Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў Расею вызваліць Саўчанку


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да РФ вызваліць народнага дэпутата, сябра сталай дэлегацыі Ўкраіны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Надзею Саўчанку.

«Мы заклікаем неадкладна і без усялякіх умоў вызваліць Саўчанку і асуджаем яе незаконнае выкраданьне і зьняволеньне, якое працягваецца амаль год», гаворыцца ў рэзалюцыі.

Эўрапарлямэнт падкрэсьлівае, што «ўтрыманьне Саўчанкі як вязьня вайны ў Расеі зьяўляецца парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі», а тыя, хто адказны за гэта, «могуць адчуць на сабе дзеяньне міжнародных санкцый або юрыдычныя наступствы сваіх дзеяньняў».

У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра «надзвычай уразьлівы стан народнага дэпутата Ўкраіны, якая галадае ўжо больш за тры месяцы, а таксама ўскладаецца прамая адказнасьць за бясьпеку і жыцьцё Саўчанкі на расейскую ўладу».

У сувязі з гэтым эўрапарлямэнтары заклікаюць Расею дапусьціць да ўкраінскай лётчыцы прадстаўнікоў міжнародных гуманітарных арганізацый і незалежных міжнародных лекараў.

У Эўрапарлямэнце спадзяюцца, што прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер ФРГ Ангела Мэркель падымуць пытаньне пра вызваленьне Саўчанкі падчас наступнай сустрэчы кантактнай групы па пытаньнях імплемэнтацыі Менскіх дамоўленасьцяў у «нармандзкім фармаце».

«Вызваленьне Саўчанкі — гэта ня толькі неабходны крок для паляпшэньня адносін паміж Украінай і Расеяй, гэта таксама прадэманструе павагу з боку расейскай улады да фундамэнтальных правоў чалавека», — адзначаецца ў рэзалюцыі.

Эўрапарлямэнт таксама заклікаў РФ «неадкладна вызваліць усіх астатніх украінскіх грамадзян, уключна з украінскім рэжысэрам Алегам Сянцовым і Хайсэрам Джамілёвым, якія знаходзяцца ў незаконным турэмным зьняволеньні ў Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG