Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экспэрты ў абарону Курапатаў» не пакінуць у спакоі «Бульбаш-хол»


Ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» плянуе шэраг акцыяў у справе абароны Курапатаў. Перадусім яны будуць скіраваныя супраць забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» і новай забудовы вакол урочышча. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведамілі лідэры ініцыятывы.

Актывісты ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» — а гэта археолягі, архітэктары, інжынэры, юрысты, культуролягі і журналісты — перадусім падсумавалі вынікі першага году дзейнасьці. Адзін з галоўных вынікаў — зацьвярджэньне Міністэрствам культуры праекту зонаў аховы Курапатаў. Гаворыць сябра ініцыятывы, грамадзкі актывіст і журналіст Марат Гаравы:​

Марат Гаравы

Марат Гаравы

«Неўзабаве будуць будаваць міжнародны выставачны комплекс. Упершыню забудоўцы будуць зыходзіць не сваіх інтарэсаў, а з тых абмежаваньняў, якімі зьяўляюцца зацьверджаныя межы зонаў аховы. Забудоўцы ўпершыню будуць вымушаныя сыходзіць з інтарэсаў Курапатаў, а гэта значыцць – з інтарэсаў грамадзтва. Вось што самае галоўнае і самае важнае».

Пры гэтым сябры ініцыятывы адзначаюць шматлікія хібы зацьверджаных зонаў аховы. У першую чаргу гэта скарачэньне ахоўнай зоны ў месцы, дзе стаяць дамы «Бульбаш-холу». Актывісты назвалі гэта «ўзаконьваньнем беззаконьня». Узьведзеныя на тэрыторыі, забароненай для забудовы, цяпер дамы «Бульбаш-холу» апынуліся па-за яе межамі. Тым ня менш актывісты ініцыятывы не зьбіраюцца пакідаць забаўляльны комплекс па-за сваёй увагай. Гаворыць адзін з актывістаў, старшыня незалежнага прафсаюзу Генадзь Фядыніч:

«Трэба больш падключаць міжнародную супольнасьць, трэба рабіць нестандартныя акцыі супраць „Бульбаш-холу“, рабіць улёткі, больш паведамляць у прэсе, запрасіць людзей на памінкі ў гэты хол — нават такія крокі рабіць. Каб яны ведалі, што збудавалі гэты забаўляльны комплекс ня толькі з парушэньнем заканадаўства, але з парушэньнем душы і сэрца. Будзем рабіць гэтыя акцыі дзённа, увечары, гатовыя нават прыйсьці папіць кавы і пакінуць улёткі, каб яны ведалі, што гэта ня месца для холаў — хапае ім месца і за аб’язной дарогай».

Ёсьць такая ілюзія, што ўсе ведаюць што такое Курапаты. Не.

Актывісты ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» зьвяртаюць увагу на міжнароднае значэньне статусу Курапатаў. За сытуацыяй пільна сочыць Польшча, бо сярод ахвяраў курапацкіх расстрэлаў, верагодна, былі і польскія грамадзяне. Сябры ініцыятывы зьвяртаюцца таксама да мясцовых жыхароў з просьбай прычыніцца да справы аховы ўрочышча і распаўсюджваньня праўды пра Курапаты. Гаворыць актывіст ініцыятывы Вінцук Вячорка:

«Ёсьць такая ілюзія, што ўсе ведаюць што такое Курапаты. Не — у школьных падручніках пра гэта ня пішуць, дзяржаўныя мэдыі пра гэта ня кажуць. І вырасла пакаленьне, якое ня памятае ўздыму 80-х гадоў, і для іх гэта ўвогуле пусты гук. Таму тут трэба палову актыўнасьці скіроўваць на тое, каб звычайны жыхар вуліцы Мірашнічэнкі ведаў, што за лясок за аб’язной дарогай. Калі ўсе жыхары Зялёнага Лугу будуць гэта ведаць, то тады спыніцца гэты пабытовы вандалізм і тады будзе матываваная грамадзкая падтрымка тым, хто зьвяртаецца ў суды і ведае праблему глыбей».

Актывісты ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» таксама паведамілі, што ў адказ на іх зварот Генэральная пракуратура праводзіць праверку ў справе забудовы «Бульбаш-холу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG