Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Эрдагана ў Менск не адмяняецца, але пэўнасьці па датах няма


Рэджэп Эрдаган, архіўнае фота
Рэджэп Эрдаган, архіўнае фота

У красавіку 2016 году падчас саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які праходзіў у Стамбуле, Аляксандар Лукашэнка запрасіў прэзыдэнта Турэцкай Рэспублікі Рэджэпа Эрдагана наведаць Беларусь.

Прэзыдэнт Турэччыны заявіў пра гатоўнасьць наведаць Беларусь. Візыт шырока не анансаваўся, але пры канцы ліпеня ў Беларусі заплянаваны Беларуска-турэцкі бізнэс-форум, і чакалася, што на яго прыбудзе Эрдаган.

Прадстаўніца амбасады Турэччыны ў Беларусі паведаміла Радыё Свабода:

«На жаль, канкрэтна па датах візыту прэзыдэнта Турэччыны і правядзеньня бізнэс-форуму на сёньняшні дзень мы вас праінфармаваць ня можам. Рэкамэндуем сачыць за паведамленьнямі на афіцыйным сайце амбасады і на нашых старонках у сацыяльных сетках. Праца над дадзеным візытам вядзецца, але канкрэтна па праграме і датах цяпер нічога сказаць ня можам».

На сайце Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ёсьць паведамленьне:

«У межах візыту ў Рэспубліку Беларусь Прэзыдэнта Турэцкай Рэспублікі Р.Т.Эрдагана адбудзецца Беларуска-Турэцкі бізнэс-форум і кантактна-каапэрацыйная біржа паміж прадстаўнікамі беларускіх і турэцкіх дзелавых колаў. Месца правядзеньня, час пачатку бізнэс-форуму, а таксама склад дзелавой часткі дэлегацыі ўдакладняецца».

Анансуецца дата — 29 ліпеня.

Аляксандар Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле. Стамбул, красавік 2016 года
Аляксандар Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле. Стамбул, красавік 2016 года

Адказны за правядзеньне бізнэс-форуму Юры Андрыеўскі на пытаньне Радыё Свабода, ці адбудзецца Беларуска-турэцкі бізнэс-форум у зьвязку з апошнімі падзеямі ў Турэччыне, адказаў так:

«На сёньняшні дзень цяжка сказаць, таму што мы яшчэ не атрымалі ніякага адказу. Яны самі яшчэ ня ведаюць. Таму цягам бліжэйшых дзён нешта павінна канчаткова вырашыцца. Але пакуль рашэньня аб адмене ці пераносе не было. Так што сачыце за нашым сайтам».

У жніўні 2015 году ў Стамбуле прайшоў Беларускі інвэстыцыйны форум. На ім беларускі прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў сустрэўся з турэцкім прэзыдэнтам Эрдаганам. А сёлета падобны форум плянуецца ў Менску.

Чакаецца, што прэзыдэнт Турэччыны возьме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці саборнага мячэту ў Менску на скрыжаваньні вуліц Грыбаедава і Ігнаценкі. Мячэт будавалі больш за 10 гадоў.

Беларускі муфцій Абу-Бекір Шабановіч паведаміў, што на ўрачыстае адкрыцьцё мячэту ў Менску запрошаныя духавенства і афіцыйныя асобы Беларусі і іншых краінаў.

Афіцыйны Менск падтрымаў турэцкага прэзыдэнта падчас нядаўняй спробы перавароту. Аляксандар Лукашэнка выказаў салідарнасьць з Эрдаганам.

А літаральна за дзень да спробы перавароту, 15 ліпеня, у Анкары прайшлі кансультацыі паміж МЗС Беларусі і Турэччыны. Беларускую дэлегацыю ачольвала намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, турэцкі бок прадстаўляў намесьнік міністра замежных спраў Турэччыны Алі Кемаль Айдын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG