Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі раней удавалася нейкую капейку адкладваць, то цяпер гэта немагчыма...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

Абклаўшы падаткам так званых «дармаедаў», чыноўнікі разьлічвалі безь вялікіх намаганьняў атрымаць у бюджэт дадатковыя 85 мільёнаў даляраў. Аднак на мінулым тыдні выявілася, што грошай удалося спагнаць у дзесяць разоў меней, чым плянавалі, а вось сацыяльную напружанасьць кампанія барацьбы з «дармаедамі» шматкроць падвысіла.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну піша:

«Такое ўражаньне, што ў нас у Беларусі насьпявае рэвалюцыя. Народ бяднее на вачах. І тут яшчэ многіх дабілі гэтым „дармаедзкім“ падаткам. Адкуль у вёсцы чалавек, які ня мае працы, можа ўзяць 360 рублёў? Вось я ведаю ў нас у Ляхаўцах адну сям’ю. Бацька яшчэ не на пэнсіі, але з працы звольнены. Сын таксама звольнены, а ягоная жонка даглядае дзіця, таксама без заробку. Дык як яны выжываюць? Сын купляе танную гарэлку, потым яе перапрадае — і з гэтага мае нейкую капейку.

Яго, праўда, на біржы на ўлік паставілі. Але ж гэта часова, там доўга трымаць ня будуць.

Яшчэ адна катэгорыя — пітушчыя, алькаголікі. Тыя ідуць да прыватніка. Адпрацуе дзень на полі ці на гаспадарцы — потым прап’е. Або пазычыць пад высокі працэнт — і таксама прап’е. І такія, канечне, ніякага падатку плаціць не зьбіраюцца.

Бяднеюць цяпер і пэнсіянэры. Вось у мяне пэнсія 171 рубель. Цяпер дабавілі 21 рубель. Але праблему гэта не вырашае. На ўвесь люты засталося 25 рублёў. Гэта праз тое, што мусіў заплаціць страхоўку — 34 рублі. А дарэмна. Бо лекі ад ціску заканчваюцца, і на хлеб ужо няма. Я ўжо маўчу пра сала ці каўбасу... І дровы заканчваюцца. Яшчэ добра, што няма моцных маразоў. З брыкетам неяк да вясны дацягну...

Калі раней удавалася нейкую капейку адкладваць, то цяпер гэта немагчыма. Дужа дорага ўсё ў нас, асабліва ў аўталаўцы. Дык людзі стараюцца шукаць, дзе таньней. Едуць у „Эўраопт“. Асабіста я важу хлеб з Ратна і з Даманава — з Украіны. Там ён фактычна ўдвая таньнейшы. Што адметна, там таньнейшае і сала, і многія іншыя харчы».

Пра Ўкраіну — вельмі красамоўны факт. Дзяржава ўжо трэці год ваюе, траціць на ўтрыманьне арміі вялізныя грошы. Пры гэтым усе энэрганосьбіты вымушана купляць па сусьветных коштах. А па хлеб ды сала беларусы з памежных рэгіёнаў езьдзяць да ўкраінцаў, хоць у Беларусі нібыта і стабільнасьць, і парадак, і захаваны калгасны лад, і танны газ ад расейскага саюзьніка.

Увогуле, расповеды пра жыцьцё ў цяперашняй беларускай вёсцы — гэта найчасьцей гісторыі не жыцьця, а выжываньня. Гэтым людзям дапамагчы б, ну ці хоць бы не замінаць, каб самі неяк выжывалі. А дзяржава замест гэтага па іх — «дармаедзкім» указам, як абухом па галаве.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў пільна сачыў за нечаканай сустрэчай прэзыдэнта Лукашэнкі са сваім зацятым апанэнтам — галоўным рэдактарам «Народнай Волі» Ёсіфам Сярэдзічам. Сустрэча гэтая слухача насьцярожыла. Кастусь Сырэль піша:

«Нейкае пачуцьцё небясьпекі яна выклікае, бы нейкая пастка рыхтуецца.

Апошні прыкладна год Рыгоравіч бы мёдам нашмараваўся. Ніводнага праблемнага і раней для яго спрэчнага пытаньня не адкідае, хоць, праўда, толькі на словах. Беларуская мова? Ды калі ласка! Беларускі ўнівэрсытэт? Ноў прОблем, але трэба акуратна сесьці, падумаць, памеркаваць, узважыць, прапрацаваць. Спрасьціць адміністратыўныя працэдуры для бізнэсу? О-о-о, я, я, нацюрліх, мы і праверкі спынім, і неабгрунтаваныя патрабаваньні скасуем, толькі спачатку падумаем уважліва, як гэта зрабіць, каб шкоды якой не ўчынілася! Канстытуцыйную рэформу зладзіць? Йес, оф кос! Колькі артыкулаў акуратна памяняць загадаеце, шаноўны Ёсіф Паўлавіч? Пяць? Дзесяць? Усё для вас! Пераемнасьць улады? Пра што размова, ну канечне, яна павінна быць, у сэнсе — пераемнасьць, а як жа безь яе, безь яе ніяк нельга, я, венцаносны, ужо амаль 23 гады толькі пра гэта і думаю, і ўдзень, і ўначы!

Ведаеце, што мне гэта нагадвае? Шахматную партыю, дакладней, эндшпіль на палітычнай дошцы нашай краіны. Становішча Рыгоравіча незайздроснае — ён трапіў адначасова і ў цэйтнот, і ў цугцванг (і час прысьпешвае, і пазыцыя яго такая, што які ход ні зрабі, будзе толькі горш). І вось Рыгоравіч ліхаманкава робіць падманныя хады, то бок ахвяруе пешку за пешкай. Ён ужо рыхтуе ахвяру адной зь лёгкіх фігур, то бок слана ці каня. Ён заманьвае апазыцыйнага караля ў пастку, каб злавіць „вілку“ на яго і фэрзя, і тады...

Ведаеце, я не вялікі знаўца шахмат, асабліва палітычных. Да таго ж надта многа інфармацыі прыхавана ад мяне. Таму не магу сказаць, што будзе „тады“. Але нешта мне падказвае, што ня варта садзіцца гуляць у шахматы за „круглы стол“ з Наздровымі».

Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам Ёсіф Сярэдзіч выказаў меркаваньне, што цяперашні прэзыдэнт — зусім ня той, што быў 20 год таму. Гэтае сьцьвярджэньне выклікала шырокую дыскусію ў сеціве.

Вядома, за такі тэрмін кожны чалавек істотна зьмяняецца (часта — непазнавальна). Але што да гатовасьці Лукашэнкі добраахвотна сысьці з прэзыдэнцкай пасады, адмовіцца ад аўтарытарнай мадэлі ўлады, правесьці дэмакратычныя выбары... Якія б намёкі наконт гэтага ні рабіў цяперашні кіраўнік краіны, у праўдзівасьць такіх намераў верыцца зь цяжкасьцю. Ніводнага кроку ў гэтым напрамку за 23 гады свайго прэзыдэнцтва ён не зрабіў.
_____________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG