Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармат гэтай сустрэчы трох прэзыдэнтаў у Астане ад самага пачатку быў не зусім зразумелы. На старце стварэньня цяперашняга інтэграцыйнага саюзу Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Ўладзімер Пуцін дамовіліся, што будуць сустракацца раз на паўгода. Апошні саміт прайшоў у сьнежні ў Маскве. То бок атрымліваецца, што цяперашняя сустрэча — пазатэрміновая. Чаго раптам? Калі гэта саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), то чаму не запрасілі прэзыдэнтаў Армэніі і Кіргізстану, якія далучаюцца да гэтага аб’яднаньня?

І абвешчаны парадак дня выглядае трохі нечаканым. Напрыклад, абмеркаваньне сытуацыі ва Ўкраіне. Ці настойлівыя ўзгадкі Пуціна пра валютны саюз, фармаваньне якога, паводле дакумэнтаў аб стварэньні ЭАЭС, аднесена да 2025 году.

Падаецца, матывы і задачы, якія ставілі перад сабой прэзыдэнты, былі розныя. Мяркуючы па ўсім, Пуцін імкнецца прысьпешыць працэс інтэграцыі. Пра гэта сьведчыць ягоная настойлівасьць у пытаньні валютнага саюзу. Ідэя зьбіраньня зямель былога Савецкага Саюзу вакол Масквы цяпер у Расеі вельмі актуальная. Да таго ж Пуціну, на тле вострых унутраных і вонкавых праблемаў, вельмі патрэбен нейкі міжнародны посьпех.

У Лукашэнкі і Назарбаева матывы і трывогі зусім іншыя. Цяпер высьвятляецца, што тыя надзеі, мары і спадзяваньні, якія існавалі на самым пачатку гэтага інтэграцыйнага працэсу, ня спраўдзіліся. Узгадаем, што ў 2010 годзе, калі быў створаны Мытны саюз, прэзыдэнты, іншыя афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыі пераконвалі насельніцтва трох краін, што сяброўства ў гэтым аб’яднаньні раскрые перад імі шырокія гарызонты, велізарны рынак, дасьць рэзкі рост таваразвароту, падштурхне разьвіцьцё эканомікі ўвогуле.

Але рэальнасьць аказалася зусім не такою. Гандаль паміж краінамі-сябрамі ЭАЭС не расьце, а падае. Назарбаеў пасьля перамоваў у Астане заявіў, што таваразварот паміж Расеяй і Казахстанам зьнізіўся на 20%. Такая ж сытуацыя і ў беларуска-расейскім гандлі. У студзені ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014 году экспарт у Расію зьменшыўся на 39,6%, на гэтулькі ж упаў імпарт з гэтай краіны.

Калі стваралі ЭАЭС, разьлічвалі, што Расея будзе лякаматывам эканамічнага прагрэсу ў саюзе. А выявілася, што, наадварот, РФ стала крыніцай праблемаў для саюзьнікаў

Прычым, нягледзячы на тое, што з 1 студзеня 2015 году пачаў функцыянаваць Эўразійскі эканамічны саюз, так і не ўдалося стварыць адзіную эканамічную прастору, зону вольнага гандлю паміж краінамі-чальцамі. Толькі 2/3 тавараў і 1/3 паслуг у межах ЭАЭС прадаюцца вольна, астатнія падлягаюць рэгуляваньню. Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы 6 лютага на паседжаньні Міжурадавага савету ЭАЭС, згадаў гэтую праблему: «Цяпер сьпіс выключэньняў ня толькі не зьмяншаецца, а наадварот, пачынае зноў павялічвацца».

Усе краіны-удзельніцы, не зважаючы на дамовы і рэглямэнты ЭАЭС, узводзяць штучныя бар’еры на шляху гандлю. Расея ў лістападзе-сьнежні мінулага году ўчыніла гандлёвую вайну супраць Беларусі, на беларуска-расейскай мяжы нават часова ўзьніклі мытныя пасты. Нядаўна Казахстан заявіў пра намер забараніць пастаўкі шэрагу тавараў з Расеі, бо з прычыны вялізнай дэвальвацыі ў РФ казахстанскія тавары не вытрымліваюць канкурэнцыі з расейскай прадукцыяй.

Калі стваралі ЭАЭС, разьлічвалі, што Расея будзе лякаматывам эканамічнага прагрэсу ў саюзе. А выявілася, што, наадварот, РФ стала крыніцай праблемаў для саюзьнікаў. Таму і галоўныя прэтэнзіі — да яе.

Лукашэнка падчас сустрэчы з Назарбаевым заявіў: «Тэмпы нэгатыўныя назапашваюцца, і многае залежыць тут ад Расейскай Фэдэрацыі». У перакладзе з дыпляматычнай на звычайную мову гэтую тэзу можна расшыфраваць так: Расея павінна кампэнсаваць саюзьнікам іхнія страты. Магчыма, якраз гэтую тэму абмяркоўвалі кіраўнікі Беларусі і Казахстану на двухбаковай сустрэчы. Калі аб’яднаць высілкі, то ўдвох лягчэй выбіць з Пуціна нейкія льготы ці субсыдыі.

Але зусім ня факт, што нешта ўдалося. Бо пра нейкія зьмястоўныя рашэньні нічога не паведамляецца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG