Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто, калі ня ён? У чаканьні альтэрнатыўнага суб’екта


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Чаму так зьдзекліва, крытычна, раўніва, а галоўнае – шмат пішуць пра Караткевіч? Пры тым, што дакладных пераканаўчых аргумэнтаў супраць яе няма.

Палітык-дэбютант у аўтарытарнай краіне ня можа не шукаць кампрамісу з усімі і не памыляцца. Але ў цэлым Караткевіч зрабіла тое, чаго не змаглі ці не схацелі іншыя. Яе вобраз быў адказам на пытаньне – хто, калі ня ён? Тады як іншыя падзяліліся на «ніхто, апроч яго» і «галоўнае, каб яго не было».

У Беларусі даўно атабарыўся адзін-адзіны суб’ект палітыкі. Іншых ён перанішчыў, разагнаў, рассварыў. А людзі, думаючы пра палітыку, думаюць якраз пра суб’екты. І любы, ад хатняй гаспадыні да прафэсара і касманаўта ў перадвыбарчай спрэчцы задае гэтае пытаньне – хто, калі ня ён? І тады пачынаюць узважваць – у таго больш вагі ці ў гэтага. Ад вагі і вызначаюць – важны ці ня вельмі важны.

Караткевіч ішла з цалкам прымальнай для большасьці пераходнай праграмай, зь пераходнай расейскай мовай (але пад выразным маркерам – бел-чырвона-белым сьцягам) і з антыкалгасным лёзунгам: «Улада павінна слухаць людзей». Але галоўны пасыл быў – замест яго буду я. І галасавалі за яе, распазнаўшы ў ёй альтэрнатыўны палітычны суб’ект, прызнаўшы ў ёй іншую ўладу.

Скінуць Лукашэнку – рэвалюцыйна гучыць, разважаюць студэнт і хатняя гаспадыня, але з намі што будзе, з краінай? Ты, скідальшчык, яго заменіш? Каб мы нармальна жылі? Хоць бы так, як жывем.

У глыбіні душы Беларусь тужыць па гэтай самай альтэрнатыве. Не па ўсьпененай стыхіі агульнага браджэньня, не па вайне і бязладзьдзю на пераходны час, а – па іншай уладзе. Бо ў людзей не бывае ладу без улады. А гарлапаны ня ўлада, чаго да іх далучацца. Пабунтуюць, пасядзяць на сутках, павыступаюць за мяжой, з таго і жывуць… Якая ж яны ўлада?

Кажуць, без рэвалюцыі ў нас нічога не памяняеш, без паўстаньня. Але прынцып для любых перамен той самы – і для эвалюцыйных, і для рэвалюцыйных. Наяўнасьць альтэрнатыўнага палітычнага суб’екта. Можа быць, вядома, і бунт, «бессэнсоўны й бязьлітасны», і група авантурыстаў, добра падтрыманая з-за мяжы, што захоплівае ўладу. Але гэта ня тая гісторыя, на якую маглі б паўплываць мы з вамі.

Таму, калі казаць пра ўнутрыпалітычнае разьвіцьцё, павінен быць суб’ект. Каліноўскі меў урад, што кіраваў сотнямі тагачасных палітычных актывістаў свайго часу, якія стварылі рэальнае войска – са студэнтаў і пакрыўджанай шляхты. Яны добра ўсьведамлялі – калі не расейскі цар, дык вось – гэты самы ўрад. Наш.

У часе мінулай вайны польскі эміграцыйны ўрад Сікорскага кіраваў дзейнасьцю паўмільёна тагачасных палітычных актывістаў у самой Польшчы. Бо быў для іх сваім палітычным суб’ектам.

Пазьней у Польшчы быў прафсаюз Салідарнасьць, які зьмяніў сытуацыю ў краіне. Пазьней у Літве быў рух Саюдзіс, які таксама перамог. У Беларусі рэальнай альтэрнатывай быў Народны фронт.

Пакуль былі альтэрнатыўныя палітычныя суб’екты, можна было кансалідаваць грамадзтва на зьмену ўлады. Не істотна, ці то было паўстаньне, ці Плошча, ці мірны шлях. Іншых шанцаў, каб палітычным суб’ектам засталася сама краіна, не было і няма. Народ заўсёды выходзіў з пытаньнем – хто, калі ня ён? (Бо ён – гэта ўжо звыклае жыцьцё з усімі яго выдаткамі.) Караткевіч выходзіць і кажа – калі ня ён, то я. І тады людзі пачынаюць узважваць.

Я тут не пра тайныя дапушчэньні, сымпатыі-антыпатыі і нават не пра тое, чаму за яе галасавала, кажуць, 20 адсоткаў. Я пра сам прынцып альтэрнатыўнай суб’ектнасьці, які толькі й можа спрацаваць у Беларусі. У любым, мірным ці ня мірным варыянце павінен быць нехта важны і таму людзьмі ўпаўнаважаны.

Давайце хоць бы падумаем пра гэта, бо пасьля пятых выбараў будуць і шостыя і дзясятыя, а нешта мяняць трэба. Нешта – у межах нашай незалежнай беларускай дзяржавы.

Давайце пагаворым пра КГБ. Кажуць, Караткевіч – слуга рэжыму і агент КГБ. Няхай так. Але гэта нічога ня значыць у параўнаньні з тым, што яна стварае альтэрнатыўны палітычны суб’ект. Кажуць – каб легітымізаваць Лукашэнку (пустое), але яшчэ ніхто не сказаў – каб здаць незалежнасьць Беларусі. Ну няма такога ў яе паводзінах (з памылкамі), у агульным пасыле пра «ўрад для народа» і ў бела-чырвона-белым сьцягу. Не спалучаецца з гэтым сьцягам каларадзкая стужка, як яна спалучаецца зь яблыневым цьветам Лукашэнкі.

І ня ў гэтым сутнасьць пытаньня.

Сутнасьць у тым, чаму за 20 гадоў у замежжы не паўстала нашага ўраду Сікорскага – як альтэрнатыўнага палітычнага суб’екта, які б кіраваў дзейнасьцю паўмільёна актывістаў у Беларусі? Здавалася б, там бясьпека, там традыцыя, там зьбеглыя палітыкі першай велічыні – патэнцыйныя прэзыдэнты, там напрацаваныя схемы лёбінгу, там уплыў на сусьветныя СМІ… Ідэальная сытуацыя, каб кансалідаваць моладзь і пакрыўджаную шляхту тут – ці то для мірнага чыну, ці то для таго, на што кожны народ мае права. Але няма ні Сікорскага, ні ўраду.

Дапускаю, што якраз туды кінула свае сілы КГБ, каб альтэрнатыўны суб’ект не паўстаў паводле мадэлі польскага эміграцыйнага ўраду ў часы вайны ці нават беларускага ўраду БНР савецкіх часоў.

Ведаю, што эміграцыя сварыцца – ёсьць у яе такая асаблівасьць. Але чаму не паўстала 2 ўрады ці хоць восем, кожны зь якіх кіраваў бы працэсамі ў Беларусі? Калі гэта КГБ, а безь яго там сто адсоткаў не абышлося, дык няўжо настолькі мізэрная была ідэя ці настолькі нікчэмныя дзеячы, што КГБ змог усё гэта паралізаваць?

Не хачу вярэдзіць раны тых, хто верыць у казкі. У палітыцы таксама здараюцца казкі – праплочаныя, падступныя, а можа і добрыя таксама. Адно, што варта мець на ўвазе – без выбудовы іншага, свайго суб’екта (а гэта можа быць і асоба, і партыя, і рух), які падасца людзям важным, упаўнаважаным, нічога ня зьменіцца. Бо незалежнасьць краіны трымаецца на палітычным суб’екце – тым ці іншым.

Для тых жа, хто зусім ня хоча думаць пра гэта, прапаную ўявіць сабе год так 2035-ты. Ноч. Цёмны калідор у Драздах. Кабякоў, Макей і Латушка стаяць каля дзьвярэй спальні аўгусьцейшага. У руках у іх падушка. З-за далёкага калідорнага пралёту трывожна выглядвае Коля…

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG