Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Форум «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу ў Менску


Два эўракамісары і кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў і аховы навакольнага асяродзьдзя ўсіх шасьці краін, што ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства», зьбяруцца 29-га чэрвеня ў Менску.

У Менск прыедуць эўракамісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэс Ган, эўракамісар па ахове навакольнага асяродзьдзя, моры і рыбалоўстве Кармэну Вэла, генэральны сакратар эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Ален Ле Руа і, паколькі Латвія старшынюе ў Эўразьвязе, дзяржаўны сакратар Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і рэгіянальнага разьвіцьця Латвіі Гунціс Пукіціс.

Гэтая сустрэча мае дзьве назвы. Афіцыйна яна прэзэнтуецца як нефармальны міністэрскі дыялёг. А ў звычайнай размове яе называюць сустрэчай «бяз гальштукаў». Мерапрыемства будзе складацца з двух сэгмэнтаў: дыскусіі кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў і тэматычнай сустрэчы з удзелам міністраў аховы навакольнага асяродзьдзя.

Пачатак падобным сустрэчам «бяз гальштукаў» даў былы эўракамісар Штэфан Фюле. Менавіта зь ягонай ініцыятывы кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў «Усходняга партнэрства» першы раз сабраліся на нефармальны саміт у Кішынэве яшчэ ў 2012 годзе. Пасьля былі размовы ў Тбілісі, у Ерэване, у Баку. Цяпер чарга дайшла да Менска.

Беларускія ўлады зацікаўленыя ў правядзеньні сустрэчы «бяз гальштукаў» у Менску,— кажа Свабодзе палітык Вінцук Вячорка, які мае пэўны досьвед міжнародных кантактаў:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Я думаю, што гэта крок ня гэтулькі лукашэнкаўскіх уладаў, колькі крок Эўрапейскага Зьвязу. Гэта складовая частка тактыкі Эўразьвязу, скіраваная на выратаваньне «Ўсходняга партнэрства» ў сьвятле сур’ёзных праблемаў, зь якімі яно сутыкнулася. І гэта адначасова тактыка ўцягваньня афіцыйнага Менску ў супрацу з Эўрапейскім Зьвязам. Такім чынам, як тлумачаць эўрапейскія чыноўнікі, гэта і прадухіленьне спаўзаньня Беларусі ў лапы ўсходняга суседа.

На маю думку, афіцыйны Менск у гэтых лапах даўно і пасьпяхова знаходзіцца. Таму ў вялікай ступені, у зьвязку з гэтым, спадзевы акажуцца марныя. Ніякіх рэальных крокаў, скіраваных на збліжэньне з Эўразьвязам і адыход ад Масквы, Менск ня робіць. І ня зробіць. Бо як толькі даходзіць да канкрэтыкі, высьвятляецца, што абавязкі перад Масквой мацнейшыя.

Іншая рэч, што з боку Менску зноў будзе гаворка, каб Брусэль дапамог матэрыяльна, у прыватнасьці, па лініі праграмы «Ўсходняе партнэрства». Але тут таксама ёсьць пэўнае пытаньне — на двухбаковыя міжурадавыя праграмы беларускія ўлады не пагаджаліся. І калі ўдзельнічалі, хай у невялікім пакеце праектаў і зь неўражальнымі сумамі, але толькі ў міждзяржаўных праектах. І таму Беларусь меней атрымлівала, чым разьлічвала. Меней, чым, напрыклад, той жа самы Азэрбайджан, які дастаткова інтэнсіўна ўдзельнічаў у ранейшых праектах «Усходняга партнэрства».

У парадак дня сустрэчы міністраў замежных спраў, як паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі, уключаныя пытаньні стану і пэрспэктываў далейшага разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства» ў кантэксьце вынікаў чацьвёртага саміту гэтай арганізацыі, які праходзіў 21–22-га траўня ў Рызе. Таксама мяркуецца, што на завяршальным этапе сустрэчы яе ўдзельнікі абмяняюцца думкамі па асноўных тэмах актуальнага міжнароднага парадку дня. Прымаць нейкія выніковыя дакумэнты альбо заявы не плянуецца.

XS
SM
MD
LG