Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страшны дом» у Менску


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Калі мне сказалі, што мая сустрэча з чытачамі ў сталіцы адбудзецца ў доме, дзе жылі пісьменьнікі, у былой кватэры П.Броўкі, цяпер музэі, я на хвіліну разгубіўся.

Памятаю, яшчэ ў студэнцкія часы мы разглядалі шыльды на ім, і гаварылі адзін аднаму: тут жыве сам Караткевіч, у прыбудаваным, наступным доме, але яны ўспрымаліся як адзіны.

Я вырашыў пачаць з таго, што наўскасяк ад дому пісьменьнікаў была крама з пішучымі машынкамі, адна зь любімых. Аднойчы, гэта быў 1984 год, я набыў у ёй замежную друкарку, самую прыгожую і вельмі папулярную. «Зробленую на заводзе ў Бугойна, Босьнія і Гэрцагавіна», гэта радкі з майго вершаванага «Чарнагорскага дзёньніка». Каштавала яна нямала, але была патрэбная. Я толькі што закончыў унівэрсытэт, стаў маладым журналістам з пісьменьніцкімі амбіцыямі. Якім жа было расчараваньне, што машынкі ледзьве хапіла на дзесяць наступных гадоў. Друкаркі сталі непатрэбныя.

Гаспадыня музэю расказала, што нехта на экскурсіі па менскім цэнтры паказвае пісьменьніцкую камяніцу і каб прыцягнуць увагу да яе, называе «Страшным домам». Чаму страшным? Таму што жыхароў арыштоўвалі, расстрэльвалі, паяўляліся новыя, але іхні лёс быў таксама няпэўны. Што зробіш, гэта было элітнае жытло ў страшныя 1930-я.

Гэтая гісторыя мне была як знаходка. І, прадстаўляючы сваю апошнюю кнігу «Саргасава мора», я сказаў, што ў ёй ёсьць сугучнае апавяданьне — «Доступ да літар». Пра пісьменьнікаў і пішучыя машынкі. Друкарка была небясьпечным інструмэнтам. Іх арыштоўвалі разам з уладальнікам. Але самым дзіўным было, што зьяўляліся новыя і новыя ахвотнікі мець машынку, пісаць, друкавацца, не зважаючы на лёс.

Міхась Скобла дарэчы прыгадаў, што ў маёй ранейшай кнізе «Цэнзарскія нажніцы» былі «апавяданьні пішучай машынкі», дзе друкаркі былі таксама нібы жывымі асобамі. А Барыс Пятровіч, зь якім мы вучыліся на журфаку, зрабіў рэмарку: маёй першай машынкай быў «Ундэрвуд», аб якім у мяне ёсьць апавяданьне. І сапраўды. Яна пасьпела забыцца. Чаму? Калі мне, студэнту, спатрэбілася машынка, мне даў старую, яшчэ «трафэйную» былы вайсковы прыяцель. Калі мяне паслалі ў Горадню, я пакінуў цяжкую рэч у Менску ва ўчорашняга аднакурсьніка. І яе чамусьці, не спытаўшыся дазволу, забраў у Маскву іншы наш былы аднакурсьнік. Мяне гэта непрыемна ўразіла. Ехаць у тую Маскву забіраць? Я далей Оршы не бываў. Так узьнікла апавяданьне.

А зараз я вярнуся назад. Дзень прэзэнтацыі быў неспрыяльны: геамагнітная бура, пяць балаў, пахмурна, ёдкі дождж. Якой прыемнай нечаканасьцю стала, што за сто мэтраў да славутага дому пісьменьнікаў былі дзьверы кавярні. Я зайшоў. Зялёная гарбата, «макоўнік». Часу было няшмат. Музыка добрая, антураж з задумкай. Але я мог прыняць яго толькі адным «паўшар’ем», у другім была ціхая бура. Кавярня прысьвечаная маскоўскім пісьменьнікам брэжнеўскіх часоў. На сьцяне намаляваны вялікі «масквіч», на паліцах рэдкія «тоўстыя часопісы», але выключна «Москва», на падаконьні савецкая пішучая машынка. Не паленаваўся зірнуць на назву. Назва была іншай, не «Москва», хаця яна была самай растыражаванай, траплялася паўсюль. І самай таннай.

Я глядзеў у вакно і думаў: на другім баку вуліцы была славутая крама з пішучымі машынкамі, адзіная ў горадзе. Адзіная ў Беларусі! Але тым, хто рабіў кавярню, гэта невядома. Ды напэўна і нецікава. За вушы прыцягнутая нейкая там Масква. Хаця месца эксклюзіўнае, месца, дзе адбывалася гісторыя! Менская гісторыя, беларуская!

Дык пакажыце, калі хочацца савецкага рэтра, тагачасную сталіцу БССР. Калісьці мне замаўлялі для часопісу «Скарына» эсэ аб тым, чым мне запомніўся Менск дзяцінства. І я напісаў. І сёньня, прыехаўшы з Горадні, я быў бы зусім ня супраць пасядзець у кавярні, якая б мне нагадала пра дзяцінства. Прычым тут Масква? Ня ведаю.

Вельмі цікава, што да машынак гэта была крама сувэніраў Алімпіяды-80. Адзіная такая асобная ў Беларусі. А на галоўпаштамце рабілася алімпійскае спэцгашэньне. Вось вам — яшчэ адзін кавалак савецкіх часоў. Ня кажучы, што стадыён зусім недалёка, дзе адбываліся тым летам паасобныя футбольныя матчы.

Ну, а мець памяшканьне пад кавярню зусім побач з домам пісьменьнікаў, няхай «страшным домам» — гэта наогул рэдкая ўдача. Чым яны горшыя ад ананімнага маскоўскага літаратара, які насамрэч нават не прысутнічае? Побач з кавярняй жыў самы знакаміты беларускі пісьменьнік Уладзімір Караткевіч, гэта падарунак лёсу! «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Сівая легенда», «Чорны замак Альшанскі». Не чыталі, значыць?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG