Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты, якія прызналі кнігі Пазьняка экстрэмісцкімі, на суд не прыйшлі


Алесь Чахольскі, архіўнае фота
Алесь Чахольскі, архіўнае фота

13 студзеня ў Маскоўскім судзе Берасьця пачаўся разгляд скаргі актывіста КХП БНФ Алеся Чахольскага на рашэньне камісіі Берасьцейскага аблвыканкаму, якая прызнала экстрэмісцкімі кнігу Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія», а таксама напісаную тым жа Зянонам Пазьняком і Валерам Буйвалам кнігу «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял».

Разглядае пазоў актывіста судзьдзя Андрэй Грушко. Па выніках першага дня працэсу Алесь Чахольскі кажа пра палітычны характар суду.

«Па-першае, на суд не зьявіліся гэтак званыя экспэрты, якія вырашылі, што кнігі Зянона Пазьняка нібыта экстрэмісцкія. Кажу пра экспэрта зь „Белай Русі“ і супрацоўніка ідэалягічнага аддзелу аблвыканкаму. Відаць, яны палічылі, што на суд ісьці ім ня трэба, і нават не даслалі ніякага тлумачэньня. Прычым выявілася, што суд ня ведае адрасу гэтай экспэртнай камісіі, яе нібыта не існуе, і суд гэта не хвалюе. То бок відавочна фармальнае стаўленьне суду да разгляду маёй скаргі.

Другая прычына — рашэньні адносна маіх хадайніцтваў. Прыкладам, я хадайнічаў, каб суд прызнаў трэцяй асобай у канфлікце Юрася Беленькага. Мае аргумэнты былі простыя і законныя: фатаздымкі Юрася Беленькага зьмешчаныя ў кнігах Зянона Пазьняка, але кнігі канфіскаваныя, і яму як аўтару нават не дасталася ніводнага экзэмпляру. Але суд гэтае хадайніцтва не задаволіў, Юрась Беленькі будзе заслуханы толькі як сьведка.

І трэцяе — у суду нават не аказалася экзэмпляраў кніг, пра якія ідзе спрэчка. І як жа судзьдзя зьбіраўся разглядаць маю скаргу?

Таму я і лічу, што працэс палітызаваны і вынік яго можна прадказаць», — распавёў актывіст КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

Алесь Чахольскі дамагаецца адмены рашэньня экспэртнай камісіі аб прызнаньні экстрэмісцкімі кніг Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял», напісанай разам з Валерам Буйвалам, а таксама вяртаньня кніг, якія былі адабраныя на беларуска-польскай мяжы. Працяг разгляду скаргі актывіста КХП-БНФ Алеся Чахольскага адбудзецца 21 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG