Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Единая Россия» атрымала канстытуцыйную большасьць у Думе — каля 76% месцаў


Прэм’ер-міністар Расеі, старшыня і №1 у сьпісе «Единой России» Дзьмітры Мядзьведзеў

Прэм’ер-міністар Расеі, старшыня і №1 у сьпісе «Единой России» Дзьмітры Мядзьведзеў

Паводле папярэдніх вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Расеі, якія агучыў ЦВК пасьля падліку 90% галасоў, партыя ўлады «Единая Россия» атрымлівае 54,21% галасоў па партыйных сьпісах (што дасьць каля 140 мандатаў з 225) і 203 з 225 мандатаў па аднамандатных акругах (плюс адзін «адзінарос», які балятаваўся як самавылучэнец).

Яўка, паводле ЦВК, склала 47,84%.

Такім чынам, прыблізна 343 (344 з «самавылучэнцам») дэпутаты альбо 76,2% (76,4%) Думы будуць прадстаўляць «Единую Россию». Каб атрымаць канстытуцыйную большасьць, дастаткова было толькі 2/3 месцаў. Цяпер партыя зможа самастойна, бяз згоды іншых партыяў, прымаць канстытуцыйныя законы і зьмены ў Канстытуцыю Расеі.

Калі выніковыя лічбы ня будуць значна адрозьнівацца ад папярэдніх, цяперашнія выбары стануць самымі пасьпяховымі для партыі ўлады: у Думе мінулага, 6-га скліканьня было 238 «адзінаросаў» з 450 дэпутатаў, а найлепшы да таго вынік партыя мела ў Думе 5-га скліканьня з 315 дэпутатамі з 450.

Паводле папярэдніх вынікаў, па партыйных сьпісах у Думу пройдуць таксама сыстэмная апазыцыя: КПРФ з 13,54% галасоў, ЛДПР з 13,28%, «Справедливая Россия» з 6,19%. Па аднамандатных акругах праходзяць па адным кандыдаце ад прапуцінскіх нацыяналістаў «Родина» і прохараўскай правай «Гражданской платформы».

Ніводзін кандыдат ня пройдзе ад несыстэмнай апазыцыі: партыі Яўлінскага «Яблоко», ПАРНАС Касьянава, а таксама ніводзін кандыдат, падтрыманы фондам Хадаркоўскага «Открытая Россия».
Незалежныя назіральнікі неаднаразова адзначалі парушэньні на выбарах, у тым ліку «каруселі», калі адныя і тыя ж людзі арганізавана галасуюць па некалькі раз, і ўкіды бюлетэняў, у тым ліку проста перад камэрамі назіраньня (на адным участку двойчы: раз і два).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG