Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія інвэстары цярпяць ад непрадказальнасьці постсавецкай эканомікі


Абвал расейскага рубля і наступная дэвальвацыя беларускай нацыянальнай валюты істотна ўскладнілі жыцьцё інвэстарам, якія адважыліся ўкладаць у эканомікі пасьлясавецкіх краінаў. Замежныя бізнэсоўцы канстатуюць радыкальнае скарачэньне выручкі ў 2014 годзе і не глядзяць з аптымізмам на бліжэйшую пэрспэктыву.

За апошнія гады нямецкая карпарацыя Bosch уклала ва ўсходнеэўрапейскі рэгіён больш як 260 мільёнаў эўра. Ільвіная доля асела ў Расеі — у Самары, Саратаве, Энгельсе ды іншых гарадах паўсталі вытворчыя магутнасьці, арыентаваныя на насычэньне найперш постсавецкага таварнага рынку. Аднак, прызнаецца паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхард Пфайфэр, двухразовае абясцэньваньне расейскага рубля істотна адкарэктавала амбітныя пляны інвэстараў:

«На рынку ў нашым рэгіёне мы, на жаль, ня здолелі дасягнуць тых парамэтраў, якія чакаліся. Падчас афіцыйнай прэс-канфэрэнцыі 17 чэрвеня ў Маскве мы прадставім дакладныя лічбы, але ўжо сёньня магу адназначна сказаць: мы ня здолелі рэалізаваць нашы амбітныя пляны ў 2014 годзе. Прычына хаваецца перадусім у нечаканым спадзе расейскага рынку — у першую чаргу, у слабасьці расейскай валюты, у праблемах абменнага курсу. І цалкам заканамерна, што гэты спад, а таксама той факт, што рынак „прасеў“, распаўсюдзіўся на бліжэйшыя рэгіёны — Украіну, Беларусь і Казахстан. Дзеля справядлівасьці, у рублёвай масе мы адзначаем нават рост у параўнаньні з папярэднім годам (хоць і не настолькі сур’ёзны, як плянавалі). Але што тычыцца сумы ў эўра, — зразумела, што з-за абменнага курсу нашы парамэтры значна ніжэйшыя, чым летась».

Герхард Пфайфэр
Герхард Пфайфэр

Спадар Пфайфэр адзначае, што ва ўмовах зацяжнога крызісу, які ўзмацняюць заходнія санкцыі і далейшае падзеньне коштаў нафты, спадзявацца на аздараўленьне расейскай эканомікі наўрад ці выпадае. Таму прагнозы на 2015 год будуюцца зыходзячы з пэсымістычнага сцэнару:

«З улікам таго, што 80% усіх тавараў, якія мы прадаём, вырабляюцца не ў нашым рэгіёне, — зразумела, што мы вельмі моцна адчуваем ваганьні валютных курсаў. І перадусім з-за гэтых акалічнасьцяў 2014 год быў для нас надзвычай складаны. На падставе атрыманага досьведу мы перагледзелі нашы пляны і цяпер не чакаем такога значнага росту. Скажам так, па выніках 2015-га чакаем нашмат сьціплейшых паказнікаў. Але што ўсё ж нашмат важнейшае за лічбы, пра якія мы гаворым, — гэта тая доля рынку, якую мы цяпер заваёўваем».

Сьледам за расейскім рублём прагназавана «зьдзьмуўся» і беларускі — татальная залежнасьць эканомікі Беларусі ад расейскага донарства наўрад ці прадугледжвала іншую разьвязку. Больш як 30-працэнтнае абясцэньваньне беларускай валюты вымусіла дылераў замежных вытворцаў пераключыцца ў рэжым чаканьня. Генэральны дырэктар менскага прадстаўніцтва замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» Уладзімер Рыбалоўлеў кажа, што гандлёвыя прадстаўнікі проста ня ведаюць, як сябе паводзіць ва ўмовах непрадказальнасьці фінансавага рынку:

Уладзімер Рыбалоўлеў
Уладзімер Рыбалоўлеў

«Апошнія сустрэчы з нашымі дылерамі паказалі, што, з аднаго боку, асаблівай заклапочанасьці адносна зьмены коштаў няма. Але збольшага таму, што мяняць цэньнікі няма на што ў прынцыпе — тавару пакуль няма, усё на хвалі ажыятажу разабралі яшчэ перад Новым годам. Зь іншага боку, лягістыка такая, што нашы дылеры бяруць тавар са складу ў Маскве, і датычна той жа бытавой тэхнікі кошт вызначаецца ў Расеі і ў расейскіх рублях. Пакуль яшчэ ёсьць нейкія старыя запасы — усё больш-менш зразумела. Але як усё будзе выглядаць у новым пераліку ў эўра — сказаць цяжка. Дылеры пакуль нічога не бяруць, таму ня могуць сказаць, якая будзе цана нават у бліжэйшай пэрспэктыве. Людзі папросту не гатовыя так хутка ацаніць памеры таго, што адбылося, якія крокі рабіць далей».

Не без удзелу Расеі фактычна спаралізаваны яшчэ адзін стратэгічны рынак — украінскі. Герхард Пфайфэр прызнае, што ўсходняя частка Ўкраіны знаходзіцца фактычна ў «эканамічнай коме», і цяпер прыярытэтная задача — бясьпека людзей, задзейнічаных у структуры бізнэсу:

«Я не магу назваць нейкіх станоўчых момантаў адносна працы ва Ўкраіне, таму што эканоміка там у сур’ёзным заняпадзе. Само сабой, цяпер мы там сутыкаемся зь вельмі няпростай сытуацыяй, асабліва што тычыцца ўсходняга рэгіёну Ўкраіны, дзе наш бізнэс фактычна не функцыянуе — там папросту няма прамысловай актыўнасьці. Але самае галоўнае, што людзі, якія працуюць з намі, чальцы іх сем’яў знаходзяцца ў бясьпецы, у нас не было няшчасных выпадкаў. То бок непасрэднага ўплыву на здароўе нашых супрацоўнікаў і іх блізкіх мы пазьбеглі. Зразумела, што агульная сытуацыя ў 2014-м аказала ўплыў на наш бізнэс, і нашы вынікі адназначна ніжэйшыя за тыя, якіх мы чакалі. Таму для нас цяпер важныя ня столькі лічбы выручкі ад продажу ў рэгіёне, колькі бясьпека: нам нават давялося вывезьці асобных людзей з найбольш праблемных месцаў у іншыя, каб стварыць бясьпечныя ўмовы».

Карэспандэнт: «Спадар Пфайфэр, па якіх законах ваша кампанія працуе ў Крыме? Ці ёсьць там нейкая дзейнасьць увогуле?».

«Што тычыцца нашай дзейнасьці ў Крыме, то ўсё ня так проста. Паколькі наша афіцыйнае прадстаўніцтва адчыненае і працуе ў Кіеве і мы паважаем мясцовыя ўкраінскія законы, то рэкамэндацыямі адносна сытуацыі ў рэгіёне кіруемся выключна з боку Эўрапейскай камісіі».

Заходнія інвэстары цешаць сябе спадзяваньнямі, што любыя эканамічныя крызісы — зьява часовая, а значыць, рана ці позна мінаюць. Аднак на тле таго, што краіны Эўразьвязу рыхтуюць новы пакет санкцыяў супраць Расеі за агрэсію ва Ўкраіне, а кошты нафты паўзуць уніз, цяперашнія цяжкасьці могуць зацягнуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG