Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі абвінавацілі Расею ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары


Эмануэль Макрон (Emmanuel Macron)
Эмануэль Макрон (Emmanuel Macron)

Генэральны сакратар партыі «En Marche» («Наперад!») Рышар Фэран заявіў, што кандыдат гэтай партыі на выбарах прэзыдэнта Францыі Эмануэль Макрон зьяўляецца мішэньню расейскіх сродкаў інфармацыі і інтэрнэт-нападаў. Гэтыя дзеяньні Масквы маюць на мэце дапамагчы перадвыбарным кампаніям прыхільных Расеі кандыдатаў, лічаць у партыі Макрона.

Прамоўленая 13 лютага заява зьяўляецца першым абвешчаным партыяй «En Marche» прамым абвінавачаньнем Расеі ў спробе паўплываць на вынік травеньскіх выбараў.

Фэран, які сказаў, што Масква зьяўляецца прыхільніцай лідэркі ультраправых Марын Лё Пэн і правацэнтрысцкага кандыдата Франсуа Фіёна, заклікаў урад прыняць захады, каб гарантаваць адсутнасьць «замежнага ўмяшаньня» ў выбары.

Праводзячы паралель з ЗША, дзе спэцслужбы заявілі пра ўмяшаньне Крамля ў прэзыдэнцкія выбары, Рышар Фэран сказаў: «Амэрыканцы ўбачылі гэта, але занадта позна».

Фэран ў эфіры тэлеканалу France 2 сказаў, што расейскія сродкі масавай інфармацыі, такія, як RT або «Спутник», выступаюць супраць Макрона, таму што ён прыхільнік Эўрапейскага зьвязу. Гэтыя СМІ публікуюць «фэйкавыя навіны», напрыклад нібыта Макрон зьяўляецца марыянэткай амэрыканскіх элітаў, падкрэсьліў Фэран.

Былы сябра Сацыялістычнай партыі, Макрон у 2016 годзе вырашыў стварыць уласны рух «En Marche» і балятавацца ад яго ў прэзыдэнты Францыі. Свой рух ён называе цэнтрысцкім, аднак змагаецца і за левы, і за правы электарат.

Макрон цяпер прэтэндуе на выхад у другі тур выбараў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што Макрон пераможа, калі 7 мая падчас другога туру ягонай апанэнткай будзе лідэр «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн. Гэтая палітык настроеная супраць ЭЗ і падтрымлівае палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, у прыватнасьці лічыць законнай анэксію Крыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG