Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразійскі праект — гэта тупіковы шлях для Беларусі


Білборд у Менску, архіўнае фота

Білборд у Менску, архіўнае фота

2 красавіка афіцыйна адзначаецца як «дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі». Ці можна сьцьвярджаць, што ў апошнія гады працэсы гэтак званай інтэграцыі, стварэньня новых структураў ужо не нясуць пагрозаў беларускай незалежнасьці і не выклікаюць засьцярогаў нават у дэмакратычных актывістаў? Ці, наадварот, стварэньне Эўразійскага зьвязу стала пэўнай мяжой, якая азначае новую пагрозу беларускаму сувэрэнітэту?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар часопіса «Валер БулгакаўАрхэ» Валер Булгакаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цалкам перадачу можна паслухаць тут:

Тэкст перадачы ў скароце

Цыганкоў: Апошнія гады грамадзкая думка, здаецца, прызвычаілася ня бачыць нейкіх асаблівых новых матываў у беларуска-расейскай інтэграцыі. Амаль за 20 гадоў, пачынаючы ад 1996-га, гэты працэс (інтэграцыі) ужо стабільна выклікае нават у палітычна актыўных грамадзян пэўны скепсіс. Маўляў, палітычныя гульні, і нічога кардынальна новага там не адбываецца. Але ці можна так лічыць? Ці ня стала стварэньне Эўразійскага саюзу, які афіцыйна пачаў дзейнічаць 1 студзеня, пэўнай мяжой у гэтым сэнсе? І Эўразійскі саюз Беларусі, Расеі і Казахстану — нейкае рэальнае ўтварэньне, у адрозьненьне ад папярэдніх?

Класкоўскі: У межах розных «двоек» у Лукашэнкі, наадварот, было менш шанцаў процістаяць Расеі. А цяпер у Эўразійскім саюзе болей гульцоў — Казахстан, Армэнія, на падыходзе Кіргізстан. І чыста тэарэтычна большы абсяг для манэўру, можна ствараць нейкія хаўрусы супраць Крамля. Але насамрэч праблема ў тым, што кожны цягне коўдру ў свой бок і кожны гатовы саскочыць, калі Масква пакажа нейкі пернік. І ўсе спадзяюцца на датацыі ад Масквы, што для Лукашэнкі таксама мінус, бо меней пернікаў яму.

Але галоўная бяда ў тым, што ўсё больш несамастойнай становіцца беларуская эканоміка, і, адпаведна, іншага выйсьця, акрамя як кланяцца Маскве, — няма.

Валер Булгакаў

Валер Булгакаў

Булгакаў: Добра тое, што ранейшы фармат беларуска-расейскіх адносінаў, які запачаткаваў Лукашэнка ў сярэдзіне 90-х, фактычна згорнуты і здадзены ў архіў гісторыі. Нагадаю, што ў канцы 90-х мэдыі, прапаганда даносілі да грамадзтва думку, што да аб’яднаньня ў адну дзяржаву застаюцца лічаныя месяцы і што неўзабаве Беларусь як суб’ект міжнароднага права перастане існаваць. Але так сталася, што аб’яднаньня не адбылося, і цяпер мы фіксуем, што гэтая ідэя адышла на другі плян, яна больш не актуальная.

Зь іншага боку, якасна зьмяніліся геапалітычныя амбіцыі Расеі. Калі яшчэ 15 гадоў таму яна была занятая прадухіленьнем сваіх унутраных крызісаў, то апошнія некалькі гадоў былыя імпэрскія мары і траўмы вярэдзяць душу расейскай палітычнай клясы. Цяпер яны спрабуюць стварыць нейкі альянс супраць НАТО, супраць эўрапейскай супольнасьці.

Цыганкоў: Апошнія месяцы ўсё часьцей, пераважна з Масквы, гучаць ідэі, якія пэўны час здаваліся забытымі — то пра агульную валюту, то пра вайсковыя базы, пра ўзмацненьне інтэграцыйных органаў. Наколькі ўдаецца Менску адбівацца ад гэтых прапановаў?

Класкоўскі: У Лукашэнкі ёсьць багаты досьвед тарпэдаваньня праекту адзінай валюты яшчэ ў межах саюзнай дзяржавы. Лукашэнка ў свой час афарыстычна сказаў, што «я па заробак у Маскву езьдзіць ня буду». Ён і Назарбаеў разумеюць, што гэта тая чырвоная рыса, дзе трэба супраціўляцца да апошняга. Уся гэтая інтэграцыя палягае ў тым, што Масква яе праплачвае. А калі Расея ня плаціць, то і «інтэграцыя» выходзіць анэмічная.

Я ня бачу ніякай трагедыі ў пераходзе нейкіх сэгмэнтаў эканомікі ў расейскія ці нейкія яшчэ рукі

Булгакаў: Я трымаюся досыць «крамольнага» падыходу, што незалежнасьць слаба зьвязаная з эканамічнымі актывамі і гігантамі прамысловасьці. Нацыянальная незалежнасьць зьвязаная перш за ўсё з нацыянальнымі інтарэсамі і нацыянальнай сьвядомасьцю. Таму я ня бачу ніякай трагедыі ў пераходзе нейкіх сэгмэнтаў эканомікі ў расейскія ці нейкія яшчэ рукі. Гэта адбываецца паўсюль у сьвеце, у многіх краінах, і праз гэта нейкай сур’ёзнай пагрозы незалежнасьці не адбываецца.

Незалежнасьць — гэта культурны код, нацыянальная сьвядомасьць, адчуваньне непарушнасьці той нацыянальнай традыцыі, да якой чалавек сябе далучае. У гэтым сэнсе незалежнасьць Беларусі як была хісткай, так і засталася.

Цыганкоў: То бок існаваньне Эўразійскага саюзу ня шмат уплывае на беларускую незалежнасьць, якая найперш у галовах, духу і традыцыях?

Булгакаў: Тут акурат адваротная залежнасьць. Каб у Беларусі панавала нацыянальная традыцыя — не было б ніякіх эўразійскіх саюзаў. Яны — гэта проста вынік таго, што беларусы не адчуваюць сваім базавым нацыянальным інтарэсам далучэньне да эўрапейскай прасторы.

Класкоўскі: Я б трошку паспрачаўся з такім «ідэалістычным» падыходам. Калі Масква скупіць усе актывы і пакіне толькі чырвона-зялёны сьцяг — дык адкуль тут возьмецца нацыянальны дух? Бяда ў тым, што сам па сабе Эўразійскі праект — гэта тупіковы шлях для Беларусі. І тут ня толькі ў эканоміцы справа. А ў тым, што Беларусь будзе знаходзіцца і ў інфармацыйным, і ў палітычным полі Расеі, будзе яе вайсковым пляцдармам — так ці іначай Расея будзе адразаць Беларусь ад цывілізаванага сьвету.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG