Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ: Шорт-ліста пакуль няма. На пасаду рэктара па-ранейшаму прэтэндуюць 7 чалавек


Пасьля праведзеных інтэрвію з кандыдатамі на пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта камітэт па адборы кіроўнай Рады пачне рыхтавацца да наступнай фазы адбору.

Увага будзе сканцэнтравана на разглядзе інтэрвію і дыскусій. А таксама на выпрацоўцы пунктаў для абмеркаваньня ў рамках заключнага этапу ацэнкі кандыдатаў. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэсавай службе навучальнай установы.

Кіроўная рада спадзяецца, што рэкамэндацыі агульнаму сходу сузаснавальнікаў адносна кандыдатуры новага рэктара будуць зроблены да 1 сакавіка наступнага году.

У прэс-службе ЭГУ не пацьвердзілі інфармацыю, распаўсюджаную ў беларускіх СМІ, што ў шорт-лісьце прэтэндэнтаў на рэктара засталіся тры кандыдатуры: выканаўца абавязкаў рэктара Дэвід Полік, кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксандар Мілінкевіч і прафэсар філязофіі ЭГУ Тацяна Шчытцова.

«Такога паведамленьня яшчэ няма. Я такога паведамленьня пра другі шорт-ліст яшчэ не атрымлівала. Я ведаю, што ён будзе вызначаны, дзе будуць два ці тры кандыдаты», — сказала карэспандэнту Свабоды Тацяна Шчытцова.

«Гэта будзе вызначана пазьней. Канчатковае рашэньне не прымалася сёньня», — сказаў карэспандэнту Свабоды старшыня студэнцкай рады Дзяніс Кучынскі.

У ЭГУ паведамілі, што пакуль засталіся на разглядзе сем кандыдатаў на пасаду рэктара.

Раней 40 дзеячаў грамадзтва і культуры Беларусі, сярод якіх Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Аляксандар Вайтовіч, Алесь Бяляцкі, Радзім Гарэцкі, выступілі са зваротам, у якім заклікалі абраць рэктарам грамадзяніна Беларусі і захаваць «беларускае сэрца» ЭГУ.

Цягам апошніх двух дзён у ЭГУ адбыліся сустрэчы кандыдатаў у рэктары са студэнтамі і выкладчыкамі.

Сустрэчы з патэнцыйнымі рэктарамі ЭГУ — вынік настойлівасьці студэнтаў. Як адзначыў старшыня студэнцкага прадстаўніцтва ўнівэрсытэта Дзяніс Кучынскі, менавіта студэнты сталі ініцыятарамі такога кантактаваньня, паколькі хочуць ня толькі пазнаёміцца з кандыдатамі, але і даведацца пра іх бачаньне будучыні ўнівэрсытэту.

XS
SM
MD
LG