Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Мікалай Дзядок зноў будзе вучыцца ў ЭГУ. А зь ім яшчэ 200 першакурсьнікаў


1 кастрычніка ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце пачаўся новы навучальны год.

Летась у ЭГУ адбыліся сур’ёзныя зьмены, прайшлі выбары новага рэктара — кіраўніком беларускай навучальнай установы ў выгнаньні стаў амэрыканец Дэйвід Полік, які паабяцаў правесьці сур’ёзныя арганізацыйныя і структурныя пераўтварэньні.

Мінулы навучальны год для Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту сапраўды быў даволі складаны: і выкладчыцкі, і студэнцкі калектывы вельмі сур’ёзна і эмацыйна паставіліся да выбараў новага рэктара, абстаноўка ў навучальнай установе была даволі нэрвовая. Да таго ж перад ЭГУ паўсталі сур’ёзныя фінансавыя праблемы і непаразуменьні зь некаторымі донарамі. Чакалася, што могуць узьнікнуць цяжкасьці з наборам студэнтаў. Пра ўсё гэта ішла гаворка і на ўнівэрсытэцкай студэнцкай канфэрэнцыі, і ў СМІ, такія асьцярогі выказвала і беларуская грамадзкасьць.

Сёлета прыйшло каля 200 новых студэнтаў, і ЭГУ будзе перажываць адраджэньне місіі ды каштоўнасьцяў унівэрсытэту, адзначыў новаабраны рэктар, прафэсар Дэйвід Полік у прамове перад першакурсьнікамi:

Дэйвід Полік
Дэйвід Полік

«Праз паступленьне ў ЭГУ вы, першакурсьнікі, прадэманстравалі ўласную адвагу і храбрасьць. Рашэньні, якія вы будзеце прымаць, вызначаць будучыню вашай краіны. У сваю чаргу, стратэгічны плян разьвiцьця ЭГУ ды падрыхтоўка да пераезду навучальнага корпусу ў новы будынак, што знаходзіцца ў Старым горадзе Вільні, пацьвярджаюць стабільнасьць нашага ўнівэрсытэту і пасьлядоўную падтрымку з боку Літвы дзеля таго, каб наша супольнасьць працягвала распаўсюджваць дэмакратычныя ідэалы ва Ўсходняй Эўропе».

Што да магістратуры, у ЭГУ атрымалі на траціну больш заявак ад патэнцыйных магістрантаў, чым звычайна. На праграмах «Міжнароднае права», «Права Эўрапейскага Зьвязу» і «Публічная палітыка» колькасьць магістрантаў павялічылася ў два разы, распавяла выкладчыца дэпартамэнту сацыяльных і палітычных навук, сябра прыёмнай камісіі ЭГУ Тацяна Чуліцкая:

«Мы самі прыемна зьдзіўленыя, таму што ў гэтым годзе на магістратуру ў нас атрымалася больш заявак, чым раней. Я магу дакладна сказаць пра „Публічную палітыку“: у нас быў конкурс сёлета, і прыйшлі вельмі добрыя абітурыенты. Мы набралі групу ў 16 чалавек, і гэта вельмі добра для магістратуры — пры пляне ў 10 чалавек.

У нас ёсьць новая праграма на бакалаўрэаце ў гэтым годзе, сумесная з Ковенскім унівэрсытэтам Вітаўта Вялікага — „Усясьветная палітыка і эканоміка“. Для нас гэта вельмі прынцыповы, цікавы экспэрымэнт. Гэта магчымасьць для беларусаў атрымліваць падвойную адукацыю: і палітычную, і эканамічную. Я лічу, што гэта для нас, палітолягаў ЭГУ, вялікі крок наперад».

Дарэчы, на новай бакаляўрскай праграме «Ўсясьветная палітыка і эканоміка» будзе вучыцца былы палітвязень Мікалай Дзядок.

А вось што да бакаляўрскіх праграмаў, тут назіраецца пэўнае зьніжэньне колькасьці абітурыентаў. На дзённым аддзяленьні на некаторых спэцыяльнасьцях недабор, на завочным аддзяленьні сытуацыя яшчэ больш трывожная. Кіраўнік аддзелу ЭГУ па наборы студэнтаў Максімас Мілта тлумачыць гэта так:

Максімас Мілта
Максімас Мілта

«Гэта зьвязана найперш з шэрагам прычын у Беларусі. Бо Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць менавіта для Беларусі, абсалютная большасьць нашых студэнтаў — 95% — зь Беларусі. Таму ўзрушэньні, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, як у гэтым годзе — вялізная дэвальвацыя беларускага рубля, дэмаграфічная яма, якая становіцца ўсё глыбейшай — натуральна, пэўным чынам уплываюць на тое, як адбываецца набор на бакаляўрскія праграмы.

— Гэта можна сур’ёзным недаборам назваць?

— Не. Мы запусьцілі ўсе бакаляўрскія праграмы. Апроч таго, мы запусьцілі новую праграму, якая ажыцьцяўляецца сумесна з Унівэрсытэтам Вітаўта Вялікага ў Коўне. Студэнты гэтай праграмы будуць вучыцца адначасова і ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, і ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага, і атрымаюць два дыплёмы».

Летась Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт сутыкнуўся з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі. Істотна зьнізілася фінансаваньне з боку галоўнага донара — Эўрапейскай камісіі, паменела іншых спонсараў. У чэрвені 2015 году Траставы фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту правёў восьмы штогадовы Сход Асамблеі донараў, на якім рэктар Дэйвід Полік прадставіў плян агульнага разьвіцьця ЭГУ, прынцыпы інстытуцыйнага фінансаваньня, бюджэт і мэты на 2015–2016 навучальны год. Што фінансавыя праблемы ва ўнівэрсытэце ёсьць і цяпер, кажа аддзелу ЭГУ па наборы студэнтаў ЭГУ Максімас Мілта:

«Тыя выклікі, зь якімі сутыкнуўся ўнівэрсытэт у мінулым годзе, натуральна, адчуваюцца і дагэтуль. І такія вялікія арганізацыйныя і фінансавыя выклікі ня могуць быць выпраўленыя за адзін дзень ці за адзін месяц. Але мы вельмі грунтоўна і вельмі пасьлядоўна працуем над зьмяншэньнем таго фінансавага дэфіцыту, які быў ва ўнівэрсытэце, і над тым, каб дзейнасьць унівэрсытэту была яшчэ больш эфэктыўнай і больш істотнай для Беларусі.

І ўся дзейнасьць ЭГУ ў гэтым годзе будзе грунтавацца на трох асноўных прынцыпах. У першую чаргу, гэта працэс стратэгічнага плянаваньня, які вельмі актыўна адбываецца ва ўнівэрсытэце. Другі працэс — гэта блёк агульнаўнівэрсытэцкіх курсаў, тое, што па-ангельску завецца curriculum. І трэці момант, ня менш істотны, — гэта пераезд нашага ўнівэрсытэту ў новы навучальны корпус у Старым горадзе Вільні, што мы плянуем ажыцьцявіць ужо ў наступным годзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG