Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Прыпавесьць пра мытніка і фарысея


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Ставіш сябе на месца падсудных і бачыш, як выразна падзеленыя яны пытаньнем, што ратаваць: шкуру ці душу?

Пачатак ТУТ.

Яшчэ ва ўнівэрсытэце нам казалі, што журналістыка – другая найстарэйшая прафэсія. Пасьля прастытуцыі. На працэсе ашмянскіх мытнікаў я зразумеў, што гэта ня так. Забылі пра мытнікаў.

Ня ведаю, якія там былі журналісты ў старажытнай Юдэі, але першае кананічнае Эвангельле было напісанае апосталам Левіем Мацьвеем, мытнікам.

«Выйшаўшы пасьля гэтага, Ісус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім. І наладзіў Левій для Яго вялікую гасьціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі зь імі за сталом».

Калі суд праводзіў допыт адпушчанага на волю інспэктара Часнойця, а той распавядаў, што траціў атрыманыя ад начальніка «грашовыя сродкі» на дабрачыннасьць, я глядзеў на Алеся Юркойця і параўноўваў гэтых двух мытнікаў. На першы погляд – дзьве ягады з аднаго куста. Аднаго веку, аднаго росту і прозьвішчы аднатыпныя, нальшчанскія. Абодва сямейныя, жывуць у сваіх хатах на зямлі, абодва вернікі-каталікі. Абодва гаваркія.

Прынцыповая розьніца паміж імі ня ў тым, што першы прызнаў атрыманьне грошай, а другі не. Галоўная розьніца – глыбейшая. Адкуль яна? Магчыма, гэта выхаваньне, духоўная прырода чалавека, вынік працы над сабой.

– Куды вы дзелі незаконна атрыманыя грашовыя сродкі? – пытаецца пракурор.

– Паклаў у камод, – адказвае Часнойць.

– Хто-небудзь бачыў гэта?

– Бачыла жонка.

– Далей.

– На пытаньне жонкі, што гэта за грошы, я адказаў: «Не твая справа». Больш яна не пыталася.

Адна рыска, бывае, апісвае ўсяго чалавека. І тыя межы, у якіх ён жыве. Ён лічыць сябе добрым, дае грошы на касьцёл, ён лічыць сябе правільным – жыве «як паложана», ня тое, што іншыя. І грошы, атрыманыя ад начальніка, пякуць яму рукі, і хлопцы з КДБ ставяцца да яго з разуменьнем. Але ўсё, што я пералічыў, гэта і ёсьць абсяг ягонага жыцьця. Збавеньне – гэта каб выпусьцілі з Валадаркі. Мара? Заліць увесну якую-небудзь апалубку вакол хаты. Захаваць добрае імя? А што гэта і навошта? Пакаяцца? А за што? А-а, за гэта? Ясная рэч – не ў касьцёл, а ў КДБ.

З дробных рысак складаецца поўная супрацьлегласьць Часнойця Юркойцю – краязнаўцу, культурніку беларускай Віленшчыны, настаўніку, а мытніку – больш зь неабходнасьці, бо іншае працы няма. Юркойця за ягоную дзейнасьць ведаюць і шануюць многія людзі, бо жыве вялікімі мэтамі, а як зьбяруцца зь сябрамі, усе гаворкі – пра Беларусь. Гэты калі і пойдзе каяцца, дык у касьцёл. У культурніцкіх справах Алесь рабіў шмат, але ніколі не афішаваўся – ці то з прыроднае сьціпласьці, ці ад таго, што мытнік, а да іх вядома якое стаўленьне, ці ад службовае асьцярожнасьці – ведаў, што кожны ягоны крок недзе пільнуецца.

Зразумела, у які з кантэкстаў упісваецца «незаконнае атрыманьне грашовых сродкаў», а ў які ня ўпісваецца.

У Эвангельлі паводле Лукі ёсьць такі эпізод:

«Расказаў (Ісус) таксама прыпавесьць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасьці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а ня той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG