Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады зрабілі з краіны турму», — праваабаронца з Горадні Эдвард Дмухоўскі адбыў 15 сутак


Эдвард Дмухоўскі пасьля 15 сутак арышту

Пра Дзень Волі і яшчэ 14 дзён у турме Свабодзе распавёў гарадзенскі актывіст і праваабаронца Эдвард Дмухоўскі.

Эдварда Дмухоўскага асудзілі на 15 сутак пасьля «Марша недармаедаў», які адбываўся ў Горадні 15 сакавіка. Дмухоўскі тады выступаў на плошчы Леніна. Сёньня яго на волі сустракалі сябры і карэспандэнт Свабоды.

— Эдвард, як пачуваесься пасьля 15 сутак?

— Нармальна пачуваюся, скардзіцца ня буду. Умовы як у турме — духата, горача, але вада была нават цёплая, выводзілі на шпацыр. Ад ежы я адразу адмовіўся, напісаў заяву, я нават не паспытаў іх баланды, жыў з таго, што перадавалі сябры і родныя з волі. Зрэшты, мне так параілі зрабіць сябры. Дзякуй усім, хто дасылаў мне лісты, паштоўкі, перадачы. Гэта было вельмі важным для мяне.

— З кім табе даводзілася сядзець разам у камэры?

— Кантынгент — бамжы, крымінальнікі, дэбашыры, дробныя хуліганы... Але да мяне яны ставіліся нармальна, маўляў, што ты тут робіш, ты ж сядзіш ні за што. Зрэшты, яны ўсе добра арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў краіне. Дарэчы, ім ніхто не прыносіў перадач, я частаваў іх тым, што прыносілі мне, і ім было вельмі прыемна. Адзіная праблема была, калі ў іх сканчаліся цыгарэты. Тады яны папросту не знаходзілі сабе месца.

Эдвард Дмухоўскі падчас выступу на плошчы Леніна 15 сакавіка 2017 году

Эдвард Дмухоўскі падчас выступу на плошчы Леніна 15 сакавіка 2017 году

— Як яны арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў краіне?

— Так, яны, як і ўсе людзі, кажуць, што Лукашэнка ўжо надакучыў, што ўладу трэба мяняць, што ён давёў краіну да ручкі. Кожны расказваў, як іх садзяць на суткі, як адмыслова пільнуюць, падстаўляюць, а потым судзяць. Я шмат новага даведаўся пра нашу міліцыю. І прыхільнікаў цяперашняй улады і прэзыдэнта я тут не сустрэў.

— А што да тых людзей, якія вас ахоўвалі — яны падтрымліваюць уладу?

— Ад іх можна было пачуць толькі брудную лаянку, роў, крык незразумела дзеля чаго. Я нават запісваў іх выразы, некалі апублікую. Сыстэма трымаецца толькі на тым, што карае чалавека, нічога іншага яна не дае: галоўнае — прынізіць чалавека. А каго яны падтрымліваюць — цяжка зразумець...

Зь сябрамі на волі: Анатоль Мышкевіч, Эдвард Дмухоўскі, Віталь Гуляк

Зь сябрамі на волі: Анатоль Мышкевіч, Эдвард Дмухоўскі, Віталь Гуляк

— Ты сядзеў якраз у Дзень Волі. Ці памятаеш той дзень?

— Так, памятаю. Мяне якраз перакідвалі з аднае камэры ў іншую, але я ўвесь час думаў пра тое, што адбываецца ў Менску, хваляваўся. І потым зразумеў, што мае хваляваньні былі небеспадстаўныя. Але ў душы я адчуваў, што менавіта сёньня Дзень Волі.

— А як было з атрыманьнем інфармацыі?

— Я хоць і запозьнена, але атрымліваў газэты празь перадачы ад сяброў і родных. З сабой узяў некалькі кніжак і чытаў.

— Пра што там думалася?

— Калі нарэшце ўсё гэта скончыцца, калі скончыцца гэтая турма ў нашай краіне! Там асабліва відавочна, што ўсе беды ў нашым грамадзтве ад бяздарнага кіраўніцтва, якое завяло краіну ў такі тупік. Людзі пʼюць ад бездапаможнасьці, таму што ня маюць працы і заробку. Уся праблема, што больш чым за 20 год свайго панаваньня яны так і не далі магчымасьці людзям свабодна працаваць, зарабляць грошы. Яны зрабілі з нашае краіны суцэльную турму.

— За гэтыя дні на волі ўсталявалася сапраўднае вясеньняе надворʼе. Там яно адчувалася?

— Так, тут сонейка напоўніцу, прыемна. А там, праз краты, яно зусім маленькае. І дыхаецца тут вельмі добра, паветра сьвежае. Таму трэба абавязкова працягваць тое, што робім, і дабівацца тае Беларусі, пра якую мы ўсе марым, каб гэтае сонейка заўсёды сьвяціла нам напоўніцу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG