У сераду толькі на Марыюпальскім кірунку адбыліся 43 выпадкі парушэньня рэжыму спыненьня агню, гаворыцца ў ранішнім брыфінгу. У прыватнасьці, у раёнах Шырокіна і Вадзянога ўкраінскія пазыцыі былі абстраляныя са ствольнай артылерыі калібраў 122 і 152 мм, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.
На Данецкам кірунку зафіксавана 14 абстрэлаў, на Луганскім — яшчэ 15, сьцьвярджаюць украінскія вайскоўцы.
У групоўцы «ДНР» заяўляюць, што ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскіх вайскоўцаў у пасёлку Рабочае ў Пятроўскім раёне Данецку загарэўся жылы дом. У групоўцы «ЛНР» яшчэ не паведамлялі пра баявыя дзеяньні на працягу мінулага дня.
На лініі кантакту бакоў паміж свабоднай і акупаванай часткамі Данбасу ўжо некалькі разоў абвяшчаўся рэжым спыненьня агню (апошні раз зь 15 верасьня), але ён кожны раз парушаўся. Абстрэлы з рознай інтэнсіўнасьцю працягваюцца. Бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні рэжыму цішыні.