Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-басіст гурту Inspector вяртаецца і абяцае адкрыць прадстаўніцтва ўсясьветнага музычнага лэйбла


Алег Мартыненка з бас-гітарыстам StereoQueen Аляксандрам Дзялянкам

Алег Мартыненка з бас-гітарыстам StereoQueen Аляксандрам Дзялянкам

«Бяру самых адэкватных, амбітных, прагных посьпеху, упэўненых у сабе. Астатнія — за борт», — бізнэсовец, кампазытар, колішні бас-гітарыст менскага мэтал-гурту Inspector Алег Мартыненка пасьля 12 гадоў у замежжы прыехаў у Беларусь, каб распачаць экспансію беларускай музыкі на Захад. Таксама ў плянах — адкрыць у сталіцы прадстаўніцтва аднаго з усясьветных лэйблаў.

Ад сярэдзіны 1990-х Алег Мартыненка займаецца разнастайным бізнэсам па ўсім сьвеце, але пры гэтым не адракаецца ад галоўнага захапленьня ўсяго жыцьця — рок-музыкі. Практычныя веды, набытыя падчас працы ў Эўропе і за акіянам, хоча адаптаваць у Беларусі. Не хавае засмучэньня, што за 25 гадоў незалежнасьці мясцовы шоў-бізнэс так і не займеў інстытуту пасярэднікаў-імпрэсарыё, якія б працавалі на экспарт — прасоўвалі таленавітых беларусаў на зьнешні рынак. Арыентацыя выключна на ўвоз — прычым пераважна з Расеі.

Ударыць беларускай альтэрнатывай па маскоўскім гламуры

«Масквічы з усіх дзірак лезуць — адна гламурная гадасьць, няма сіл трываць», — кажа Алег Мартыненка і працягвае:

«Я вярнуўся ў Беларусь, каб рэалізаваць фрыланс-офіс — танны офіс зь мясцовымі супрацоўнікамі. Пакуль усё ня так проста: тут нядрэнныя спэцыялісты, але ўсё ж не такога ўзроўню, каб спаборнічаць з амэрыканцамі, канадцамі, немцамі, швэдамі. Як толькі прыехаў, запісаў некалькі песень, каб мець іх у МР3 ці ў WAV-фармаце, з нашымі найбуйнейшымі музыкамі, выбітнымі артыстамі — Альбертам Загурскім, Мікалаем Самусевічам, Канстанцінам Гарачым. У мяне ёсьць акаўнт AlexsMartin у саўндклаўдзе — каб прэзэнтаваць сябе, своеасаблівы падарунак тым, у каго бракуе матэрыялу. Праўда, неўзабаве пабачыў, што „гуманітарная дапамога“ можа і патрэбная, але ня ўсім — у Менску ўжывую граюць гурты, прычым граюць супэр!»

Менскі гурт Artefact

Менскі гурт Artefact

Як кажа Алег Мартыненка, знаёмства з альтэрнатыўным музычным жыцьцём пасяліла ў ім надзею, але паставіла галоўнае пытаньне — чаму ніхто ў краіне не «раскручвае» таленавітых музыкаў, не спрабуе надаць ім міжнародны статус? Сам ён актыўна ўзяўся за справу і ўжо вядзе перамовы з эўрапейскімі і амэрыканскімі агенцтвамі пра арганізацыю выступаў беларускіх калектываў. Сярод іх — Artefact, NEWLEVEL, TOP GUN, маскоўскі гурт StereoQueen з салігорскім басістам-віртуозам Аляксандрам Дзялянкам ды некаторыя іншыя:

«Нядаўна я быў на дні нараджэньня Валодзі Цэсьлера, атрымаў сапраўдны шок. Іду на гук, думаю, нейкія замежнікі, на крайняк — масквічы. А гэта нашы, менчукі — TOP GUN. Як далі — я ледзь не зваліўся. Запрасілі на канцэрт у ТNТ Club. Заходжу — дзяўчаты ў экстазе, вісяць на столі. Так граматна вядуць канцэрт, настолькі хлопцы фірмовыя! Недастаткова матэрыялу — няважна, будзем вырашаць. Зноў жа, каманда Х, няма нават назвы. Проста геніяльны гітарыст, геніяльны вакаліст, геніяльны барабаншчык, узровень інтэрнэшнл-старз. NEWLEVEL — віртуозна, мэталічна, супэр... За ўсё трэба брацца: матэрыял правіць, дысцыпліну; строі, кантракты. Неабходна займацца прафэсійна. Адзін я не магу, працую ў іншым бізнэсе. Паступова пачынаю браць людзей на працу, плаціць заробкі, абяцаю камісійныя. Грыб разрастаецца неймаверна хутка. І ўсё роўна праблема: няма дастаткова артыстаў, усё роўна гэта 5–6 рок-калектываў, можа і менш».

Сталічная каманда TOP GUN

Сталічная каманда TOP GUN

Алег Мартыненка скончыў менскую музычную школу № 2 імя Аладава як духавік. Паколькі гэта была бацькоўская прыхамаць, так і не зразумеў, навошта яму валторна. Паралельна, як і многія падлеткі, асвоіў гітару. Пасьля школы паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут, дзе, ягонымі словамі, першы ансамбль быў створаны проста на вёдрах падчас выезду на «бульбу». «Бас» узяў толькі таму, што «рытм» на пяць хвілін раней захапіў іншы. Музыка зацягнула, зьбіраліся штодня, пачаў складаць яе сам — першую кампазыцыю патасна прысьвяціў Менску. Другая ўжо мела рокерскую назву — «Маратон». Хоць цяпер тыя экспэрымэнты называе «сьмешнымі».

Менскія «інспэктары»: эўрапейскі прарыў «мэталістаў»

Пасьля інстытуту быў завод, паралельна «шабашыў» на вясельлях, у рэстаранах. Аднойчы, згадвае Алег Мартыненка, падчас перакуру да яго падышоў Віктар Смольскі — нягледзячы на 19-гадовы ўзрост, ужо граў у студыі «Песьняры». Папрасіў закурыць і прапанаваў падысьці на наступны дзень у філярмонію — паспрабавацца ў якасьці бас-гітарыста для гурту Inspector, які ён арганізоўваў разам з братамі Зубрычамі — Андрэем і Дзьмітрыем. Неўзабаве далучыліся ўдарнік Уладзімер Марусіч, клявішнік Аляксандар Несьцяровіч, саліст Аляксандар Брынцаў, якому пазьней на падмогу прыйшоў Алег Мінакоў. Адмаўляцца ад такой кампаніі не выпадала — дый Смольскі быў рашуча настроены «браць» Эўропу.


Як кажа Мартыненка, бяз доўгіх разгойдваньняў заселі ў пакоі-студыі на заводзе «Калібр» па вуліцы Фабрыцыюса, рэпэтыравалі ад 12-й дня да 18-й без выходных, напрацоўвалі тэхніку:

«У нас не было нотаў, ніхто нам нічога не пісаў — самі ставілі прыпевы, рыфы, танальнасьці, падганялі пад вакаліста. Зрабілі гару песень, склалі праграму ў два аддзяленьні з барабанным і басовым сола», — згадвае суразмоўца.

«Я ўжо ведаў ангельскую мову, бо да таго скончыў пры інʼязе двухгадовыя ангельскія курсы для спэцыялістаў па аўтатэхніцы, якія выяжджаюць за мяжу. Фактычна я ім быў цікавы ня толькі як басіст, але і як перакладчык, бо мову толкам ніхто ня ведаў. Нашы інтарэсы супалі, і 1988 год стаў пачаткам маёй сцэнічнай карʼеры. Было няпроста, бо неўзабаве трэба было прайсьці загартоўку вельмі сурʼёзным міжнародным фэстывалем. Але ўсё склалася ўдала, мала таго, там нас прыкмеціла мэтал-каманда з ФРГ Crusader. Прапанавалі пасупрацоўнічаць, і літаральна празь некалькі месяцаў мы выехалі ў Нямеччыну. Для 1989-га — ні з чым не параўнальнае ўзрушэньне: краіна яшчэ безь міграцыйных праблемаў, безь перанаселенасьці, прымалі проста цудоўна. У першым жа канцэрце на топе: вялізны канцэрт у Дортмундзе гралі апошнімі».

Падчас нямецкага туру здарылася знакавая падзея, якая на некалькі гадоў кардынальна перавярнула лёс менскіх «інспэктараў». З падачы тых жа Crusader беларусамі зацікавіўся Фрэнк Борнэман (Frank Bornemann) — вядомы мэнэджэр і хард-рок прадусар, заснавальнік Horus Sound Studios у Гановэры:

«У яго мы сустрэліся з культавай ужо па тых часах камандай Halloween, — згадвае Алег Мартыненка. — Адкрытыя, без пантоў, па-сяброўску нас віталі. Нават узялі іх інструмэнты, разам пайгралі. Усё гэта было проста неверагодна — мы пачалі рухацца наперад».

Гурт Inspector. Алег Мартыненка — другі зьлева

Гурт Inspector. Алег Мартыненка — другі зьлева

Тады ж Фрэнк Борнэман узяўся дапамагчы беларускім музыкам з запісам кампакт-дыску ў Нідэрляндах ці ў Нямеччыне: балазе, матэрыялу ўжо сабралася шмат, якасьць цалкам адпавядала эўрапейскаму ўзроўню. Празь нейкі час быў падпісаны кантракт, а ў 1993-м на студыі ARIS/ARIOLA, якая потым увайшла ў канцэрн BMG, выходзіць «забойны» альбом «Russian Prayer». Аўтарству Алега Мартыненкі належыць трэк пад № 3 — «In A Heat Of The Night».

Атрымаўшы досьвед супрацы з Борнэманам, паспрабаваўшы сябе ў ролі аўтараў, выканаўцаў і аранжыроўшчыкаў, «інспэктары» мелі ўсе шанцы пусьціць карані на Захадзе. Але ўзьніклі візавыя праблемы, давялося вярнуцца ў Менск, у Нямеччыне застаўся толькі Смольскі. Тым часам у Расеі грымнуў чарговы ГКЧП, наперадзе замаячыла паласа нявызначанасьці, пачаліся шараханьні ўнутры самога калектыву.

«У выніку група не адбылася, — кажа экс-басіст. — Цяжкі выпадак, тым ня меней так здарылася. На жаль. Бо Inspector — калясальная „кантора“, тэхнічным майстэрствам вышэйшая за маскоўскі „Парк Горького“. Хутчэй, на ўзроўні „Круиза“ Валерыя Гаіны — яны гралі ўтрох, а клалі напавал».

Inspector пачатку 1990-х

Inspector пачатку 1990-х

У выніку Inspector спыніў існаваньне. Віктар Смольскі як віртуозны мультыінструмэнталіст хутка знайшоў працу ў Нямеччыне — спачатку ў калектыве Mind Odyssey, а потым надоўга «зацэмэнтаваў» Rage. Алег «Джагер» Мінакоў распачаў новы джаз-рок праект Roublezone. Алег жа Мартыненка састрыг валасы і падаўся ў камэрцыю — а творчасьць адклаў да лепшых часоў. «Акучваючы» розныя галіны, агулам 12 гадоў пражыў за мяжой — Нямеччына, Польшча, Швэцыя, ЗША, Канада.

Местачковы мэнталітэт на шляху музычнага прагрэсу

Вяртаньне да творчасьці, па словах суразмоўцы, адбылося амаль выпадкова: аднойчы, дастаючы з шафы плашч, зачапіў струны схаванай там гітары. Узяў у рукі, згадаў мінулае — і назад ужо ня ставіў. Пачаў экспэрымэнтаваць у розных стылях: джаз-рок, фʼюжн, блюз. Выкладваў кампазыцыі ў саўндклаўдзе, іх паступова заўважылі выканаўцы і за акіянам, і ў Эўропе. Музычныя праекты зноў сталі поруч з асноўным бізнэсам.

Але спробы паставіць справу на паток у Беларусі паказалі, што такая задача — з шэрагу няпростых: паводле Мартыненкі, да экспансіі не гатовыя ні самі музыкі, ні мэнэджэры, ні куратары ў дзяржаўных структурах:

«У Беларусі 2016-ты абвешчаны Годам культуры. Я быў у намесьніцы міністра культуры Ірыны Дрыгі, яна тлумачыць: вось у нас на культуру бюджэт, бла-бла-бла. Так, бюджэт, а дзе праца рэальная? Ня бачу! Сустракаюся з Аляксандрам Ціхановічам: ты басіст, як і я, ведаеш мяне сто гадоў, падымай народ, трэба рухацца — давай рабіць конкурсы, адборы, шукаць самародкаў. — Ай, ужо ёсьць „Эўрабачаньне“. Дык вазьміце маю песьню — не бяруць. Шакуцін для Ланской купляе ў швэдаў за 40 тысяч эўра: бюджэтныя, прыватныя — паняцьця ня маю. А я бясплатна аддаю — не бяруць. Ці гэта мафія, ці дурдом — не разумею.

Няма часу ва ўсім разьбірацца. Таму такім чынам: бяру самых адэкватных, амбітных, прагных посьпеху, упэўненых у сабе. Астатнія — за борт. На які час? Ня ведаю. На месяц, на год, на дзесяцігодзьдзе — гэта іх праблемы».

Ужо пасьля першых кантактаў Алег Мартыненка зрабіў выснову: прарвацца на шырокі сьвет замінаюць ня столькі зьнешнія фактары, колькі мэнталітэт саміх беларускіх выканаўцаў — маўляў, які сэнс ганяцца за большым, калі задавальняе тое, што ўжо ёсьць?

«Inomarki — цудоўны калектыў. Ды нешта раз — і зьніклі. Давайце пазьней, давайце заўтра, пасьлязаўтра. А ў мяне будзе на вас час заўтра? Адкуль я ведаю? Stardust Circus — абалдзенная каманда, узялі маю песьню You Are My Honesty, перарабілі шыкоўна. Як, дарэчы, і Inomarki — так пад сябе адкаталі, не падкапаесься. Узровень — шык. Але нічога ня хочуць — 50 баксаў на нос у карчме хапае. А потым на канапу: бульба-скварка, любата. Ну што гэта такое? Дзе амбіцыі, дзе рух наперад? Я не кажу пра брытанцаў, немцаў, скандынаваў — ужо кітайцы, карэйцы на рынак лезуць! Беларусы сьпяць. Крыўдна. Карацей, яшчэ паўгода тут „пастраляю“, ня будзе ахвотных — гуд бай».

Расейска-беларускі калектыў StereoQueen

Расейска-беларускі калектыў StereoQueen

Адна з задачаў, якія Алег Мартыненка акрэсьліў сабе на аглядную пэрспэктыву, — адчыніць у Беларусі прадстаўніцтва «крутога» ўсясьветнага лэйбла. Па-першае, каб не залежаць у шоў-бізнэсе толькі ад Масквы, па-другое, каб прышчапіць беларускім музыкам адчуваньне ўласнай значнасьці:

«У сьвеце некалькі мэйджар-лэйблаў — Universal Music Group, Sony Music, Warner Music Group, EMI. Гэта монстры, пад імі астатнія. Схема простая: агенты закочваюць матэрыялы саўндрайтэраў — аўтараў музыкі і вершаў. Нешта пакідаецца, большасьць — вэк. Беларусь, Расея, Украіна — таленты можна ставіць на паток.

Але патрэбна сэпарацыя. Набіраю Sony: тэлефануйце ў Маскву, там у нас філія. Добра: „Здрасьте, подъезжайте...“. Чаго я да цябе паеду? Я беларус, у мяне свая сталіца, прэзыдэнт, іншыя атрыбуты. Вы да нас едзьце! Не, не паедзем, мы крутыя масквічы... Таму ў Беларусі павінна быць прадстаўніцтва Sony, Napalm Records і г.д. Хачу гэта арганізаваць.

Чаму ў Napalm офіс у Сыэтле, а няма ў Менску? Ой, маленькая краіна. Якая маленькая? Мы — як Швэцыя.

Так, у іх Volvo, Scania, SAAB. Але я ня лезу ў машыны-трактары, трэба даць ход прынамсі музыцы».

Алег Мартыненка ня лічыць свае праекты авантурай — адсутнасьць дыстрыбутарскіх кампаніяў тлумачыць толькі тым, што дагэтуль ніхто грунтоўна ў гэтым кірунку проста не працаваў. Але для рэалізацыі ідэі павінна быць зацікаўленьне з боку саміх музыкаў — у іншым выпадку дзеля каго тады напружвацца?

«Апроч лэйблаў, ёсьць артысты. Гэта ўжо праца мэнэджмэнту — туры, кампакты. Даходзіць да таго, што агенты гатовыя плаціць наперад, то бок фактычна даваць заробкі ў далярах, каб толькі сядзелі і рэпэтыравалі. А потым прыляцелі і запісаліся. Што не зразумела? Але трэба нешта рабіць. Ня хочуць. Запішам у Беларусі, выпусьцім на сваіх лэйблах. Выпускайце, дзе прадаваць будзеце? У Маладэчне, у Баранавічах? Давайце, наперад. Ну, і дзе вашы даходы, кватэры, машыны? А там рынак, багатае насельніцтва! І тут не жабракі, але там пакуль багацей жывуць. Іх шмат: Эўразьвяз — 500 мільёнаў жыхароў, ЗША з Канадай — 350 мільёнаў, Азія — (жах!) 1,5 мільярда, па даляру дадуць — змые „бабкамі“ ў Менскае мора. Хаджу, угаворваю. Ты — варʼят, прыдумаў ерунду. Ладна, давайце самі. Праблема адна, спадарства, — мэнталітэт. Ня хочацца нічога рабіць. Самі сабе граюць, адзін за адным ходзяць, адзін на аднаго нагаворваюць. Каго на тым баку Эўропы ці акіяну гэта цікавіць? Нават тут нікога не калыша...»

Расфарбаваць белую пляму беларускага шоў-бізу

На перакананьне суразмоўцы, беларуская музычная культура ва ўсіх сваіх разнастайных праявах абсалютна не адпавядае свайму цяперашняму месцу — фактычна гэта «белая пляма» на мапе ўсясьветнага шоў-бізнэсу. І ўсё з-за таго, што ніхто нават пальцам ня ўдарыў, каб зьмяніць сытуацыю да лепшага:

«Чаго не хапае? Таленту, мазгоў, рук, пальцаў? Ці каго не хапае? Мяне не хапае. Добра, паспрабую. Але я не займаўся гэтым 20 гадоў, быў іншы бізнэс — кансэрвы, тушы і г.д. Тэма такога ж парадку, якая розьніца? Так, мастацтва, больш крохкі матэрыял. Прадаецца ўсё, асабліва калі ёсьць попыт. Нібыта сыходзіцца: калектывы ёсьць, граць умеюць, самі беларусы не ізгоі — адэкватныя, не бягуць у бежанцы, ня кідаюцца зь пятага паверху. Рэальныя людзі, якія могуць працаваць і зарабляць для сваіх семʼяў — сплаціўшы падаткі ў бюджэт Беларусі. Што тут незразумелага? Ды не, палкай не загоніш. Дзіўная закальцаванасьць, унутры сядзяць, як клапы. Ну, калі я такі дурны, то сядзіце. І ў сябе ня вераць, і баяцца даверыцца. Самі „парвём“ залю. Ды ні фіга, залю рваць трэба ўмець. Таму лепш адыграць у ТNТ ці „0,5“. 50 баксаў у суботу зарабілі, пацалавалі пару дзевак, вось і ўсё жыцьцё. Нуль амбіцыяў. Тутэйшасьць: цьвік, дупа, табурэтка, стары анэкдот. Што з гэтым рабіць — ня ведаю».

Алег Мартыненка лічыць, што ў некаторых выпадках падставай да прарыву на Захад магла б стаць нават не тэхнічная дасканаласьць гітарыста ці ўнікальны голас вакаліста, а сама беларуская мова. Для любога эўрапейца яе існаваньне — вялікая загадка, зрэшты, як і для пэўнай колькасьці саміх беларусаў, якія бяз жалю ад яе адракліся:

«Беларуская мова цудоўна кладзецца на песьні — дарэчы, у маім англамоўным альбоме таксама ёсьць песьня па-беларуску. Усе рэчы на ангельскай, і як знак павагі — адна на беларускай. Я раблю гэта сьвядома, бо люблю Беларусь, хачу быць далучаны да Беларусі, — гаворыць суразмоўца. — Хачу, каб наша краіна годна прэзэнтавалася на міжнародным узроўні, каб, толькі ступіш у аэрапорт, цябе швэд ці швайцарац сустракаў з павагай. Каб самі беларусы нарэшце перасталі прыкрывацца „Рашай“, а пазыцыянавалі сябе годным, самадастатковым народам. Колькі можна прагінацца?» — робіць патрыятычнае заключэньне бізнэсовец і музычны дзеяч Алег Мартыненка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG