Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР можа даць грошы. Але не за так


Сума Чакрабарці, прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР)

Сума Чакрабарці, прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР)

Прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) Сума Чакрабарці мае намер наведаць Менск 17–18 лютага. Падчас візыту будуць абмяркоўвацца пытаньні магчымага пашырэньня супрацоўніцтва Беларусі і ЭБРР.

У плянах спадара Чакрабарці — сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, міністрамі эканомікі і замежных спраў — адпаведна Ўладзімерам Зіноўскім і Ўладзімерам Макеем. Кіраўнік банку хоча наведаць завод па вытворчасьці рухомага саставу кампаніі «Штадлер», бо гэты праект рэалізуецца пры ўдзеле ЭБРР.

Кандыдат эканамічных навук, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка сказаў Свабодзе, што, на ягоную думку, гэты візыт мае сама меней тры складнікі:

Віктар Цярэшчэнка

Віктар Цярэшчэнка

«Першы — грашовых рэсурсаў у цывілізаваных краінах цяпер настолькі шмат, што яны ня ведаюць, куды іх падзець.

Другі — адтуль ім бачыцца пэрспэктыўным укладаньне крэдытных рэсурсаў у Беларусь. Пэрспэктыўным у сэнсе гарантыі іх вяртаньня з працэнтамі. Я ня ведаю, колькі гэта будзе дакладна працэнтаў: 12, 8, а можа, 5. Аднак у любым выпадку гэта для банку выгадней параўнальна з тым, калі б яны давалі крэдыты заходнім партнэрам. Таму і едзе да нас найвышэйшая асоба банку — яму важна атрымаць гарантыі беларускага ўраду на вяртаньне пазыкаў.

Трэці — стымуляваньне малога і сярэдняга бізнэсу. Я думаю, банк можа даць 30 ці 50 мільёнаў эўра. Яны пойдуць на стымуляваньне беларускіх прадпрымальнікаў. Мы ўсё ж у цэнтры Эўропы. Але зноў жа падкрэсьлю — гэта не беспрацэнтны крэдыт».

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — міжнародная фінансавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Лёндане, пачаў дзейнічаць ад красавіка 1991 году. Банк створаны для падтрымкі трансфармацыі эканомікі ў дзяржавах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Асноўныя акцыянэры банку — ЗША, краіны Эўрапейскага Зьвязу, Японія.

Беларусь стала паўнавартасным сябрам ЭБРР у 1992 годзе. З 1994 году ў краіне адкрыта сталае прадстаўніцтва банку. 31 сакавіка 2014 году адбылося афіцыйнае адкрыцьцё новага банкаўскага офісу ў Менску.

За час сваёй дзейнасьці ў Беларусі ЭБРР удзельнічаў у рэалізацыі 66 праектаў. Сумарны аб’ём прыцягнутых інвэстыцыяў ацэньваецца ў паўтара мільярда эўра.

«Беларусь хоча спадзявацца на цывілізаваныя дачыненьні з заходнімі фінансавымі структурамі,— адзначае Віктар Цярэшчанка. — Найперш зь першасным фінансавым рынкам. А гэта да двух працэнтаў гадавых за крэдыты. У ЗША — гэта 0,25%. Не 1%, не 15%, як у нас, а толькі 0,25%.

Дык вось, некаторыя міжнародныя структуры бяруць грошы на першасным рынку пад 2%, а нам даюць пад 8%, а тыя ж эўрабонды — пад 9–10%. Кожны хоча зарабіць. А зарабіць — на кім? На нас.

Але і такі варыянт для нас у пэўнай ступені выгадны. Хоць гэта і кладзецца ў кошт нашых тавараў».

XS
SM
MD
LG