Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25-годзьдзе наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону дае добрую падставу для рэфлексіі пра тое, што ж атрымалася з існаваньня незалежнай Беларусі цягам чвэрці стагодзьдзя. Розныя палітычныя сілы і аналітыкі робяць дыямэтральна часам супрацьлеглыя высновы. Адны кажуць пра трыюмф незалежнага існаваньня, ганарацца, што ўпершыню ў гісторыі беларусы змаглі ўзвысіцца да стварэньня ўласнай дзяржавы. Як кажа філёзаф Валянцін Акудовіч, тое, што беларусы ўпершыню за тысячагодзьдзе існаваньня прыдбалі свайго дыктатара, — гэта таксама дасягненьне. Іншыя даводзяць, што незалежнасьць выйшла нейкая няправільная, не такая, пра якую марылі беларускія адраджэнцы, айцы-заснавальнікі БНР.

Сапраўды, незалежная Беларусь паўстала ў выглядзе трохі дзіўным, нестандартным, не падобным да працэсу нацыятварэньня ў іншых дзяржавах.

У паліталёгіі існуе такое паняцьце, як «failed state» («дзяржава, якая не адбылася»). Так кажуць пра краіны, у якіх распадаюцца дзяржаўныя інстытуты, дзяржава не паддаецца кіраваньню, урад не кантралюе нейкую частку сваёй тэрыторыі. Такая краіна недастаткова легітымная ў вачах міжнароднай супольнасьці.

З гэтага гледзішча ў Беларусі ўсё ў парадку. У краіне створаныя дзяржаўныя інстытуты, якія працуюць даволі эфэктыўна, вэртыкаль улады функцыянуе амаль як гадзіньнік. Калі ня браць сфэру эканомікі, то загады зь вяршыні адміністрацыйнай піраміды выконваюцца бездакорна. Дзяржапарат, сілавыя структуры вышкаленыя і дзеяздольныя. У гэтым прынцыповае адрозьненьне Беларусі ад Украіны, дзе ў крытычны момант дзяржаўныя інстытуты проста разваліліся.

Улады цягам многіх гадоў спрабуюць зладзіць сацыяльны экспэрымэнт: сфармаваць нацыю, беларускую ідэнтычнасьць без этнакультурных каштоўнасьцяў

Але чым жа Беларусь адрозьніваецца ад іншых краін? Галоўная спэцыфіка палягае ў тым, што ўлады цягам многіх гадоў спрабуюць зладзіць сацыяльны экспэрымэнт: сфармаваць нацыю, беларускую ідэнтычнасьць без этнакультурных каштоўнасьцяў.

Паводле досьведу іншых краін, гістарычныя міты, якія ляжаць у аснове нацыянальнай сьвядомасьці, павінны даказваць, што наша дзяржава мае глыбокія карані. Чым глыбей, тым лепш. Гістарычным падмуркам для беларускай дзяржаўнасьці павінна было стаць Вялікае Княства Літоўскае.

Аляксандар жа Лукашэнка фактычна адкінуў усю беларускую гісторыю, а пачаткам фармаваньня нацыі абвясьціў Вялікую Айчынную вайну. Нацыянальным сымбалем, куды возяць замежных гасьцей, стала «Лінія Сталіна», а не Нясьвіскі альбо Мірскі замкі.

Сусьветная практыка нацыятварэньня прадугледжвае, што ў аснове фармаваньня нацыі павінен ляжаць жорсткі ідэйны разрыў з імпэрскай (у нашым выпадку з расейскай і савецкай) спадчынай, этнакультурны нацыяналізм, то бок зварот да беларускай мовы, нацыянальных сымбаляў, гісторыі. Улады ж фармуюць расейскамоўную нацыю з трошкі мадыфікаванымі савецкімі сьцягам, гербам, гімнам, іншымі атрыбутамі савецкага мінулага. У той жа час уласна беларуская культура заганяецца ў гета.

Фармаваньне нацыі і нацыянальнай дзяржаўнасьці прадугледжвае дыстанцыяваньне, апаніраваньне нейкай іншай нацыі, ад якой паходзіць патэнцыйная небясьпека. Як правіла, у гэтай ролі выступае імпэрыя, мэтраполія. Напрыклад, працэс распаду СССР, ператварэньня саюзных рэспублік у самастойныя дзяржавы праходзіў у форме дыстанцыяваньня ад Расеі, часта пад антырасейскімі лёзунгамі.

Аляксандар жа Лукашэнка стварае беларускую нацыю пад акампанэмэнт рыторыкі аб будаўніцтве саюзнай дзяржавы. Таму і паўстае пытаньне, наколькі гэтая канструкцыя, пабудаваная на гэтак хісткім, неглыбокім падмурку, здольная вытрымаць сурʼёзны крызіс. А ён насоўваецца проста на вачах.

З гледзішча палітычнай сьвядомасьці беларусы пакуль ня выйшлі з эпохі фэадалізму і сярэднявечча

Замест пераходу ад індустрыяльнай да постіндустрыяльнай эпохі ў краіне пачынаецца працэс паміраньня прамысловасьці, дэіндустрыялізацыі, выпадзеньне ў архаіку, у пастку беднасьці. Беларуская сацыяльная мадэль пераходзіць у рэжым мутацыі, павольнага гніеньня, якое паступова атручвае ўвесь грамадзкі арганізм, усе сацыяльныя сфэры. Хутчэй за ўсё, гэты працэс расьцягнецца на шмат гадоў, падчас якіх Беларусь будзе існаваць у выглядзе дэпрэсіўнага рэгіёну, зь якога ўцякае моладзь.

І яшчэ адна вялікая хіба. Беларускае насельніцтва за 25 гадоў так і не ператварылася ў народ, які бярэ ўласны лёс у свае рукі. Насамрэч, беларусы аддалі вырашэньне свайго лёсу аднаму чалавеку. То бок з гледзішча палітычнай сьвядомасьці беларусы пакуль ня выйшлі з эпохі фэадалізму і сярэднявечча.

Таму беларускі экспэрымэнт ня скончаны. Ён працягваецца, і мы ў ім удзельнічаем, незалежна ад нашага жаданьня.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG