Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прафэсар ЭГУ Міхайлаў заўсёды балянсуе на мяжы, ходзіць па лязу праўды і хлусьні», — Мацкевіч


Будынак ЭГУ

Будынак ЭГУ

Прэзыдэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў даў інтэрвію выданьню The EHU Times, якое называецца «Я згодны з тым, што сытуацыя вакол унівэрсытэту абвастрылася».

Прафэсар Міхайлаў прызнае праблемы, якія ўтварыліся ў ЭГУ апошнім часам. Колькасьць акадэмічных праграмаў зьменшылася з 15 да 10, скарочана колькасьць дэпартамэнтаў — з 6 да 4, замест 27 падразьдзяленьняў засталося 16. Пачынаючы з 2009 году колькасьць студэнтаў ЭГУ паступова зьмяншалася. У 2009 годзе іх было каля 2 тысяч, а ў 2016 годзе засталося каля 650.

Анатоль Міхайлаў

Анатоль Міхайлаў

Вось і цяпер з ініцыятывы асноўнага донара — Эўракамісіі — спыняе сваю працу Траставы фонд Рады міністраў паўночных краінаў. Сэнат запатрабаваў адстаўкі двух сябраў Кіроўнай рады ЭГУ. Неўзабаве выбары новага рэктара.

Пагадзіўся прафэсар Міхайлаў і з тым, што імідж унівэрсытэту сапсаваны.

Але зьвяртаюць на сябе ўвагу вось гэтыя развагі Міхайлава пра «беларускасьць» і пра патэнцыял Беларусі ў сфэры гуманітарных і сацыяльных навук:

«Вось і цяпер, напрыклад, спрабуюць сьцьвярджаць, што ЭГУ страціў сваю „беларускасьць“. Што гэта азначае, мне цяжка зразумець...

Як бы мы ні ставіліся да рэйтынгаў унівэрсытэтаў, імёны Гарварда, Кембрыджа або Сарбоны ўсім добра вядомыя. І калі мы сустракаем там студэнтаў з розных краін сьвету, то яны прыяжджаюць туды зусім не для таго, каб, напрыклад, вывучаць нейкую „польскасьць“, „вугорскасьць“ або „казахскасьць“. Яны імкнуцца паступіць у гэтыя прэстыжныя ўнівэрсытэты для набыцьця якасных ведаў, якія далёка ня ўсюды забясьпечваюцца на такім узроўні. Якасьць гэтых ведаў назапашвалася на працягу стагодзьдзяў, яна забясьпечана размахам і маштабам дасьледаваньняў і публікацыяў, інтэнсіўнай перакладчыцкай і інтэрпрэтацыйнай працай. Беларусь, на жаль, ня можа пахваліцца наяўнасьцю магутнага патэнцыялу ў сфэры гуманітарных і сацыяльных навук — тых ведаў, якія асабліва неабходныя для асэнсаваньня і трансфармацыі рэальнасьці, у якой мы знаходзімся, а таксама вашага прафэсійнага станаўленьня ў гэтай сфэры. Гэты прыкры факт варта было б усьвядоміць і зрабіць зь яго належныя высновы, паказаўшы на асабістым прыкладзе канкрэтныя вынікі, а не марнаваць энэргію на павучаньне іншых... Дарэчы, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў Беларусі для гэтага існавала ўнікальная магчымасьць, можна было б стварыць дзясяткі ўнівэрсытэтаў, але чамусьці ёю не скарысталіся тыя, хто цяпер марнуе сваю энэргію на парады і рэкамэндацыі іншым».

Філёзаф, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч так пракамэнтаваў заявы прафэсара Міхайлава:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Гэты нагавораны тэкст, гэтае інтэрвію — такая езуіцкая маніпуляцыя. Па-першае, Міхайлаў робіць усіх сваіх апанэнтаў і тых, хто імкнуўся неяк рэфармаваць ці нармалізаваць працу ЭГУ, недарэчнымі нейкімі людзьмі. І наадварот, уздымае ўсіх тых, хто давёў ЭГУ да сёньняшняга гаротнага стану. То бок цалкам перакручвае адказнасьць і вінаватасьць — з хворай галавы на здаровую.

Па-другое, у Міхайлава — старая песьня пра тое, што ў Беларусі нічога няма, і тое, што робіць ён сам і ЭГУ — гэта прыцягненьне ў Беларусь прагрэсіўнай, перадавой заходняй думкі, прычым на пустое месца. Гэта тое, што выклікала нават абурэньне ад самага пачатку дзейнасьці ЭГУ на чале зь Міхайлавым. Бо без апоры на традыцыю, на акумуляваныя ў Беларусі навуковыя, філязофскія рэчы пабудаваць у нашай краіне можна толькі ўнівэрсытэт каляніяльны, скажам так, ці акупацыйны ўнівэрсытэт.

Міхайлаў заўсёды балянсуе на мяжы, ходзіць па лязу праўды і няпраўды, праўды і хлусьні.

З аднаго боку, трэба прызнаць, што не бывае ніякіх нацыянальных унівэрсытэтаў, якія б выгадоўвалі казахскасьць, беларускасьць, амэрыканскасьць у навучальным працэсе. Навучальны працэс ва ўнівэрсытэтах павінен быць касмапалітычны і павінен быць на ўзроўні ўсясьветных глябальных тэндэнцыяў.

Іншая справа, што ўнівэрсытэт не замыкаецца толькі на навучальных працэсах. Ёсьць студэнцкая супольнасьць, ёсьць клюбнае жыцьцё, ёсьць студэнцкія карпарацыі, асацыяцыі і гэтак далей.

І вось выхаваньне нацыянальнай эліты адбываецца ва ўнівэрсытэтах заўсёды па-за навучальным працэсам. А калі ў навучальным працэсе пануе ўстаноўка Міхайлава, што ўсё, што ў Беларусі ёсьць, ня вартае нічога, а трэба толькі запазычваць, — то вось гэта ёсьць пэўны нэакаляніялізм, які праводзіцца такой кампрадорскай акадэмічнай элітай.

У асобе Міхайлава гэта ўвасабляецца настолькі яскрава, што гэтым немагчыма не захапіцца.

На пачатку 1990-х у разгубленасьці яшчэ можна было б прызнаць міхайлаўскую ўстаноўку на тое, што ў Беларусі нічога свайго вартага няма. Можна было з гэтым спрачацца, але немагчыма было гэтага ня ўлічваць.

За апошнія 25 гадоў беларуская філязофія, беларускае мысьленьне, беларускія інтэлектуалы прасунуліся далёка, і ў тым ліку дзякуючы дзейнасьці ЭГУ. Можа, насуперак волі і жаданьню самога Міхайлава, але дзейнасьць супольнасьці ЭГУ гэтаму вельмі паспрыяла.

І сёньня размовы пра тое, што ў Беларусі нічога свайго няма — гэта ўжо поўная недарэчнасьць і поўная хлусьня".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG