Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стары Ольса» сабраў 30 тысяч на альбом рок-гітоў і паедзе ў тур па ЗША


Вокладку для альбому клясыкі заходняга року на сярэднявечных інструмэнтах распрацуе фанат гурту з Бразыліі.

Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» пасьпяхова завяршыў збор грошай на Kickstarter.

На альбом рок-гітоў у сярэднявечнай апрацоўцы атрымалася за 30 дзён сабраць $29 890 пры мінімальна неабходных $7 000 (сем тысяч сабралі за тыдзень). Гэта толькі пяты пасьпяховы праект беларусаў на Kickstarter, да таго ў беларусаў атрымлівалася сабраць грошы на тры відэагульні і адзін спэктакль.

У альбом трапяць «One» гурту Metallica, «Another Brick in the Wall, part II» Pink Floyd, «Californication» Red Hot Chili Peppers, «Ob-la-di, Ob-la-da» і «A Hard Day’s Night» гурту Beatles, «Child in Time» Deep Purple, «Smells Like Teen Spirit» Nirvana, а таксама дзьве песьні, абраныя фанатамі.

Падлік галасоў фанатаў яшчэ вядзецца, але, як кажа музыка гурту Марыя Шарый, папярэднія лідэры — «Highway to Hell» гурту AC/DC і «Iron Man» Black Sabbath. Таксама ахвяравальнікі атрымаюць у якасьці бонусу беларускую песьню, «Пахвала Вітаўта» з паэмы Міколы Гусоўскага, якая ўвойдзе ў канцэртны альбом «Кола рыцэрска», які гурт прэзэнтуе 15 красавіка.

Гурт плянуе выправіцца ў тур па ЗША, пачынаючы з канцэрту ў Лос-Анжэлесе ў жніўні. Даты і месцы туру, кажа Марыя, удакладняюцца. Як і раней, гурт не плянуе адмаўляцца ад сярэднявечнай музыкі — і на амэрыканскіх канцэртах выканае ня толькі рок-гіты, але і звыклыя для сябе старадаўнія беларускія мэлёдыі.

На альбом давалі грошы пераважна замежнікі: кампанію падтрымалі 638 амэрыканцаў, 97 брытанцаў і 67 беларусаў, а таксама аўстралійцы, канадцы, немцы, французы і многія іншыя. Вокладку для альбому створыць бразыльскі фанат «Ольсаў», дызайнэр Джуліяна Мэдына (Juliano Medina).

Ахвочым падтрымаць гурт прапаноўвалася ня толькі папярэдняя замова альбому за 10-20 даляраў, але і асаблівыя падарункі пры ахвяраваньні большых сумаў: зробленыя ўручную ўдзельнікамі гурту скураныя торбы і паясы, нататнікі і кнігі рэцэптаў, сапраўдныя гусьлі, пэрсанальны канцэрт праз Skype і нават эксклюзіўны запіс песьні на выбар ахвяравальніка (апошні лот за тысячу даляраў замовілі два чалавекі).

Амаль адначасова з «Ольсамі» збор грошай на альбом вядзе іншы беларускі музыка, Лявон Вольскі. На момант публікацыі ў яго атрымалася сабраць каля паловы неабходнай сумы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG