Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падчас аналізу асноўных тэндэнцый 2015 году зьвяртае на сябе ўвагу пэўны парадокс. Упершыню за паўтара дзесятка гадоў у Беларусі здарыўся клясычны эканамічны крызіс, зафіксаваны афіцыйнай статыстыкай. Падзеньне валавога ўнутранага прадукту на 3,9% не адлюстроўвае ўсяго драматызму сытуацыі ў прамысловасьці. Напрыклад, за студзень-кастрычнік 2015 вытворчасьць трактароў зьменшылася на 38%, кар’ерных самазвалаў — на 45%, збожжаўборачных камбайнаў — на 78,5%. У кастрычніку наогул спынены выпуск тэлевізараў. Тэлевізійная галіна, якая была калісьці гонарам беларускай прамысловасьці, загінула. Экспэрты лічаць, што і шэраг іншых прамысловых гігантаў Беларусі ўжо наўрад ці атрымаецца выратаваць. Фактычна, запушчаны працэс дэіндустрыялізацыі краіны. Па ўзроўні заробку ў далярах Беларусь адкінутая ў 2009 год.

Хоць мы даўно ўжо адрынулі марксісцкую тэорыю, якая жорстка дэтэрмінавала грамадзкае жыцьцё эканамічнымі працэсамі, тым ня менш было б глупствам адмаўляць моцны ўплыў эканомікі на сацыяльна-палітычныя адносіны, матывы паводзінаў людзей.

Дык вось тут мы сутыкаемся з пэўным парадоксам. Эканамічная сыстэма краіны дасягнула свайго дна. А палітычны рэжым апынуўся на піку сваёй магутнасьці. Пагрозы яго існаваньню фактычна зьніклі ці загнаныя ў лятэнтны стан.

Эканамічны крызіс не перарос у сацыяльны і палітычны. Хоць узровень жыцьця насельніцтва рэзка ўпаў, але ніякіх публічных пратэстаў на гэтай глебе ў краіне амаль не адбывалася. Не было працоўных канфліктаў, страйкаў ці хаця б публічнага збору подпісаў з патрабаваньнем, напрыклад, падвышэньня заробкаў. Адзінае выключэньне — нядаўняя акцыя студэнтаў БДУ. У 2012 годзе было шмат падобных выпадкаў. Цяпер няма.

Як паказала прэзыдэнцкая кампанія, гэтым разам у Аляксандра Лукашэнкі не знайшлося сур’ёзных супернікаў. Падчас мінулых выбараў былі, цяпер ня стала. І, дарэчы, параўнальна лібэральны рэжым, у якім прайшла кампанія, тлумачыцца ня толькі імкненьнем нармалізаваць адносіны з Захадам, але і тым, што кіраўнік дзяржавы ня бачыць пагрозы сваёй уладзе. Бо ў 2010 годзе ён таксама хацеў размарозіць дачыненьні з ЭЗ і ЗША, але калі 19 сьнежня пратэставаць на вуліцу выйшлі дзесяткі тысяч, то Лукашэнка ані хвіліны не хістаўся, махнуў рукой на Захад і ажыцьцявіў жорсткую зачыстку. А цяпер вядзе сябе паблажліва, бо няма з кім ваяваць.

Украінская трагедыя моцна траўмавала беларускі соцыюм, спарадзіла страх

Раней у вачах Лукашэнкі Захад быў небясьпечным ворагам, які падтрымліваў апазыцыю, ладзіў санкцыі. А цяпер і той стаў ляяльным, апазыцыю падтрымлівае ў асноўным толькі маральна, санкцыі прыпынены.

Замест апазыцыі Лукашэнка цяпер спрачаецца з намэнклятурай. Эканамічныя праблемы, неабходнасьць атрыманьня крэдыту МВФ выклікалі пэўныя спрэчкі ўнутры кіроўнай групоўкі. Як вядома, раскол эліт — адна з прыкметаў крызісу. Але, здаецца, гэта ня наш выпадак. Ва ўсялякім разе, пакуль. Намэнклятура ў Беларусі — не суб’ект палітыкі. Яна знаходзіцца ў залежным, прыгнечаным стане. Толькі гэтым годам некалькі міністраў і намесьнікаў міністраў трапілі за краты і апынуліся поўнасьцю безабароннымі. Калі арыштаваных апазыцыянэраў абараняе Захад, праваабаронцы, незалежныя мэдыі, то за высокіх намэнклятуршчыкаў не заступаецца ніхто. Бо ім не пашанцавала, выпаў нешчасьлівы лёс.

Прычын такога разрыву паміж эканамічным крахам сацыяльнай мадэлі і ўзрастаньнем моцы рэжыму даволі шмат. Галоўная палягае ў тым, што ўкраінская трагедыя моцна траўмавала беларускі соцыюм, спарадзіла страх. А патрэба ў бясьпецы — адна з галоўных патрэбаў чалавека. У такой сытуацыі ўзьнікае запыт на моцную ўладу, якая ў беларускіх умовах асацыюецца з Лукашэнкам. Ілюстрацыяй масавых настрояў магла б стаць рэпліка, якая прагучала ў рэпартажы нашага радыё напярэдадні выбараў. «Ніхто нас не бамбіць. Гэта толькі яго заслуга», — казала бабуля з Дрыбіна, перабіраючы цыбулю, калі яе спыталі наконт кандыдата ў прэзыдэнты.

Як доўга можа цягнуцца гэты разрыў паміж эканамічнай дэградацыяй і палітычнай стабільнасьцю? Цяжка даваць прагноз у непрагназуемай сытуацыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG