Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпічную настольную гульню, прысьвечаную Бітве пад Воршай, прэзэнтуюць у Менску


Празь 500 гадоў пасьля Бітвы пад Воршай, 8 верасьня ў менскай кнігарні «логвінаЎ» (праспэкт Незалежнасьці 37а) адбудзецца прэзэнтацыя эпічнай настольнай гульні «1514», якую рапрацавала арт-студыяй «PRAS». Пачатак у 18.00.

Падчас прэзэнтацыі можна будзе пагуляць у настолку і набыць гульню па зьніжаным кошце!

Гульня складаецца з гульнявога поля памерам А2 (420×594 мм), шасьці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэньня руху ды, адпаведна, прывілаў гульні.

Кожны элемэнт дызайну зроблены паводле гістарычных дакумэнтаў: на гульнявым полі зьмешчаны старажытны аршанскі замак, тагачасныя паселішчы, млыны і вайсковыя лягеры, а ў вокладцы і картках — рысункі вайсковага ўзбраеньня сярэднявечча.

Мэханіка і правілы гульні «1514»

Гульцы дзеляцца па камандах у цотнай колькасьці (могуць гуляць 2, 4 або 6 гульцоў) і вызначаюць, хто будзе літвінам, а хто маскоўцам. Далей гульцы атрымліваюць кожны па адной з 3-х фігур: пяхота, артылерыя, кавалерыя — ды кідаюць па чарзе кубік з лічбамі працягласьці ходу. Калі фігурка спынілася на чырвоным коле, гулец атрымлівае чырвоную картку (калі на чорным — чорную) і выконвае адпаведную задачу, пазначаную ў картцы.

У выпадку, калі фігурка спынілася на коле, дзе ўжо стаіць фігурка суперніка, адбываецца «бой» і фігурка суперніка, як абаронца, адыходзіць на адзін крок назад (бліжэй да свайго лягеру).

Настолка прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні ~45 хвілін, колькасьць гульцоў — 2, 4 альбо 6.

Задачы, якія прапануецца выканаць, маюць гістарычны падтэкст: што «удачы», што «няўдачы» — зьмяшчаюць у сабе інфармацыю, якая грунтуецца на сапраўдных падзеях і асаблівасьцях вайсковай справы сярэднявечча Ўсходняй Эўропы, але без указаньня асобаў і месцаў з мэтай зрабіць гульню больш унівэрсальнай.

Настольная гульня «1514» выдадзеная пры падтрымцы Радыё Свабода. Замовіць гульню ўжо можна сёньня на інтэрнэт-пляцоўцы symbal.by.

XS
SM
MD
LG