Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ЭГУ — эўрапейскі ўнівэрсытэт з савецкімі мэтадамі кіраваньня», — Сяргей Харытонаў


Гэтак у інтэрвію Свабодзе ацаніў зьмену кіраўніцтва ў ЭГУ старшыня асацыяцыі выпускнікоў гэтай ВНУ Сяргей Харытонаў.

Выпускнік праграмы «Міжнароднае права», прэзыдэнт асацыяцыі выпускнікоў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргей Харытонаў апавёў Радыё Свабода, чаму дзейнасьць адміністрацыі ўнівэрсытэту дыскрэдытуе дэмакратычныя каштоўнасьці і чаму Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт можа лічыць сябе нашмат больш беларускай навучальнай установай.

— Сяргей, вы, выпускнік ЭГУ 2011 году, ініцыявалі заяву, у якой гучыць заклік не прызнаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «беларускім праектам». Пад заявай стаяць подпісы больш як 50 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, палітыкаў, дзеячаў асьветы, культуры і мастацтва. Якія былі вашы матывы?

— Тут няма палітыкі. Падчас абраньня рэктара меркаваньні выказвалі студэнты, супрацоўнікі, выпускнікі, а таксама прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці. Так і павінна быць, бо ЭГУ працуе не на самога сябе, а для Беларусі ў цэлым. Меркаваньне гучала такое: Дэйвід Полік ня можа быць рэктарам, бо ня мае базавых кампэтэнцыяў, якія былі агучаныя падчас абвяшчэньня конкурсу. Сэнс зваротаў, якія ўжо не аднойчы гучалі на адрас кіраўніцтва ЭГУ, — захаваць беларускае сэрца ўнівэрсытэту. У адказ Дэйвід Полік заяўляе журналістам, што патрабаваць ад ЭГУ беларускага вэктару разьвіцьця — «гэта вельмі вялікае патрабаваньне» і ён ня можа гарантаваць яго выкананьня.

— Чаму вы называеце працэдуру абраньня рэктара непразрыстай? Што вас насьцярожвае ў ёй?

— Пасьля гэтага абраньня ўжо ніякім чынам нельга казаць, што ЭГУ прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасьцяў і празрыстых працэдураў. Па-першае, падчас выбараў неаднаразова ўводзілі новыя працэдуры, гэта ўсё было зроблена за зачыненымі дзьвярыма, і нават прызначэньне Дэйвіда Поліка адбывалася ў аэрапорце Франкфурта без удзелу людзей па-за колам лабістаў Поліка. Па-другое, ва ўнівэрсытэце для легітымацыі Поліка былі створаныя пазыцыі, не прадугледжаныя ўнутранымі дакумэнтамі, — такім чынам Дэйвід Полік стаў правостам, а Анатоль Міхайлаў — прэзыдэнтам, хоць раней такіх пасадаў не было. Але ў той жа час увесьці ў Кіроўнай радзе пазыцыі для студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў падчас абраньня рэктара адміністрацыя не пагадзілася, спасылаючыся на тое, што Статут гэтага не дазваляе. Атрымліваецца, што ў абыход дакумэнтаў робіцца тое, што выгадна пэўнай групе, якая, нягледзячы ні на што, лабіравала асобу Дэйвіда Поліка на пасаду рэктара. Таму што можна казаць пра дэмакратычныя каштоўнасьці? Мы бачым, што ЭГУ — савецкая структура з састарэлымі мэтадамі кіраваньня, якая не зьвяртае ўвагі на думку беларускай грамадзкасьці.

Мы бачым, што ЭГУ — савецкая структура з састарэлымі мэтадамі кіраваньня, якая не зьвяртае ўвагі на думку беларускай грамадзкасьці

— Дэйвід Полік прыйшоў ва ўнівэрсытэт як крызісны мэнэджэр у канцы 2013 году. На вашу думку, ці добра ён выконвае сваю функцыю?

— Так, ён прыйшоў як кансультант ці крызісны мэнэджэр ужо даволі даўно. І толькі ў сярэдзіне красавіка 2015 году ён заявіў, што ўлетку зоймецца стварэньнем стратэгіі для ЭГУ. Мне не зразумела, што ён рабіў больш за год на пасадзе правоста, чаму не ствараў стратэгію ўвесь гэты час. Атрымліваецца, што ЭГУ доўгі час выплочваў 5% свайго бюджэту чалавеку, які нічога не зрабіў, апроч таго, што давёў унівэрсытэцкі бюджэт да дэфіцыту ў 1 мільён эўра.

— Новы рэктар ЭГУ заяўляў, што ягоныя продкі паходзяць зь Беларусі. Ці можна гэта лічыць дастатковым для чалавека, які бярэцца кіраваць беларускай навучальнай установай?

— Нам невядома, ці бываў Дэйвід Полік ва Ўсходняй Эўропе да свайго прызначэньня правостам ЭГУ. Можа, прыяжджаў як турыст, але гэта ня робіць яго экспэртам па беларускай сытуацыі. Ён ня ведае ніводнай мясцовай мовы. Пра беларускасьць новага рэктара добра гаворыць той факт, што цяпер ён пачаў вучыць расейскую мову. Тут адразу ўзгадваецца былы амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, які выдатна размаўляе па-беларуску. А для больш эфэктыўнага разьмеркаваньня бюджэту ЭГУ Дэйвід Полік прапануе зачыніць выдавецтва, якое працуе на базе ўнівэрсытэту і выдае добрыя кнігі для Беларусі. Невядомы лёс ініцыятывы, зьвязанай з трансфармацыйнымі дасьледаваньнямі, якая магла стаць сапраўды важным праектам у эўразійскім кантэксьце і стаць важным акадэмічным цэнтрам пад беларускім лідэрствам у вельмі пэрспэктыўнай галіне гуманітарных ведаў для дзяржаў былога СССР. Бязь яснай місіі ЭГУ незразумела — унівэрсытэт рыхтуе касмапалітаў з добрай адукацыяй для будаваньня эўрапейскай Беларусі ці ахвяраў з нацыянальнай траўмай без надзеі на пазытыўныя перамены ў нашым рэгіёне. Перамены робяць адукаваныя людзі, а іх адсутнасьць вядзе да павольнага згасаньня.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — гэта публічная інстытуцыя, якая ня мае ўладальніка, які б атрымліваў дывідэнды ад яе дзейнасьці. Выгады ад ЭГУ мае атрымліваць увесь беларускі народ. Гэта публічны праект. Але на практыцы, калі справа тычыцца ўнутраных працэсаў, нам кажуць, што ЭГУ — гэта прыватны ўнівэрсытэт, дзе ёсьць адмысловыя камісіі з кампэтэнтнымі людзьмі, якія ўва ўсім разьбяруцца. Але ці ня тое самае робіць любы аўтарытарны рэжым, выключаючы народ з працэсу кіраваньня краінай і спасылаючыся на тое, што кампэтэнтныя людзі разьбяруцца? Я ня бачу ніякай розьніцы.

— Што вы ведаеце пра звальненьне з пасады кіраўніка фінансавага дэпартамэнту Гедымінаса Капочуса?

— Гэты чалавек у свой час адкрыта выступіў супраць Дэйвіда Поліка і абнародаваў інфармацыю пра тое, што спадар Полік атрымлівае грошы па-за працэдурамі, прадугледжанымі дакумэнтамі ЭГУ, і патрабаваў ад адміністрацыі тлумачэньняў гэтым фактам.

— Як вы можаце пракамэнтаваць апошнюю заяву ЭГУ, у якой даецца статыстыка што да колькасьці студэнтаў і выкладчыкаў зь Беларусі?

— У апошняй заяве ЭГУ напісана, што ўнівэрсытэт прымае ў асноўным студэнтаў зь Беларусі, якіх навучаюць беларускія ж выкладчыкі, а пасьля навучаньня вялікая частка студэнтаў вяртаецца працаваць у Беларусь. Дык давайце возьмем Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — там такая самая статыстыка. Дык калі такой лёгікай карыстацца, то БДУ будзе нашмат больш беларускім, чым ЭГУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG