў) супраць уладаў Беларусі.

Беларускае пытаньне ўнесенае ў парадак дня сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў, паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Эўразьвязу. І дадалі, што сваю гатоўнасьць удзельнічаць у яго абмеркаваньні пацьвердзілі прадстаўнікі ўсіх 28 краін Эўразьвязу.

«Чакаць вялікай дыскусіі па беларускім пытаньні неверагодна», — кажа Свабодзе сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Такія рашэньні прымаюцца кансэнсусам. Але ў Эўразьвязе прынцып кансэнсусу не азначае, што там няма краінаў, якія выступаюць супраць нейкага канкрэтнага рашэньня. Таму гэты прынцып прадугледжвае больш грунтоўную падрыхтоўчую працу, каб нейкім чынам улічыць розныя думкі. Менавіта таму за апошні тыдзень і адбылося так шмат візытаў у Менск дыпляматаў з шэрагу краін Эўразьвязу.

На самой Радзе міністраў рэдка адбываюцца дэбаты. Пераканаць партнэраў, што трэба зрабіць менавіта гэтак, — гэтым чыноўнікі займаюцца раней. Яны якраз і шукаюць кампрамісныя варыянты. Таму я думаю, што ў панядзелак адзіны праект рашэньня будзе ляжаць перад кожным міністрам. І фактычна адбудзецца толькі так званае тэхнічнае галасаваньне».

На сёньняшні дзень сытуацыя з санкцыямі наступная: 29 кастрычніка 2015 году іх прыпынілі на чатыры месяцы адносна 171 фізычнай асобы і 10 юрыдычных. Гэта, напрыклад, асабіста Аляксандар Лукашэнка, ягоныя сыны — Віктар і Дзьмітры, старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Валеры Вакульчык, кампаніі «Белтэхэкспарт», «Трайпл», «Белтэх Холдынг»... Санкцыі не замарозілі толькі для чатырох асобаў, якіх Эўразьвяз лічыць датычнымі да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў. Гэта Ўладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман.

Тэарэтычна ў Брусэля існуюць тры варыянты сёньняшняга рашэньня. Першы — вярнуцца да першапачатковага стану і зноў працягнуць санкцыі адносна ўсіх 175 чалавек. Другі — скасаваць санкцыі цалкам. Трэці — працягнуць тэрмін «замарозкі» дзеяньня санкцыяў яшчэ на нейкі час. Напрыклад, да завяршэньня выбарчай парлямэнцкай кампаніі, то бок да кастрычніка 2016 году.

Але аналітыкі і палітолягі лічаць, што першы варыянт неверагодны. Таму застаецца выбіраць адно з двух — альбо канчатковая адмена санкцыяў для 171 асобы, альбо «замарозка» іх яшчэ на паўгода.

Беларуская апазыцыя просіць Эўразьвяз не сьпяшацца з поўнай адменай санкцыяў. Яна заяўляе пра неабходнасьць пакрокавай дарожнай мапы. Бо «толькі такі падыход можа забясьпечыць сыстэмнасьць дыялёгу». Важна таксама, каб крокі з боку Эўразьвязу «не былі аднабаковымі, каб быў пералік крокаў з боку беларускіх уладаў, што ў першую чаргу тычыцца паправак у выбарчае заканадаўства, Крымінальны кодэкс, закон аб СМІ».

Замежныя дыпляматы, якія на мінулым тыдні сустракаліся ў Менску з апазыцыянэрамі, традыцыйна абяцалі, што разьвіцьцё і ўмацаваньне моцнай грамадзянскай супольнасьці застаецца для іх адным з важных прыярытэтаў, яны будуць працягваць адсочваць сытуацыю з правамі чалавека і свабодамі ў Беларусі, у тым ліку падчас парлямэнцкіх выбараў. Аднак разам з тым яны казалі і пра «драматычныя зьмены, якія адбываюцца ў рэгіёне ў апошнія гады», а таксама пра «перадумовы новага старту ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу».

Сваю пазыцыю адносна адмены або падаўжэньня санкцыяў прадстаўнікі амаль усіх краінаў не канкрэтызавалі. Толькі генэральны сакратар аўстрыйскага міністэрства Міхаэль Лінхарт адназначна заявіў, што ягоная краіна будзе выступаць за адмену санкцыяў. Выступаючы на адкрыцьці амбасады Аўстрыі ў Менску, ён сказаў:

Міхаэль Лінхарт
Міхаэль Лінхарт

«Аўстрыя выступае за адмену санкцыяў. Я спадзяюся, што ў панядзелак, калі міністры замежных спраў Эўразьвязу будуць абмяркоўваць гэтае пытаньне, будзе зроблены рух менавіта ў гэты бок. Мы працуем у дадзеным пытаньні ва ўнісон зь Беларусьсю».

Ён адзначыў, што за апошні час Беларусь зрабіла багата крокаў і падала Захаду нямала пазытыўных сыгналаў. Гэтым і абгрунтоўваецца пазыцыя Аўстрыі наконт санкцыяў.

Ці падтрымаюць пазыцыю Аўстрыі калегі Міхаэля Лінхарта? Палітолягі прагназуюць, што ў падтрымку беларускіх уладаў могуць найперш выступіць Вугоршчына (на што намякнуў амбасадар Беларусі ў Бэльгіі і пры Эўразьвязе Андрэй Еўдачэнка) і Італія. Падобнай пазыцыі, мабыць, ня будуць супярэчыць краіны, якія, па вялікім рахунку, ня маюць асаблівай зацікаўленасьці ў Беларусі. Напрыклад, Гішпанія, Партугалія. З другога боку, супраць адмены санкцыяў могуць найперш выступіць Нідэрлянды, Вялікая Брытанія.

Віталь Рымашэўскі прагназуе наступны варыянт рашэньня:

«Найбольш верагодным выглядае так званы „польскі“ варыянт, які днямі агучылі ў сэйме.

Застануцца санкцыі супраць тых чатырох асобаў, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў амаль 20 гадоў таму. А ўсе астатнія пэрсанальныя санкцыі будуць зьнятыя. Для мяне гэта амаль відавочна, калі, канечне, ня здарыцца нейкага цуду.

Нягледзячы на тое, што ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць супраць поўнай адмены санкцыяў, трэнд у Эўропе цяпер такі, што пераважаюць геапалітычныя чыньнікі. Нават для тых краін, якія традыцыйна былі прынцыповымі ў дачыненьнях з аўтарытарнымі рэжымамі, кшталту рэжыму Лукашэнкі. Але і яны на тле вайны ва Ўкраіне, на тле новых расейскіх пагрозаў вымушана ідуць на саступкі Лукашэнку.

Вядома, у Эўразьвязе ёсьць і краіны, якія выступаюць супраць зьняцьця санкцыяў. Але падаецца, што іхны голас пераважаць ня будзе. Для мяне відавочна, што пазыцыя па Беларусі зьмянілася і ў Нямеччыны. Бэрлін заўжды моцна ўплываў і па-ранейшаму ўплывае ў Эўразьвязе. І, я думаю, немцы здолеюць пераканаць, напрыклад, Нідэрлянды і некаторыя іншыя дзяржавы, якія выступаюць супраць адмены санкцыяў.

Рашэньне аб адмене санкцыяў магла б заблякаваць Польшча. Але, мяркуючы па апошніх заявах, яна гэтага рабіць ня будзе».

12 лютага прадстаўнікі Эўразьвязу ў Брусэлі паведамілі Свабодзе, што ад наступнага месяца санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць зьнятыя. Паводле іх, найбольш імаверным выглядае далейшы варыянт санкцыяў, днямі агучаны намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Конрадам Шыманскім.

«Цяперашняя санкцыйная палітыка ў дачыненьні да Менску будзе зьведзеная да эмбарга на продаж зброі і скарачэньня санкцыйных сьпісаў да чатырох асобаў, якія былі непасрэдна датычныя да зьнікненьня апазыцыянэраў у 1999–2000 гадах», — цытавала Шыманскага Радыё Польшча.

Пры гэтым, паводле крыніцаў, Вугоршчына хоча дабіцца для сябе дазволу экспартаваць у Беларусь паляўнічыя і спартовыя стрэльбы. Аднак шэраг іншых краінаў выступаюць супраць, бо ня хочуць ствараць прэцэдэнт для іншых падобных выняткаў.

Прафэсар паліталёгіі ўнівэрсытэту ў Коўне Лаўрас Бялініс сказаў Свабодзе, што рашэньне па Беларусі, на ягоную думку, трэба прымаць зыходзячы з двух крытэраў — як паводзяць сябе беларускія ўлады на міжнароднай арэне і як— унутры краіны:

«Сытуацыя няпростая. З аднаго боку, мы бачым, што пазыцыя Беларусі ў зьнешняй палітыцы, асабліва адносна сваіх суседзяў, даволі ясная і зразумелая. Менск не падтрымаў Пуціна ў ягонай экспансіі супраць Украіны.

У гэтым выпадку Беларусь выступае як краіна, якая бачыць сучасныя тэндэнцыі разьвіцьця і якая хвалюецца, каб на яе не распаўсюдзіўся „русский мир“.

З другога боку, мне асабіста цяжка ацаніць цяперашнія паводзіны беларускіх уладаў адносна сваіх палітычных апанэнтаў унутры краіны. Але, зважаючы на тое, што паведамленьняў пра брутальнае абыходжаньне з апазыцыяй становіцца ўсё меней, мабыць, і тут ёсьць нейкія зрухі. Але нават калі гэта і так, то ўсё роўна гэтага пакуль мала.

Таму справа палітыкаў вырашыць, што ў гэтай сытуацыі будзе больш спрыяць дэмакратызацыі нашых суседзяў — поўная адмена санкцыяў ці толькі працяг іх замарозкі».

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Аглядальнік Паўлюк Быкоўскі кажа Свабодзе, што ня бачыць прынцыповай розьніцы паміж двума магчымымі рашэньнямі кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу:

«Беларускія чыноўнікі як дагэтуль езьдзілі па Эўропе, так і будуць езьдзіць. Міністэрства фінансаў як мела магчымасьць разьмяшчаць на рынку эўрабонды, так і будзе разьмяшчаць іх і надалей. Мінфін і Нацбанк як шукалі крэдытнай падтрымкі на Захадзе, так і будуць яе шукаць».

Цалкам верагодным лічыць спыненьне санкцыяў і афіцыйны Менск. Іх чатырохмесячнае прыпыненьне тут лічаць толькі прамежкавым крокам. Пра гэта некалькі разоў заяўляў міністар замежных спраў Уладзімер Макей, якому Лукашэнка даручыў праводзіць кантакты з Захадам нават па такіх непрымальных раней праблемах, як правы чалавека і выбарчыя працэдуры. А выступаючы на адкрыцьці аўстрыйскай амбасады, Макей публічна заявіў пра гатоўнасьць Менску да кампрамісаў. Уладзімер Макей падкрэсьліў, што дыялёг — не аднамомантавы працэс:

«Гэта працяглы шлях, і мы бачым сваю задачу ў тым, каб абмяркоўваць рашэньні, знаходзіць кампрамісы. Толькі праз кампрамісы можна знайсьці рашэньні складаных праблемаў».

Аналітыкі ацанілі гэтае выказваньне як сьведчаньне вельмі вялікай зацікаўленасьці афіцыйнага Менску ў размарожваньні дачыненьняў і, галоўнае, у зьняцьці санкцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG