Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатывы падвышэньню пэнсійнага ўзросту ёсьць. Але яны яшчэ горшыя


Альтэрнатываў, якія былі б прымальнымі эканамічна і сацыяльна, няма, мяркуюць эканамісты. Але ёсьць ня самыя прымальныя.

Ці ёсьць у цяперашняй эканамічнай сытуацыі альтэрнатыва падвышэньню пэнсійнага ўзросту? Чаму ўлада пасьля 20 гадоў нежаданьня вымушаная была нарэшце пасьці на гэта? Як павінна выглядаць пэнсійная рэформа ў беларускіх умовах?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Калі эканамісты абмяркоўваюць рашэньне беларускага кіраўніцтва пайсьці на падвышэньне пэнсійнага ўзросту, то яны кажуць, што добрай альтэрнатывы гэтаму няма. Ці азначае гэта, што пры любой уладзе гэтае рашэньне было непазьбежным?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Крук: Альтэрнатывы ёсьць, але яны яшчэ больш непрымальныя. Праблема грунтуецца на тым, што суадносіны пэнсіянэраў і працуючых узрастаюць ужо колькі гадоў запар, і на пік яны выйдуць недзе да 2020 году. Каб пэнсійная сыстэма працягвала дзейнічаць, якія магчымыя варыянты?

Першы – падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Альтэрнатыва гэтаму – падвышэньне падаткаў у фонд сацыяльнай абароны, што азначае далейшае зьніжэньне канкурэнтаздольнасьці прадпрыемстваў. Іншая альтэрнатыва – істотнае зьніжэньне памеру пэнсіяў. Улічваючы, што і сёньня яны ўжо невысокія, а далейшае іх зьніжэньне (нават у адносінах да заробку, які таксама можа памяншацца) азначае, што большасьць пэнсіянэраў апынецца за рысай беднасьці.

То бок, альтэрнатываў, якія былі б прымальнымі эканамічна і сацыяльна, няма.


Цыганкоў: Але калі б зараз беларуская эканоміка расла шалёнымі тэмпамі (напрыклад, па 7-10 працэнтаў у год) – можна было б абысьціся без падвышэньня пэнсійнага ўзросту?

Крук: У любым выпадку, нагрузка на эканоміку, якая ўзьнікае з-за дэмаграфічных трэндаў, вельмі істотная. Таму трансфармацыя пэнсійнай сыстэмы непазьбежная.

Важная акалічнасьць у тым, што непазьбежнасьць рэформы пэнсійнай сыстэмы была відавочная яшчэ 10 гадоў таму. Дэмаграфічныя трэнды прагназуюцца ААН на дзясяткі гадоў наперад. Тое, што мы сутыкнемся з такой сытуацыяй, было відавочна яшчэ дзесяцігодзьдзі таму. І каб выбар ня быў такім балючым – гэтую праблему трэба было пачынаць вырашаць 10-15 гадоў таму.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Злотнікаў: Сапраўды, яшчэ 15 гадоў таму Усясьветны банк папярэджваў наш урад, што трэба пачынаць пэнсійную рэформу, бо потым цяжка будзе. Міністар працы і сацыяльнай абароны таксама папярэджваў Лукашэнку гадоў 7 таму асабіста. Ідуць прыродныя працэсы, калі адносіны працуючых да пэнсіянэраў будуць пагаршацца бліжэйшыя 20 гадоў...

Цыганкоў: Удакладнім, гэта ў выпадку, калі ў Беларусі ня будзе вялікага наплыву мігрантаў, што зьменіць дэмаграфічную сытуацыю.

Злотнікаў: Так, такі варыянт рашэньня дэмаграфічнай праблемы выбрала Эўропа – з усімі плюсамі і мінусамі. Беларусь пакуль яшчэ далёкая ад гэтага варыянту. У нас жа якая сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня? Гэта салідарнасьць пакаленьняў. Працуючыя нешта адлічаюць у пэнсійны фонд, і ўсё гэта разьмяркоўваецца паміж пэнсіянэрамі.

Што рабіць? Паступова павялічваць у першую чаргу працягласьць працы для жанчынаў. Усясьветны банк яшчэ 10 гадоў таму паказваў, што напрыканцы 2014 году пэнсійны фонд стане дэфіцытным. Так і атрымалася, зараз там няма грошай, каб разьлічыцца за пэнсіі. Даводзіцца браць зь бюджэту, з кагосьці здымаць, каб выплаціць пэнсіі.

Трэба паступова падымаць пэнсійны ўзрост, трэба перагледзець некаторыя ільготы па пэрсанальных пэнсіях, надта вялікія пэнсіі дзяржаўным служачым.

Цыганкоў: Шмат кажуць пра пэнсійную рэформу, але мала хто разумее, што гэта азначае. Якія асноўныя накірункі гэтай рэформы ў Беларусі павінны быць?

Крук: Магчыма шмат разнастайных варыянтаў. Той назапашвальны складнік, якія існуе ў многіх краінах, не зьяўляецца панацэяй. Калі пэнсійная сыстэма базуецца на некалькіх складніках, то яна больш стабільная, і менш залежыць ад дзяржавы. Але трэба разумець, што ў нашым выпадку, каб стварыць такую сыстэму – гэта зойме дзесяцігодзьдзі.

А праблема занадта вялікай нагрузкі на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва існуе ўжо цяпер. Час ня церпіць, і разважаць толькі пра тое, што будзе праз 20 гадоў, ужо пазнавата. Зараз трэба думаць аб кароткатэрміновай пэрспэктыве, што трэба рабіць цягам 2-3 гадоў. І на жаль, тут ужо выбіраць не даводзіцца. Перш за ўсё гэта – падвышэньне пэнсійнага ўзросту, і выроўніваньне пэнсійнага ўзросту паміж мужчынамі і жанчынамі.

Калі ж казаць пра доўгую пэрспэктыву і пэнсійную рэформу, то трэба ствараць некалькі складнікаў усёй пэнсійнай сыстэмы (ня толькі разьмеркавальнай, але і назапашвальнай), таксама стварэньне прыватных пэнсійных фондаў.

Злотнікаў: Яшчэ гады тры таму я рабіў на кампутары разьлікі па гэтай тэме і прыйшоў да высновы – патрэбны эканамічны рост. Патрэбныя рэформы, якія пакончаць з кіраваньнем краіны як калгасам, пераход на рынкавыя законы эканомікі. Калі будзе рост ВУП, тады зьяўляюцца магчымасьці ўсё рашыць. Напрыклад, рост ВУП на 5 працэнтаў дазваляе адзін працэнт забраць на падвышэньне пэнсіяў. Але павінна быць іншая, рэфармаваная, эканоміка.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG