Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў і Караткевіч сустрэнуцца з Макеем. «Ніякіх перамоваў з уладамі няма», — Дзьмітрыеў


Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў
Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

18 сакавіка старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч плянуюць сустрэцца зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

У зьвязку з гэтым Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку дасылаць пытаньні, каб задаць іх міністру Макею.

Пра мэты сустрэчы з Макеем Андрэй Дзьмітрыеў распавёў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды:

«Гэта сыстэмная праца, якую мы вядзем ужо нават не адзін месяц. Гэта сустрэчы з рознымі афіцыйнымі асобамі, да якіх мы найперш даводзім пазыцыю нашых выбаршчыкаў. А таксама абмяркоўваем некаторыя важныя, як мы лічым, рэчы, у тым ліку нашы праграмныя рэчы — як гэта магчыма рэалізаваць? Ну, і слухаем іх пазыцыю па тых пытаньнях, якія мы падымаем».

Прадстаўнікі «Гавары праўду» сустрэліся ўжо з кіраўнікамі сталых камісіяў Палаты прадстаўнікоў, зь міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, зь міністрам эканомікі, цяпер працягваюцца сустрэчы ў Савеце рэспублікі.

Пра што зьбіраюцца гаварыць Дзьмітрыеў і Караткевіч з Макеем?

«Мы месяц таму прэзэнтавалі наш падыход да зьнешняй палітыкі Беларусі — „Адказнае суседзтва“. Гэта, у тым ліку, прыярытэт рэгіянальнай супрацы над нейкімі глябальным праектамі. Гэта праца над тым, каб Беларусь заключыла базавую дамову з ЭЗ. І гэта адстойваньне правоў Беларусі ў Эўразійскім зьвязе. Гэта тры арыенціры, на якіх мы будзем будаваць нашу сустрэчу».

Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў, што гэтыя сустрэчы — не перамовы з уладамі.

«Ніякіх перамоваў з уладамі няма. Ёсьць сустрэчы, на якіх мы кажам пра тое, што кажуць нашы выбарцы, і на якіх мы кажам пра нашу праграму.

У лепшым выпадку гэта падрыхтоўка да нейкага дыялёгу, але да самога дыялёгу яшчэ далёка. Бо як будаваць разьвіцьцё краіны без дыялёгу, як наагул казаць пра нейкую будучыню, калі ў краіне розныя бакі паміж сабой не размаўляюць? Гэта сёньня важны момант, які толькі пачынаецца, мы толькі ў самым пачатку працэсу. І важна яго ўдасканальваць і разьвіваць».

Паводле Дзьмітрыева, пакуль рана казаць пра фармат дыялёгу з уладамі, пакуль яшчэ «трэба набраць сілу і грамадзкую падтрымку, выпрацаваць парадак дня».

То бок «Гавары праўду» сыходзіць з плошчы ў кабінэты?

«У маім сакавіцкім дакладзе мы выказалі пазыцыю „Гавары праўду“: мы ня супраць мірнага пратэсту. Наадварот, трэба сумяшчаць перамоўную частку з вулічнымі пратэстамі, толькі ў каардынацыі яны могуць быць моцнымі. Гэта дзьве часткі аднаго цэлага. Але пратэсты, якія не падрыхтаваныя, з малой колькасьцю людзей, зь незразумелымі мэтамі, наадварот, адкідаюць нас ад дасягненьня мэты ўплывовасьці і павагі, даверу з боку грамадзтва. Таму казаць пра тое, што сёньня адбываецца, што гэта нейкая плошча... Давайце ня будзем зьвязваць гэтыя рэчы са словам „Плошча“. Плошча — гэта падрыхтаваны, вялікі пратэст, калі зразумелыя мэты. Сёньня пакуль гэтага няма. „Гавары праўду“ падкрэсьлівае, што мы выступаем за права людзей, грамадзтва на мірны пратэст, на тое, каб і на вуліцы выказваць свае меркаваньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG