Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Кроў залівала пакой» — інтэрвію гурту Eagles of Death Metal, канцэрт якога расстралялі тэрарысты ў Парыжы


Заснавальнікі Eagles of Death Metal Джэсі Х’юз і Джош Хомэ (Jesse Hughes, Josh Homme)

Заснавальнікі Eagles of Death Metal Джэсі Х’юз і Джош Хомэ (Jesse Hughes, Josh Homme)

Eagles of Death Metal распавялі канадзкаму часопісу Vice пра атаку тэрарыстаў на парыскі тэатар «Батаклян» падчас іхняга канцэрту.

Амаль увесь гурт паўцякаў пад кулямі да выхаду з тэатру, басіст схаваўся ў адным з пакояў у тэатры разам з фанатамі.

«Спачатку я думаў, што гэта ўзмацняльнікі барахляць, але хутка зразумеў, што гэта не яны, — апавядае гітарыст Эдэн Галінда пра пачатак атакі. — І тады Джэсі (Джэсі Х’юз, лідэр і вакаліст гурту. — РС) падбег да мяне, мы ўцяклі ў кут сцэны. Мы не былі ўпэўненыя, ці цэляцца ў нас, і наагул ня ўпэўненыя, што адбываецца. Бут, хлопец з нашай тэхнічнай каманды, пабачыў, як у аўтаматчыка скончыліся патроны і той пачаў перазараджацца, і закрычаў: „Пайшлі!“. Мы падняліся і зьбеглі са сцэны. Мы падняліся па лесьвіцы ў грымёрку, каб знайсьці Т’юздэй (Т’юздэй Крос, дзяўчына Х’юза. — РС), але яе там не было. Ён (Джэсі. — РС) пабег наверх па лесьвіцы, але зьбег уніз, бо пабачыў вышэй аўтаматчыка. Пасьля таго як спусьціліся, мы пайшлі да бакавога выхаду на тую вулачку. Фанаты пабачылі нас, дапамаглі нам, яны былі вельмі спагадлівыя. „Сюды, хадзіце сюды!“ — казалі яны нам».

Бубнач гурту Джуліян Дорыя, які таксама прарваўся да выхаду, распавядае, што праз музыку пачуў гукі стрэлаў і пах пораху, пабачыў праз ударную ўстаноўку двух аўтаматчыкаў:

«Я пабачыў двух мужчынаў перад сабой. Самае страшнае, што яны проста без разбору стралялі па наведніках. Я пачаў выпаўзаць, не падымаючы барады ад падлогі, за абсталяваньне на сцэне».

Калі гурт выбег на вуліцу, Джэсі пачуў голас Т’юздэй і зразумеў, што яна таксама выбегла. Людзі на вуліцы, кажа ён, проста здранцьвелі ад шоку і заставаліся пры дзьвярах.

Тым часам басіст Мэт МакДжанкінс, які быў на іншым канцы сцэны, калі пачаўся напад, укрыўся за калёнкамі, але зразумеў, што зь ягонага боку няма выхаду. Людзі з гэтага боку пабеглі ў нейкі пакой — перад Мэтам паўстаў выбар, ці праскочыць праз сцэну, ці хавацца ў пакоі з фанатамі. Ён абраў другі варыянт, літаральна даў нырца са сцэны ў натоўп і пабег з астатнімі. У пакоі выявілася, што некалькі людзей былі параненыя, іншыя дапамагалі ім, спрабуючы спыніць кроў, якая залівала пакой. Фанаты пачалі барыкадаваць дзьверы крэсламі. У пакоі стаяў халадзільнік, у якім нехта пакінуў бутэльку шампанскага — гэта была адзіная «зброя» на выпадак, калі тэрарысты сюды ўварвуцца.

«Страляніна станавілася ўсё бліжэй, — кажа Мэт. — Яна працягвалася яшчэ хвілін 10–15. Потым яны спыніліся на імгненьне. Было адчуваньне, што ўсё скончылася, але яны пачалі зноў. Быў выбух, тросься ўвесь пакой, калі ня ўвесь будынак. Мы ня ведалі, што гэта было, думалі, яны хочуць падарваць будынак. Як мы даведаліся потым, гэта быў пояс сьмяротніка».

Гукарэжысэр гурту Шон Ландан звычайна на канцэртах сядзіць пасярод залі, але ў «Батакляне» ягоны пульт быў за сцэнай, недалёка ад выхаду. Калі пачалася страляніна, людзі пабеглі ў ягоны бок, пачалі хавацца за пульт, падаць на падлогу, хто паранены, хто мёртвы. Сам ён стаяў, ня ведаючы, што рабіць, — і яго ўбачыў тэрарыст. Па ім стрэлілі, ды прамахнуліся: кнопкі з пульту разьляцеліся ў розныя бакі. Шон тут жа ўпаў на падлогу — тэрарыст, кажа ён, пэўна, падумаў, што параніў ці забіў яго, ды стаў страляць далей у розныя бакі., выкрыкваючы «Алаху акбар!». Шон пабачыў дзяўчыну, параненую ў нагу і ў грудзі — яна крычала, мужчына спрабаваў яе прыцішыць. У момант, калі страляніна прыпынілася, а аўтаматчык палез у заплечнік па новую абойму, ён і яшчэ пяць чалавек пабеглі да выхаду, але выбегчы не пасьпелі: тэрарыст перазарадзіў аўтамат, давялося хавацца і чакаць яшчэ 30 патронаў. Пасьля гэтай абоймы тэрарыст рушыў далей ад іх — Шон выштурхнуў параненую дзяўчыну на вуліцу і сам уцёк з астатнімі. Ён паспрабаваў зачыніць за сабой шкляныя дзьверы, але тэрарыст стрэліў у іхні бок — дзьверы рассыпаліся.

Я хачу, каб мы былі першым гуртам, які зайграе на адкрыцьці „Батакляну“.

Урэшце музыкі дабраліся да паліцэйскага ўчастку і зьвязаліся з Джошам Хомэ, сузаснавальнікам і ўдарнікам гурту, які ня граў на тым канцэрце і быў на студыі. Ён быў адным зь першых у сьвеце, хто даведаўся пра атаку — і дагэтуль захаваў SMS ад Джэсі. Захоўвае ён і сьпіс наведнікаў канцэрту, якія не перажылі атаку.

Гурт завяршае свой тур, а Джэсі Х’юз празь сьлёзы распавядае, як адчуваў сябе вінаватым, што ня выцягнуў басіста Мэта са сцэны. Але цяжка знаходзіць словы, каб апісаць тое, што адбылося ў час атакі.

«Я зьвяртаюся да ўсіх, хто любіць рок-н-рол, любіць нас, — кажа Х’юз — Мо я напужаны, мо я прайшоў праз жахлівыя рэчы, але я дыхаю. Я адчуваю, што жыцьцё дало мне шанец. Я проста так не сыду. Маці і бабуля навучылі мяне не зьвяртаць увагі на тое, што думаюць розныя гіцлі. Калі цябе ненавідзіць Адольф Гітлер — цудоўна, хай увесь сьвет пра гэта ведае. Я не хачу правесьці рэшту жыцьця, думаючы, раздражняць ці не раздражняць тых нягоднікаў. Я хачу быць шчасьлівы са сваімі сябрамі. Не магу дачакацца, калі мы зноў вернемся ў Парыж. Я хачу там зайграць. Я хачу, каб мы былі першым гуртам, які зайграе на адкрыцьці „Батакляну“. Нашы сябры пайшлі туды паслухаць рок-н-рол і памерлі. Я хачу пайсьці туды і жыць».

XS
SM
MD
LG