Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Донары: «Мы жадаем бачыць ЭГУ важкай часткай Усходняй Эўропы. Студэнты ЭГУ будуць вызначаць будучыню Беларусі»


Донарская канфэрэнцыя ў ЭГУ

Донарская канфэрэнцыя ў ЭГУ

У сталіцы Літвы праходзяць мерапрыемствы, прысьвечаныя 10-годзьдзю знаходжаньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні.

10 сакавіка з ініцыятывы Міністэрства замежных спраў Літвы прайшла міжнародная донарская канфэрэнцыя «Дзесяцігодзьдзе ЭГУ ў Вільні — ствараем будучыню Эўропы разам». У ёй узялі ўдзел эўрапейскі камісар па пытаньнях адукацыі, міністры замежных спраў Літвы і Чэхіі, старшыня Сэйму Літвы, генэральны сакратар Супольнасьці дэмакратыяў, прадстаўнікі Рады міністраў паўночных краін, Эўрапейскай службы зьнешнепалітычнай дзейнасьці, амбасадары і кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў-донараў ЭГУ — Нарвэгіі, Швэцыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Аўстрыі, Польшчы, Грэцыі, Фінляндыі, Славаччыны, Эстоніі, Латвіі, Даніі і іншых краін, паведамляе сайт ЭГУ.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус павіншаваў кіраўніцтва ЭГУ зь дзесяцігодзьдзем пасьпяховай працы ўнівэрсытэту ў Вільні:

«Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — унікальны праект, які на працягу 10 год дэманструе выбітныя вынікі. Сёньня мы глядзім у будучыню разам з унівэрсытэтам і гатовыя падтрымаць яго амбітныя пляны».

Эўрапейскі камісар па пытаньнях адукацыі, культуры, моладзі і спорту Тыбар Наўрачыч дадаў:

«ЭГУ, бясспрэчна, стаў высакаклясным унівэрсытэтам для беларускай моладзі. Адна з найбольш яскравых ілюстрацыяў посьпеху Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту — яго выпускнікі, 60% якіх вярнуліся на радзіму і працуюць дзеля Беларусі».

Госьці наведалі ўнівэрсытэт, а таксама будучы навучальны корпус ЭГУ ў адрэстаўраваным памяшканьні кляштару аўгусьцінцаў у самым сэрцы віленскага Старога гораду. У Сэйме Літвы донары і ўплывовыя эўрапейскія чыноўнікі абмеркавалі пытаньні будучай фінансавай падтрымкі місіі ЭГУ.

Па словах старшыні Сэйму Літвы Ларэты Граўжынене, «ЭГУ — гэта ўнікальны і адзін з самых пасьпяховых праектаў па падтрымцы дэмакратычных трансфармацыяў. Я асабліва ўзрадаваная тым, што наступны навучальны год ЭГУ плянуе распачаць у новым навучальным корпусе ў віленскім Старым горадзе».

Міністар замежных спраў Чэхіі Любамір Зааралэк адзначыў: «Студэнты ЭГУ будуць вызначаць будучыню сваёй краіны — Беларусі. Мы павінны працягваць палітыку падтрымкі прагрэсіўнага маладога пакаленьня».

Рэктар ЭГУ прафэсар Дэйвід Полік прадставіў зацьверджаны Стратэгічны плян ЭГУ на 2016–2021 гады.

Удзельнікі канфэрэнцыі выказалі аднагалосную адданасьць важнасьці місіі ЭГУ. Досьвед ЭГУ асабліва важны ня толькі з-за далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу, але і дзеля таго, каб весьці канструктыўны дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

«Мы жадаем бачыць ЭГУ важнай часткай Усходняй Эўропы. ЭГУ павінен накіроўваць яшчэ больш высілкаў дзеля навядзеньня мастоў. ЭГУ павінен ня толькі стаць месцам канцэнтрацыі беларусаў, але і цэнтрам беларускіх дасьледаваньняў. Фонд Конрада Адэнаўэра працягвае аказваць падтрымку ЭГУ. Мы таксама рады абвясьціць пра стварэньне дзьвюх дадатковых стыпэндыяў імя Конрада Адэнаўэра для студэнтаў ЭГУ», — сказаў былы прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту, старшыня Фонду Конрада Адэнаўэра доктар Ганс-Герт Пётэрынг.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў створаны ў Менску ў 1992 годзе. У ліпені 2004 году ЭГУ вымушаны быў спыніць сваю працу ў Беларусі, а 10 сакавіка 2006 году пачаў працаваць на выгнаньні — у Вільні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG