Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эканоміка даведзена да ручкі, добрай працы няма, заробкі і пэнсіі мізэрныя...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі сёлета адбудуцца раней, чым пра гэта яшчэ летась казалі ўлады. Чаму Аляксандар Лукашэнка вырашыў прысьпешыць выбарчую кампанію? Які ўплыў гэта можа мець на зыход выбараў?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Мікола Жукоўскі з Горадні піша:

«З кім са знаёмых ці сяброў ні размаўляю — ніхто не зьбіраецца галасаваць за гэтага чалавека. Эканоміка даведзена да ручкі, добрай працы няма, заробкі і пэнсіі мізэрныя. А ён ужо больш як дваццаць год толькі заліваецца салаўём з экрана — пра тое, што мы ніколі раней не жылі так добра. Напэўна, ён і ягоныя суседзі па Драздах, і праўда, у захапленьні ад такога жыцьця. А вось народу гэта абрыдла да немагчымасьці.

Пры гэтым усе, з кім ні гавару, не сумняюцца, што сапраўдных выбараў і гэтым разам ня будзе, а Лукашэнка зноў застанецца пры ўладзе, працягваючы сваё пажыцьцёвае прэзыдэнцтва.

І вось што цікава. Калі і грамадзтва, і ўлада загадзя ўсё гэта ведаюць — дык навошта ж Лукашэнка так нэрвуецца? Вось толькі што перанёс выбары на месяц раней: ведае, што да зімы ўсё стане яшчэ горш. Але навошта, калі яму ў любы час намалююць любую лічбу — хоць 101 працэнт?».

Відавочна, нейкае значэньне рэальныя лічбы і рэальныя грамадзкія настроі для гэтай улады ўсё ж маюць. Адна справа — прыпісаць дзясятак-другі працэнтаў яўнаму пераможцу, і зусім іншая — ляпіць пераможцу з таго, каго грамадзтва ў большасьці сваёй не падтрымлівае. Цяжка сказаць, ці здольная здрыгануцца рука фальсыфікатара ў такой сытуацыі. І ўсё ж яўная непапулярнасьць улады накладае свой адбітак на такія выбары.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Алесь Марціновіч з Баранавічаў разважае пра тое, наколькі сёньняшняму беларускаму рэжыму ўдаецца ажыцьцяўляць шматвэктарную вонкавую палітыку. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

«Па сутнасьці, Лукашэнка спрабуе сядзець адразу на двух крэслах. Ён і ў саюзе з антызаходняй Расеяй, і адначасова імкнецца прадэманстраваць сваю сувэрэннасьць і незалежнасьць, нібы якая прыбалтыйская дзяржава. Ды толькі, на жаль, так доўга балянсаваць беларускай сыстэме не пад сілу: рана ці позна ўсё роўна пачнецца „пераварваньне“ Расеяй такой Беларусі.

Існуе суворая рэальнасьць: гордая прыбалтыйскасьць непазьбежна патрабуе магутных негаласлоўных і практычных крокаў (сяброўства ў НАТО і Эўразьвязе, далучэньня да Шэнгена, да зоны эўра, рэальнай мяжы з Расеяй і г.д). Нічога гэтага ў Беларусі няма і не прадбачыцца. Так што будынак пад назвай „незалежная Беларусь“ асуджаны. А сам злом (ці правал) можа адбывацца не абавязкова ў выглядзе выбуху ці магутнага землятрусу. Гэта можа цягнуцца і марудна — так, як, напрыклад, занядбаная хата паступова разбураецца пад дажджамі, вятрамі ды сонцам...».

Пра тое, што Лукашэнку ня ўдасца сядзець на двух крэслах, займаючыся адначасова і будаваньнем саюзнай дзяржавы з Расеяй, і ўмацаваньнем асабістай улады ў незалежнай Беларусі, пачалі гаварыць яшчэ ў 1994 годзе, пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў. Мінуў ужо 21 год: размовы працягваюцца. А Лукашэнка не бяз посьпеху па-ранейшаму падгандлёўвае інтэграцыйнай рыторыкай і пры гэтым зусім не зьбіраецца адмаўляцца ад незалежнасьці.

✉ ✉ ✉

І яшчэ адзін ліст у сёньняшнім аглядзе. Яго даслала на Свабоду Ада Калітам зь Ліды. Слухачка распавядае пра тое, зь якімі побытавымі праблемамі даводзіцца сутыкацца, жывучы ў шматкватэрным доме:

«Ва ўсім сьвеце дбаюць пра чысьціню паветра, забараняюць курыць у публічных месцах. А ў нас? Мы не абароненыя нават у сваіх уласных кватэрах.

Я, напрыклад, сутыкнулася з такой праблемай. Некаторыя суседзі ў сябе на кухнях вараць самагон. Адна нават мае вілу за горадам, жыве пераважна там, а сюды езьдзіць менавіта дзеля таго, каб начамі ды на сьвяты гнаць гэтае зельле. А вэнтыляцыя ў нас слабенькая, і ўсе гэтыя сьпіртовыя газы разносяцца па іншых кватэрах. Я вось думаю: калі пасіўнае курэньне так шкодзіць арганізму, то як жа шкодзіць гэтая алькагольная атрута?

Сама я ім апасаюся выказваць прэтэнзіі з гэтай нагоды — пакуль што гавару пераважна намёкамі. Бо баюся паглыбляць гэтую тэму, каб не наклікаць бяду на ўласную галаву. А ім — да лямпачкі.

Некалькі месяцаў першы паверх залівала. І лужыны стаялі, і смурод ад самагоннай брагі. Ну як у такіх умовах жыць?».

Сапраўды, спадарыня Ада, у стасунках з суседзямі ў шматкватэрных блёчных дамах трэба быць абачлівым: сапсаваныя адносіны могуць надоўга атруціць суіснаваньне пад адным дахам. Можа, вам варта папярэдне параіцца зь іншымі суседзямі, не самагоншчыкамі: ці сутыкаюцца яны з такімі ж праблемамі. Ну, а калі смурод ад падпольных бровараў даймае і іх, калі вам не падалося — тады можна супольна зьвяртацца ў міліцыю: Адміністратыўны кодэкс у такіх выпадках на вашым баку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG