Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэстабілізатары, рукі прэч!


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

З аграмадным зьдзіўленьнем прачытаў зварот да жыхароў Гарадзенскай вобласьці, распаўсюджаны дзяржаўнымі сродкамі. Прачытаў, мабыць, са спазьненьнем. Рыхтаваўся тэкст відавочна да 25 сакавіка.

Аднак яго могуць надалей тыражаваць, паколькі нічога не памянялася ў лепшы бок, толькі ў горшы: народ заціскаюць, застрашваюць. Але давайце пачытаем разам:

«В последнее время отдельные категории граждан, преследуя сугубо деструктивные цели и личную выгоду, выступают с призывами принять участие в несанкционированных массовых мероприятиях».

Што за дэструктыўныя мэты? Не тлумачыцца. Напэўна — патрабаваньне скасаваць дэкрэт нумар тры і змагацца зь беспрацоўем, а не з беспрацоўнымі. Значыць, гэтыя «дэструктыўныя» мэты засталіся бязь зьменаў. І чаму, запытаемся, мерапрыемствы несанкцыянаваныя? Чаму іх не дазваляюць? Ці ў нас народ ужо ня мае права на такую дробязь, што гарантуе Канстытуцыя? Хіба толькі начальства мае права?

Чытаем далей: «Они не желают вести конструктивный диалог, пытаются дестабилизировать ситуацию…» Дыялёг які і з кім? Не тлумачыцца. Як вядома, галоўнае начальства ў схільнасьці да дыялёгу заўважанае, на жаль, не было. Крэпкі арэшак. А з кім яшчэ яго весьці? Калі астатнія — пешкі?

Працяг сказу: «…намереваются разрушить то, что создавало не одно поколение нашей страны с момента обретения суверенитета — спокойствие и безопасность, чувство защищённости в любой ситуации, веру в закон и справедливость».

Першае, вымушаны нагадаць, што было створана пасьля набыцьця сувэрэнітэту — гэта пачаткі дэмакратыі. Людзі ўпершыню атрымалі свабоду. Што з гэтым было зроблена потым? Ці з законам і справядлівасьцю? Ня буду чапаць падзеі апошніх дзён. Нагадаю толькі 2011 год. Што зрабілі зь людзьмі, якія проста маўчалі на плошчы? Гэта быў бяскрыўдны маўклівы пратэст супраць рэзкага абвалу ўзроўню жыцьця таго самага «насельніцтва».

«Не поддавайтесь на провокации! — чытаем пры канцы: За громкими лозунгами скрываются исключительно пустые обещания, вред от которых не должен поразить наше здоровое общество». Пра якія пустыя абяцаньні пад выглядам лёзунгаў мова? У чым сэнс гэтых слоў? Я не магу дапяць ніяк. Суцэльная цьмянасьць. Хіба што ўспамінаюцца самі сабой вядомыя абяцанкі народу: то пяцьсот даляраў заробкі, то тысячу, то пяцьсот, то тысячу. Дый звычайна апатычнае, застрашанае грамадзтва лічыць здаровым — вялікі аптымізм.

Хто, вы думаеце, кінуў такі лёзунг у масы? Управа ідэалёгіі? КДБ? Стыль жа вельмі знаёмы, «сугубо» савецкі. Не адгадалі. Пад зваротам два прозьвішчы старшыняў — «СПК» і калгаса, што ў сьвядомасьці насельніцтва — адно і тое ж.

І немае зьдзіўленьне пасьля прачытаньня. Чаму гэтыя сапраўды паважаныя людзі не зьвяртаюцца да калгасьнікаў, не гавораць аб сапраўдных праблемах, якія існуюць сёньня ў гаспадарках, і аб магчымых шляхах іх пераадоленьня? Адказу ў мяне няма. А ў вас?

Нядаўна паслухаў аднаго досыць абазнанага чалавека. Гаспадаркі «закрэдытаваныя». Здараецца нават: каб выплаціць заробкі калгасьнікам у суседнім раёне, здымаюць грошы з рахунку калгасу іншага раёну, які яшчэ больш-менш трымаецца на нагах. Я ня спраўджваў, можа чалавек загушчае фарбы? Але чаму паважаныя старшыні ня скажуць вяскоўцам і ўсім жыхарам вобласьці: чаму паўсюль узбуйняюць калгасы, а выніку няма? Далучаюць да больш-менш крэпкай гаспадаркі часам па дзьве-тры слабыя. І спрацоўвае звычайная арытмэтыка: робяцца безграшовымі ўсе. Ці, можа, гэта зусім ня так? Можа ў выніку калгасны лад набывае новае дыханьне? Крылы атрымлівае? А нам проста аб гэтым нічога не вядома?

Ну дык раскажыце жыхарам вобласьці, што робіцца «у дацкім каралеўстве». А ўжо хто і што дэстабілізаваць у нас думку мае — народ напэўна сам разьбярэцца, не дурны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG