Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынкевічс: Лібэралізацыя візавых дачыненьняў — адзін з прыярытэтаў


Эдгарс Рынкевічс, архіўнае фота
Эдгарс Рынкевічс, архіўнае фота

Беларусь цяпер ажыцьцяўляе два важныя праекты з Эўразьвязам: аб зьмякчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. У гэтых абодвух працэсах ёсьць пэўны прагрэс.

Пра гэта 19 лютага заявіў журналістам у Менску міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.

Макей выказаў пажаданьне, каб у праграме «Ўсходняга партнэрства» не было дыскрымінацыі адносна асобных краінаў. Ён сказаў, што неабходна дыфэрэнцыяваць падыход да краінаў-удзельніц гэтай праграмы:

«Нехта ўжо хоча быць у ЭЗ, нехта марыць быць там пазьней, нехта проста хоча мець добрыя дачыненьні з ЭЗ. І гэта трэба ўлічваць».

Міністар замежных спраў Латвіі адзначыў, што лібэралізацыя візавых дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам зьяўляецца адным з прыярытэтаў латвійскага кіраўніцтва ў Радзе ЭЗ. Ён сказаў, што тут зроблена многа, ёсьць пэўныя кантакты, але трэба працягваць працу над юрыдычнымі момантамі.

Паводле Рынкевічса, пэрспэктыўнымі тэмамі для ўзаемадзеяньня ЭЗ і Беларусі маглі б быць такія галіны як адукацыя, асабліва Балонскі працэс, а таксама дапамога Беларусі па ўступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Наколькі пазыцыя Беларусі і яе роля ў завяршэньні ўкраінскага крызысу можа паўплываць на паляпшэньне дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем? Адказваючы на гэтае пытаньне журналістаў, Рынкевічс адзначыў, што ЭЗ высока ацэньвае ролю Беларусі і яе пазыцыю ў гэтым пытаньні.

«Мы ўсе трымаемся аднаго стаўленьня, што Ўкраіна павінна заставацца тэрытарыяльна цэласнай краінай», — сказаў латвійскі міністар.

Макей выказаў зьдзіўленьне, чаму пазыцыю Беларусі ва ўкраінскім крызісе зьвязваюць з паляпшэньнем дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем.

«Мы занялі такую пазыцыю па Ўкраіне, бо хочам, каб у гэтай краіне было спакойна. Гэта наш сусед, другі гандлёвы партнэр пасьля Расеі ў СНД. Мы зацікаўленыя ў стабільнасьці і спакоі ва Ўкраіне. Але мы ня зьвязваем гэтыя рэчы з паляпшэньнем дачыненьняў з ЭЗ. Мы не гаворым Брусэлю: вось мы занялі такую пазыцыю па Ўкраіне, таму паляпшайце нашы адносіны. Украіна і ЭЗ — гэта розныя рэчы», — адзначыў Макей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG