Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 сьнежня падчас прэсавай канфэрэнцыі былы палітвязень Эдуард Лобаў якой адказваў на пытаньні адносна свайго чатырохгадовага зьняволеньня і цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.

Прэсавая канфэрэнцыя Эдуарда Лобава, якая адбылася ў офісе БНФ, пачалася са згадваньня падзеі чатырохгадовай даўніны — прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня выбараў, які быў жорстка разагнаны ўладамі, а большасьць кандыдатаў на прэзыдэнта трапілі за краты. З палітвязьняў Плошчы пасьля вызваленьня Эдуарда Лобава за кратамі застаўся толькі Мікалай Статкевіч. Паводле Эдуарда, у калёніі № 22, дзе ён сядзеў, большасьць вязьняў ведаюць пра лёс Мікалая Статкевіча і жадаюць яму датэрміновага вызваленьня. Што думае былы палітвязень пра пэрспэктыву вызваленьня Статкевіча?

«Хутчэй за ўсё, яго будуць трымаць да таго часу, пакуль ня пройдуць новыя выбары. Але ўсё ж не выключаю, што ў выпадку новай зьнешнепалітычнай сытуацыі яго выпусьцяць і раней. Ягоны лёс можа стаць прадметам перамоў, як было зь Бяляцкім», — мяркуе Эдуард Лобаў.

У калёніі № 22, дзе адбываў пакараньне Эдуард Лобаў, можна было глядзець дзяржаўныя тэлеканалы, атрымліваць прэсу, у тым ліку і недзяржаўную. Якія настроі пануюць сярод вязьняў адносна падзей ва Ўкраіне і пагрозы для Беларусі быць уцягнутай у канфлікт Расеі з Захадам? Паводле Лобава, прыкладна палова вязьняў калёніі ў канфлікце Ўкраіны з Расеяй падтрымліваюць Украіну, другая палова — за Расею. «Гэта тыя, хто часта езьдзіў у Расею на заробкі і хто знаходзіцца пад узьдзеяньнем дзяржаўных тэлеканалаў, акрамя якіх там нічога няма», — паведаміў Лобаў.

Сам ён мяркуе, што Расея можа ўцягнуць Беларусь у канфлікт з Захадам, а калі Аляксандар Лукашэнка будзе замінаць Пуціну — той увядзе ў Беларусь расейскія войскі. Да гэтага трэба рыхтавацца зараз, але нічога ня робіцца, мяркуе былы палітвязень.

«У нас прызыўная сыстэма, а яна ў цяперашніх умовах састарэла. Нам неабходная кантрактная сыстэма, прафэсійнае войска, якое будзе гадамі назапашваць вопыт і ўдасканальваць вайсковае майстэрства. Цяпер галоўнае — нават не ўзбраеньне, а тое, што вялікая колькасьць вайскоўцаў у сувязі зь дзяржаўнай прапагандай разглядае Расею як саюзьніцу, а гэта я лічу момантам нацыянальнай пагрозы. На гэтых вайскоўцаў у выпадку агрэсіі Расеі супроць Беларусі дакладна можна не спадзявацца. Яны зь лёгкасьцю пяройдуць на іншы бок», — мяркуе Эдуард Лобаў. На ягоную думку, у беларускім войску трэба карэнным чынам мяняць сыстэму ідэалягічнай падрыхтоўкі з прапрэзыдэнцкай на нацыянальную.

Эдуард Лобаў паводле сваіх назіраньняў за кантынгентам у калёніі зрабіў выснову, што беларускае грамадзтва ўсё больш уцягваецца ў нэгатыўныя працэсы, якія адбываюцца на прасторы былога СССР. У прыватнасьці сярод вязьняў маладога ўзросту большаць — гэта наркаманы ці тыя, хто распаўсюджвае наркотыкі. Зьняволеныя сярэдняга і старэйшага веку часьцей адбываюць пакараньне за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў і нават забойства ў выніку побытавых канфліктаў, заўважыў Эдуард Лобаў. Ён лічыць, што за 4 гады, якія ён адбыў у калёніі, маральнае становішча ў беларускім грамадзтве пагоршала, і зазначыў, што па-ранейшаму лічыць цяперашнюю беларускую ўладу «варожай».

«Сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць спыняць не зьбіраюся», — паўтарыў Эдуард Лобаў.

Ужо ўвечары 18 сьнежня, усяго празь некалькі гадзінаў пасьля вызваленьня, у кватэру, дзе Эдуард будзе жыць, прыйшлі міліцыянты, якія цікавіліся ягонай асобай. Паводле рашэньня суду, яшчэ ў калёніі на Эдуарда Лобава накладзены прэвэнтыўны нагляд. Цягам трох дзён былы палітвязень мусіць стаць на ўлік у інспэкцыі Фрунзенскага РУУС, і пасьля рэгулярна там адзначацца. Зарабляць на жыцьцё Эдуард Лобаў зьбіраецца як і да арышту — рамонтам кватэраў.

XS
SM
MD
LG