Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністрам войска ЗША ўпершыню стаў адкрыты гей


Эрык Фэнінг падчас абмеркаваньня кандыдатуры ў Сэнаце. Фота: Kevin Lamarque, Reuters

Эрык Фэнінг падчас абмеркаваньня кандыдатуры ў Сэнаце. Фота: Kevin Lamarque, Reuters

Раней палітык зь Мічыгану быў штатным супрацоўнікам Кангрэсу ЗША і кансультантам, займаў высокія пасады ў войску і паветраных сілах.

У аўторак Сэнат Кангрэсу Злучаных Штатаў зацьвердзіў на пасадзе міністра войска Эрыка Фэнінга, які не хавае сваёй нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Фэнінг стаў першым прадстаўніком сэксуальных меншасьцяў, які заняў адну з найвышэйшых пасадаў у амэрыканскіх узброеных сілах.

Цягам апошніх некалькіх гадоў Фэнінг займаў высокія пасады ў Міністэрстве абароны ЗША, у тым ліку быў намесьнікам міністра абароны. Зацьвярджэньне яго ў ролі міністра войска было ўспрынятае як важная падзея прадстаўнікамі ЛГБТ-руху.

«Гістарычнае зацьвярджэньне Эрыка Фэнінга на пасадзе міністра войска — дэманстрацыя працягу руху да раўнапраўя і справядлівасьці ў нашых узброеных сілах», — заявіў прэзыдэнт праваабарончай арганізацыі Human Rights Campaign Чад Грыфін. Гэтае рашэньне Сэнату віталі многія ўплывовыя сэнатары.

Прызначэньне Фэнінга на высокую пасаду ў Міністэрстве абароны — толькі адзін з крокаў прэзыдэнта Барака Абамы, у прэзыдэнцтва якога нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя перастала быць перашкодай для службы ў войску, а дзяржаўныя палёгкі былі распаўсюджаныя на аднаполыя шлюбныя пары.

XS
SM
MD
LG