Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя наступствы будуць мець крымінальныя справы адносна прыхільнікаў «рускага сьвету»?


Чаму беларускія ўлады раптам пачалі перасьлед прыхільнікаў «рускага сьвету»? Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія адносіны? Чаму гэтая крымінальная справа выклікала такія дыскусіі ў сацыяльных сетках? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Дасюль 20 гадоў беларускія ўлады з дапамогай праваахоўных органаў змагаліся зь беларускімі нацыяналістамі. І вось мы назіраем першы выпадак, калі затрыманыя два расейскія нацыяналісты, прыхільнікі «русского мира» — грамадзяне Беларусі Дзьмітры Алімкін і Юры Паўлавец. Сьледчы камітэт Беларусі афіцыйна паведаміў, што расьсьледуе крымінальныя справы, распачатыя паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).

Нагадаю, што па гэтым артыкуле толькі што скончыўся суд над беларускім нацыяналістам Эдуардам Пальчысам, якому прысудзілі адзін год і дзевяць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Цікава, як улады абставілі гэтае затрыманьне. Нібыта зь Міністэрства інфармацыі Беларусі ў Сьледчы камітэт паступіў зварот, была праведзена экспэртыза Рэспубліканскай экспэртнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) у ёй прыкмет праяўленьня экстрэмізму. Дзьмітры Алімкін і Юры Паўлавец друкаваліся на расейскіх інфармацыйных рэсурсах Regnum, Lenta.ru, Eadaily пад псэўданімамі Мікалая Радава, Паўла Юрынцава і Алы Бронь. Тое, што па псэўданімах вылічылі гэтых людзей, сьведчыць пра тое, што справай заняліся спэцслужбы.

Дзьмітры Алімкін, жыхар Берасьця, працуе вартаўніком у адной з устаноў адукацыі гораду, а Юры Паўлавец — выкладчык БДУІР.

Расейскія інтэрнэт-рэсурсы адрэагавалі на гэтае паведамленьне вельмі рэзка. Пішуць, што Беларусь ідзе па шляху Ўкраіны. Не выключаю, што хутка будзе абвешчана, што дзейная беларуская ўлада — гэта бандэраўская хунта.

Беларускія ўлады перайшлі пэўную рысу. Цяпер за беларусафобства будуць караць.

Цалкам рэальна, што Менск бярэ закладнікаў для торгу з Расеяй па іншых пытаньнях. Як гэта ён рабіў у перамовах з Захадам па пытаньні палітвязьняў. Нават калі так, то ўсё роўна створаны прэцэдэнт. Беларускія ўлады перайшлі пэўную рысу. Цяпер за беларусафобства будуць караць.

І цяпер больш зразумелай становіцца «справа Эдуарда Пальчыса». Лёгіка ўладаў такая: мы будзем змагацца з экстрэмізмам і распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці з усіх бакоў.

Узьнікае няпростае пытаньне перад праваабаронцамі. Ці ня маем мы справу з караньнем за свабоду поглядаў? Вось Вольга Карач ужо назвала гэтых затрыманых грамадзян палітвязьнямі. То бок палітычныя наступствы гэтых арыштаў будуць даволі значныя, і ўнутраныя, і замежнапалітычныя.

Глод: Падчас учорашняй гутаркі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком «Внешэкономбанка» Расеі я зьвярнуў увагу на такі сказ з вуснаў Лукашэнкі: «Пагадзіцеся, як бы мы ні былі з Расеяй дружныя, гэта іншая дзяржава». Можна рэагаваць на гэтыя словы выключна эканамічна. Маўляў, дзейнічайце толькі ў рамках законаў, але калі вы будзеце выходзіць за межы заканадаўства, то мы — іншая дзяржава. А можна, як мне падаецца, працягнуць гэтыя словы і далей, у тым сэнсе, што Беларусь усё болей адчувае сябе незалежнай ад Расеі дзяржавай.

Сёньня раніцай, калі я ішоў да мэтро, я сустрэў свайго добрага знаёмага. І мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. І мой знаёмы сказаў, што Лукашэнка беражэ сам сябе. Магчыма, у гэтым ёсьць сапраўдная сярмяжная праўда. Што раней казаў Лукашэнка? Расея — наш брат, мы ніколі ня здрадзім Расеі, Расея дапаможа ў выпадку чаго. А тое, што раней «русскому миру» ў Беларусі была поўная воля, сумневу няма. Гэта і Старыкаў, і Мільчакоў, і матацыклісты, і паралімпійцы, і прарасейскія ваенізаваныя суполкі, і праваслаўныя, хутчэй, прамаскоўныя сьвятары.

Лукашэнка, як кажуць, нутром чуе небясьпеку.

Але пасьля Ўкраіны сытуацыя прынцыпова зьмянілася. Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што Расея проста так ужо нікога ня выпусьціць з-пад свайго ўплыву. А Лукашэнка, як кажуць, нутром чуе небясьпеку. І ён асьцерагаецца, што рыхтуецца другі пасьля Ўкраіны акт агрэсіі. І калі раней у гэта мала хто верыў, маўляў, мы ж з Расеяй браты, то цяпер гэта выглядае сапраўднай пагрозай. Адсюль і намёкі на магчымае зьмяншэньне ўдзелу Беларусі ў Эўразійскім саюзе пры пэўных абставінах, і заява аб пераўзбраеньні арміі зброяй айчыннай вытворчасьці, і супольная беларуска-кітайская зброя — «Палянэз».

Я думаю, што з гледзішча беларускага кіраўніцтва экспансія «русского мира», у тым ліку ў інфармацыйнай сфэры, пачала пераходзіць чырвоную рысу. Таму, калі насуперак вялікай эканамічнай залежнасьці беларускія ўлады ўсё ж наважыліся на такія жорсткія дзеяньні, то гэта паказвае, што ва ўладных структурах ёсьць пачуцьцё небясьпекі з Усходу.

У арыштах гэтых прарасейскіх блогераў ёсьць відавочны палітычны падтэкст. Беручы пад увагу нядаўнія ток-шоў на расейскіх тэлеканалах і антыбеларускія публікацыі на досыць вядомых расейскіх рэсурсах, беларускія ўлады прымерваюць на сабе крымска-данбаскі сцэнар, якому спадарожнічала моцная інфармацыйная вайна. Пачуцьцё небясьпекі з Усходу ў беларускіх уладаў відавочна вырасла. У выніку, мне здаецца, было прынята рашэньне паслаць сыгнал Маскве, што мы будзем абараняць сваю інфармацыйную бясьпеку, а ўрэшце і нацыянальную бясьпеку Беларусі наогул.

Цыганкоў: Справа двух затрыманых выклікала гарачую дыскусію ў незалежных СМІ і сацсетках. Дыскусія ідзе вакол пытаньня: ці зьяўляецца арышт гэтых, як іх называюць, беларусафобаў — аўтараў сайту Regnum — правільным крокам уладаў і ці маюць рацыю тыя людзі, які называюць гэта парушэньнем правоў чалавека, а затрыманых — патэнцыйнымі палітвязьнямі? Як заўсёды ў такіх дыскусіях, жарсьці распальваюцца і ідзе чарговы падзел на тых, хто ўхваляе — гэта пераважная большасьць — і тых, хто асуджае.

І «прагрэсіўныя» беларусы выступаюць за вялікую ролю дзяржавы, але каб гэтая роля была правільная.

Чаго сапраўды беларусы хочуць ад дзяржавы? Яны хочуць, каб яна была «правільнай», то бок калі па адным і тым жа артыкуле яна арыштоўвае патрыётаў, як Пальчыса, то гэта асуджаецца і ўспрымаецца як наступ на правы чалавека і свабоду слова. А калі арыштоўваюць беларусафобаў, тады такія дзеяньні дзяржавы апраўдваюцца. Мне здаецца, сам падыход да гэтай тэмы не зусім правільны. Мы павінны абмяркоўваць увогуле, што беларуская дзяржава мае занадта шмат моцы, сілавыя структуры і прапагандысцкія занадта магутныя, увогуле роля дзяржаўных інстытутаў у Беларусі занадта вялікая. Гэта падтрымліваецца большасьцю беларусаў, ня толькі прыхільнікамі Лукашэнкі, але і іншымі, якія таксама любяць магутнасьць дзяржавы і калі тая праяўляе яе ў «правільным» кірунку. Любое аслабленьне дзяржавы, зьмяншэньне яе ролі, за што выступаюць лібэралы, на самой справе не ўспрымаецца. Такім чынам, і «прагрэсіўныя» беларусы выступаюць за вялікую ролю дзяржавы, але каб гэтая роля была правільная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG