Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пераконвае Беларусь у неабходнасьці праводзіць рэформы і абяцае дапамагчы


Адзін з арганізатараў форуму Павал Данейка (зьлева), Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін з арганізатараў форуму Павал Данейка (зьлева), Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

3 лістапада ў Менску адкрыўся чацьвёрты Кастрычніцкі эканамічны форум, місія якога — садзейнічаць эканамічным рэформам і эканамічнаму росту. Сёлета форум падтрыманы Эўрапейскім Зьвязам.

Зь вітальным словам адкрыла форум кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Яна сказала:

«Перад намі стаіць амбітная мэта дапамагчы Беларусі ў правядзеньні рэформаў. Мы павінны садзейнічаць трансфармацыі беларускай эканомікі. Эўразьвяз вельмі хвалюе эканамічнае становішча Беларусі, бо мы вашы суседзі, ваш найбуйнейшы партнэр і донар. Мы за тое, каб ва ўсім рэгіёне была стабільнасьць. Мы перакананыя, што менавіта разьвіцьцё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, прыватнага бізнэсу будзе спрыяць эканамічнаму разьвіцьцю вашай краіны. Я немка, і лічу, што менавіта малы і сярэдні бізнэс — хрыбетнік эканомікі.

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын і Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Рэбэрт Райлі

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын і Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Рэбэрт Райлі

Кастрычніцкі эканамічны форум — добрая плятформа для нацыянальнага кансэнсусу. Мы гатовыя вас падтрымліваць».

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў падкрэсьліў, што эканамічныя правілы мяняюцца, а чалавечыя адносіны нязьменныя. Ён адзначыў высокі ўзровень прадстаўніцтва Форуму, падзякаваў партнэрам, назваўшы ўсіх пайменна:

«Эфэктыўнасьць прыняцьця рашэньняў у многім вызначаецца выбарам. Для гэтага мы і зьбіраемся ў такім складзе і чакаем ідэяў».

Бас Бакер, старшы рэгіянальны прадстаўнік рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ, адзначыў, што эканоміка Беларусі ў рэцэсіі і што аднаўляць рост неабходна ня толькі за кошт дзяржаўных і зьнешніх інвэстыцыяў. Раней Беларусь атрымлівала танныя энэрганосьбіты, а цяпер рост павінен быць за кошт эфэктыўнасьці. Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы цяпер неэфэктыўныя, да таго ж у краіне няправільнае цэнаўтварэньне.

Неабходна рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, але пры гэтым павінна быць моцная сацыяльная абарона. Прыватныя кампаніі павінны прыняць да сябе працаўнікоў, якія будуць вызваленыя ў выніку рэструктурызацыі, лічыць спадар Бакер:

«Адсутнасьць рэформаў прывядзе да яшчэ большых выдаткаў. Давайце ўзгадаем прыклад Польшчы і Ўкраіны, якія мелі ў 1992 годзе прыкладна аднолькавы патэнцыял. Польшча пайшла на рэформы. Цяпер Польшча мае рост у тры разы большы, чым ва Ўкраіне. Калі паглядзець уначы на абедзьве краіны з вышыні, Польшча зіхаціць, як навагодняя ёлка, а ва Ўкраіне — ствараецца ўражаньне, што наагул выключылі сьвятло. Мы шчыра верым, што дапаможам правесьці рэформы ў Беларусі», — сказаў Бас Бакер.

Цікавасьць да форуму вялікая. Заля ня можа ўмясьціць усіх ахвотных. На форум прыйшло шмат прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу — новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, прадстаўнік Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі Санака Самарасінха ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG