Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эканоміць сталі нават на сукенках»: вясельны бізнэс падціскае паясы


Прадпрымальнікі Баранавічаў, якія працуюць у галіне арганізацыі вясельляў, канстатуюць, што бізнэс перажывае не найлепшыя часы. Людзі вучацца ашчаджаць на вясельлях.

Карэспандэнты Свабоды прайшліся па некаторых вясельных салёнах Баранавічаў.

Ірына Собаль, гаспадыня вясельнага салёну «Міланса»

Ірына Собаль, гаспадыня вясельнага салёну «Міланса»

Дырэктарка салёну «Міланса» Ірына Собаль кажа, што займацца вясельным бізнэсам стала вельмі цяжка: канкурэнцыя вялікая, а грошай у людзей усё менш. Яна не выключае, што некаторыя з больш чым дзясятку вясельных салёнаў у Баранавічах могуць зачыніцца.

«Людзі эканомяць, а таму аздабленьне залі ды сукенкі выбіраюць па мінімуму. Чатыры мільёны рублёў — гэта ўсё, на што цяпер разьлічваюць людзі. Усе кажуць, каб было прыгажэй, але каб ня вельмі дорага. Падладжваемся пад кліента, пад яго фінансавыя магчымасьці».

Вясельле каля баранавіцкага Дому грамадзянскіх абрадаў

Вясельле каля баранавіцкага Дому грамадзянскіх абрадаў

Канкурэнтка Ірыны з салёну «Мечта невест», які знаходзіцца зусім побач, — Вікторыя Шустал. Жанчына ўжо больш за дзесяць год працуе ў гэтым бізнэсе. Цяпер жа яна канстатуе значны спад:

«У нас заўсёды дзяліліся вясельлі на малабюджэтныя і буйнабюджэтныя. Калі раней да 85 працэнтаў вясельляў былі буйнабюджэтныя, то цяпер толькі працэнтаў 5. Мы гэта вельмі адчуваем. Вось цяпер езьдзілі аздобіць залю на 22 даляры.

Праблема яшчэ і ў тым, што зьявілася шмат падпольных дызайнэраў, нелегальных дэкаратараў, якія прапануюць свае паслугі праз інтэрнэт. Прычым часта ў такіх нелегалаў цэны большыя, чым у нас».

Маладыя людзі на кансультацыі ў вясельным салёне

Маладыя людзі на кансультацыі ў вясельным салёне

Вікторыя растлумачыла, на чым зараз эканомяць людзі, якія пастанавілі ўзяць шлюб:

«На нашых паслугах, напрыклад. Але ніколі не эканомяць на паслугах фатографаў і відэографаў. Наколькі мы ведаем, рэдка хто зь іх зьмяншае цану.

Самае сьмешнае, што эканоміць сталі нават на сукенках. Больш бяруць напракат, што зьмяншае выдаткі значна. Па бацьках маладых відаць крызіс. Калі маці нявесты глядзіць на цябе круглымі вачыма і кажа, што ўсё прыгожа, але трэба таньней…»

Ад вялікіх картэжаў з дарагіх прэстыжных аўто сталі адмаўляцца

Ад вялікіх картэжаў з дарагіх прэстыжных аўто сталі адмаўляцца

Аляксандар — жыхар Баранавічаў, які мае дарагі шыкоўны аўтамабіль. Доўгі час машына прыносіла яму значны даход, бо ён наймаўся зь сябрамі на падобных аўто вазіць вясельлі. Аднак цяпер, кажа Аляксандар, людзі пачалі ўвогуле адмаўляцца ад вясельных картэжаў:

«Зазвычай людзі напружваюцца на ўсю моц, каб адзначыць вясельле годна. Заўсёды ж прыгожа выглядае, калі нявесту вязе прыгожая белая машына, а ззаду едуць 3-5 аднолькавых чорных. І вось гэтая частка вясельнага бізнэсу пацярпела найбольш, бо першае, на чым сталі эканоміць — гэта аўтамабілі.

Яшчэ пару год таму людзі замаўлялі па 5 аўтамабіляў, а цяпер абмяжоўваюцца двума ці адным. Часам проста замаўляюць мікрааўтобус для перавозу гасьцей ды абыходзяцца сваімі машынамі. У студзені гэтага году колькасьць зваротаў да нас праз сацыяльныя сеткі зьменшылася ў 9 разоў у параўнаньні з студзенем мінулага году.»

«Людзі эканомяць, выбіраюць па мінімуму»

«Людзі эканомяць, выбіраюць па мінімуму»

Жыхарка Баранавічаў Вольга праз два тыдні выдае дачку замуж. Жанчына ладзіць невялікае вясельле на 40 чалавек. Кажа, што паводле папярэдніх падлікаў абыдзецца сьвята ў 5 тысяч даляраў:

«Крэдыту мы ня бралі, не пазычалі на вясельле. У мяне муж у Расеі працуе, добра зарабляе, то адкладалі пакрыху. І гэта ж у мяне не найвышэйшага ўзроўню вясельле, а так, сярэдненькага. Мы вырашылі зэканоміць на фота- і відэаздымцы. Напружылася, пашукала па знаёмых.

Цэны на фота і відэа вар’яцкія проста, і я лічу, што гэта неапраўдана. Паслугі фота ў нас у горадзе каштуюць 450-500 даляраў. А я знайшла за 260. На сукенцы ўсё ж вырашылі не эканоміць, купілі новую, і гэта нам абышлося ў 300 даляраў. Мы зэканомілі на залі — робім не ў бары ці кавярні, а ў сталоўцы. Там заказ — 400 тысяч на чалавека, а ў барах даходзіць да мільёну».

Спадарыня кажа, што адмовілася і ад вялікага картэжу, наняла толькі 2 прадстаўнічыя аўтамабілі для жаніха і нявесты. Вольга кажа, што калі б муж не зарабляў добрых грошай за мяжой, то, магчыма, ад вясельля давялося б адмовіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG