Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і пратэстоўцы


Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Ігар Ільяш, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст:
У мінулую суботу, на наступны дзень пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта Трампа, ў многіх гарадах ЗША прайшлі масавыя акцыі пратэсту — так званыя «маршы жанчын». Удзельнікі акцыяў абураліся выказваньнямі, стаўленьнем новага кіраўніка ЗША да жанчын, прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці, мігрантаў, мусульманаў.

Самая шматлюдная акцыя прайшла, напэўна, у Вашынгтоне, дзе на вуліцы выйшла да паўмільёна чалавек, прычым ня толькі жанчын, паведамляецца, што да траціны ўдзельнікаў былі мужчыны. Таксама шмат людзей вышлі на маршы ў такіх гарадах, як Чыкага і Нью-Ёрк.

На знак салідарнасьці з маршамі ў ЗША акцыі пратэсту прайшлі ў дзесятках гарадоў у розных краінах сьвету. Сярод іх Сыднэй, Лёндан, Парыж, Браціслава, Барсэлёна.

Безумоўна, колькасьць удзельнікаў пратэстаў сьведчыць пра вострае, глыбокае напружаньне, можа нават раскол у амэрыканскім грамадзтве. Амэрыка ведала сувымерныя па маштабах пратэсты ў сваёй гісторыі, але, здаецца, ня ў сувязі з прэзыдэнцкімі інаўгурацыямі. Былі масавыя пратэсты ў 60-я, у сувязі зь віетнамскай вайной, былі расавыя хваляваньні.

Але ў сувязі з інаўгурацыяй, здаецца, не было. Нехта можа падзяляць пачуцьці маніфэстантаў, нехта — рашуча ім пярэчыць, але навідавоку, што значная частка Амэрыкі ня проста незадаволеная, а абураная да глыбіні душы. Скажам, абраньню прэзыдэнтам ЗША Барака Абамы таксама былі далёка ня ўсе радыя. Але тады масавыя акцыі былі ў падтрымку, ніякіх колькі-небудзь заўважальных пратэстаў не назіралася.

Як сказаў у сваёй інаўгурацыйнай прамове Дональд Трамп, «Я вярну ўладу народу». Дык вось народ і выйшаў на вуліцы амэрыканскіх гарадоў. Так?

Як на мой погляд, дык не зусім. «Так» у тым сэнсе, што і гэтыя людзі, і іх яшчэ больш шматлікія прыхільнікі — гэта таксама народ. Іх выхад на вуліцы — напамін прэзыдэнту Трампу, што ёсьць шмат нязгодных зь ім, прычым нязгодных горача.

Акцыі 60-х прывялі да таго, што тагачасны прэзыдэнт Джонсан мог зьяўляцца толькі на ваенных базах, у іншых публічных месцах яго выступы зрываліся разьюшанымі пратэстоўцамі. У выніку ён адмовіўся паўторна балятавацца.

Але ёсьць і іншыя — тыя, чыімі галасамі Трамп быў усё ж абраны прэзыдэнтам. І тыя людзі, пра якіх Трамп найперш і гаварыў у сваёй прамове — прынамсі, таксама народ.

Вэрдыкт масы людзей на вуліцы, Плошчы, кажучы мовай беларускага палітычнага лексыкону, неабавязкова мусіць быць канчатковым і неабвержным. Ён, безумоўна, мае значэньне, ён можа яшчэ адгукнуцца ў будучыні, але лічыць яго і толькі яго голасам народу, напэўна, недарэчна.

Некаторыя выказвалі меркаваньні, што «марш жанчынаў» стане своеасаблівым амэрыканскім Майданам. Але лёзунгі «далоў» і «гэць» не былі на амэрыканскіх суботніх дэманстрацыях прынамсі даміноўнымі. Яны, дарэчы, прайшлі вельмі мірна, акцыі ўласна ў дзень інаўгурацыі і пасьля сёлетніх выбараў суправаджаліся куды большай рашучасьцю і нават агрэсіўнасьцю.

Ці перарастуць «маршы жанчынаў» усё ж такі ў Майдан? Могуць. Тыя ж акцыі 60-х прывялі да таго, што тагачасны прэзыдэнт Джонсан мог зьяўляцца толькі на ваенных базах, у іншых публічных месцах яго выступы зрываліся разьюшанымі пратэстоўцамі. У выніку ён адмовіўся паўторна балятавацца.

Калі атмасфэра мінулай суботы ў Амэрыцы захаваецца, калі захаваецца грамадзкая мабілізацыя пратэсту, калі пэўныя крокі прэзыдэнта Трампа яшчэ больш паглыбяць раскол у грамадзтве, пра які маніфэстацыі ўсё ж сьведчаць — хто ведае, як яно пойдзе далей.

Можа Дональд Трамп здолее ўсё ж стаць прэзыдэнтам усёй Амэрыкі. Не фармальна, а сутнасна, пачуць і тых, хто абураны яго прэзыдэнтствам.

Майдан — не адзіны сцэнар, ёсьць такія рэчы, як страта аўтарытэту, ціхі сабатаж дзяржапарату, у ЗША яшчэ і вайна з вельмі ўплывовым кангрэсам. Той жа Джонсан і яго пераемнік Ніксан сышлі не ад Майдану. Але ня надта пачэсна, скажам так. І гэта можа стаць аддаленым наступствам цяперашніх «маршаў жанчын».

А можа, і не. Можа Дональд Трамп здолее ўсё ж стаць прэзыдэнтам усёй Амэрыкі. Не фармальна, а сутнасна, пачуць і тых, хто абураны яго прэзыдэнтствам. Не пагадзіцца зь імі — не. Але і ў іх душах заваяваць сваё права на лідэрства.

Плошча можа і прайграць. Ці проста разысьціся. Права на пратэст, на выказваньне сваёй думкі — сьвятое. Права зрабіць думку Плошчы ўладай проста ня існуе. Бывае, што і так здараецца. Але права такога няма. А хто пераможа — у рэшце рэшт, гэта вызначаецца тым, чый дух мацнейшы.

Ільяш: Акцыі пратэсту ў ЗША сьведчаць пра тое, што да ўлады ў краіне прыйшоў несыстэмны палітык, які самой сваёй асобай кідае выклік нормам паводзінаў, прызнаным у амэрыканскім істэблішменце і грамадзянскай супольнасьці.

Але я б зьвярнуў увагу на тое, што самі па сябе цяперашнія амэрыканскія акцыі пратэсту маюць вельмі дзіўны зьмест. Звычайна, калі мы бачым масавы пратэст у той ці іншай краіне, ён або зьяўляецца адказам на нейкі ўчынак дзяржаўнага лідэра, зь якім нязгоднае грамадзтва (Эўрамайдан пачынаўся менавіта з гэтага), або барацьбой грамадзтва з кіраўніком краіны, якога лічаць нелегітымным (такая формула заўсёды была асновай беларускай Плошчы).

У выпадку апошніх пратэстаў ЗША няма ні таго, ні іншага. З аднаго боку, Трамп яшчэ не пасьпеў нічога зрабіць, а зь іншага боку — ніхто ня ставіць пад пытаньне легітымнасьць Трампа, ніхто нават не пратэстуе супраць вельмі своеасаблівай выбарчай сыстэмы ў ЗША. То бок, атрымліваецца, што людзі пратэстуюць супраць самога факту, што Трамп — дэмакратычна абраны прэзыдэнт. Вядома, што сам па сябе такі пратэст ня можа мець пэрспэктываў і глябальных наступстваў.

Частка грамадзтва Трампу наўпрост кажа: вы ня наш прэзыдэнт, мы настроеныя рашуча, мы ўважліва за вамі сочым і ніводнай памылкі вам не даруем, нават самай дробнай.

Нелягічнасьць сытуацыі, відаць, цудоўна разумеюць і самі пратэстоўцы, але сэнс гэтых акцый, думаю, быў усё ж іншым. Гэта не прэтэнзія на амэрыканскі Майдан — гэта вялікае папярэджаньне новаму прэзыдэнту ЗША. Частка грамадзтва Трампу наўпрост кажа: вы ня наш прэзыдэнт, мы настроеныя рашуча, мы ўважліва за вамі сочым і ніводнай памылкі вам не даруем, нават самай дробнай.

Мэсыдж вельмі жорсткі, але гэта не значыць, што Трамп будзе вымушаны сысьці раней заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну (як ужо прагназуюць некаторыя аналітыкі). Палітыка, як вядома, гэта мастацтва кампрамісаў, і ніхто не перашкаджае Трампу гэтае мастацтва прадэманстраваць. Ці атрымаецца — іншае пытаньне. Але іншага выйсьця ў Трампа няма.

Цыганкоў: Думаю, зараз сапраўды ад Трампа шмат што залежыць, як ён будзе ставіцца да гэтых масавых пратэстаў. Тут, безумоўна, і яго палітычная філязофія, і больш за ўсё — яго асаблівасьці характару, будуць адыгрываць вялікую ролю.

Бо залежыць ад таго, як ён адрэагуе — ці ён адрэагуе дастаткова агрэсіўна і варожа, што было ўласьціва яму да гэтага моманту, ці ўсё ж такі як чалавек зь іншым станам, а менавіта як прэзыдэнт самай вялікай дзяржавы. Ён можа сказаць ці зрабіць нешта больш прымірэнчае.

Ад Трампа залежыць, як рэагаваць на гэтыя пратэсты супраць яго, часта даволі рэзкія, правакацыйныя. Ці ён будзе рэагаваць у сваім стылі, дастаткова агрэсіўна, ці ён паспрабуе стаць вышэй за гэта.

Днямі ўзгадвалі паводзіны прэзыдэнта Буша-малодшага пасьля 11 верасьня 2001 году, калі адбыўся самы страшны тэракт у гісторыі Амэрыкі, і Буш выступіў з важнай прамовай, што мы ня маем нічога супраць ісламу як рэлігіі, але мы будзем зацята змагацца з тэрарыстамі, якія напалі на нас. Нагадаем, што ва ўсёй амэрыканскай гісторыі, як гэта ні парадаксальна прагучыць, самы вялікі рэйтынг з амэрыканскіх прэзыдэнтаў меў якраз Буш некалькі месяцаў пасьля 11 верасьня.

Потым ён сваімі дзеяньнямі, вайной у Іраку, згубіў яго, але тады гэта быў вышэйшы рэйтынг ухваленьня ўсім грамадзтвам.

На дадзены момант у Трампа няма шанцаў атрымаць такі рэйтынг, але ад яго залежыць, як рэагаваць на гэтыя пратэсты супраць яго, часта даволі рэзкія, правакацыйныя. Ці ён будзе рэагаваць у сваім стылі, дастаткова агрэсіўна, ці ён паспрабуе стаць вышэй за гэта.

Ну, а што тычыцца саміх пратэстаў, то гэта таксама адкрытае яшчэ пытаньне, ці гэта проста выплюх эмоцыяў, ці тут есьць нешта большае, нейкі плян ці намер каскадам пратэстаў імкнуцца паўплываць на палітыку. Мне здаецца, што першае — проста выплюх эмоцыяў безь ніякай канкрэтнай праграмы і пляну дзеяньняў.

Гэта можа разьвівацца, гэта залежыць і ад арганізатараў, і ад Трампа, але мой прагноз, што выплюх адбыўся, і на гэтым усё заглухне.

Дракахруст: Я не сказаў бы, што шлях для спадара Трампа адзіны — гэта пагадненьне, улагоджаньне тых, хто супраць яго. У свой час супраць Рэйгана таксама была палова Амэрыкі, але Рэйган не ішоў насустрач ёй. Ён даказваў сваё лідэрства, сваю правату. Нават калі ён не пераконваў сваіх апанэнтаў, ён рабіў так, што яны прызнавалі яго права на лідэрства. Гэта найбольш відавочны шлях для Трампа — ён павінен даказаць, што ён лідэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG