Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі: на Бангалор не павядуць


Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька

Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька

Але запросяць настаўнікаў, вучняў, пэнсіянэраў і чыноўнікаў. Збор 25 сакавіка а 18-й гадзіне ля Акадэміі навук.

Восем прадстаўнікоў розных партыяў і рухаў 3 сакавіка падалі заяву ў Менгарвыканкам на правядзеньне мітынгу і шэсьця на Дзень Волі. Мітынг ля менскай Акадэміі навук мае пачацца 25 сакавіка а 19 гадзіне (збор удзельнікаў а 18-й), пасьля 20-хвіліннага мітынгу плянуецца шэсьце па ходніках уздоўж праспэкту Незалежнасьці да парку Янкі Купалы, дзе мітынг працягнецца да 20:30.

«Мы выдатна разумеем, што, найхутчэй, улады будуць імкнуцца памяняць гэты маршрут. Але мы разглядаем гэтую заяўку як пэўны тэст да ўладаў: наколькі сур’ёзныя тыя размовы пра гатоўнасьць да дыялёгу з грамадзтвам», — сказаў на прэс-канфэрэнцыі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Гарвыканкам таксама запрошаны

Вакол адзначэньня Дня Волі склалася адзінства шмат якіх дэмакратычных сілаў Беларусі: акрамя Янукевіча, заяўку падалі Алесь Лагвінец (рух «За свабоду»), Анатоль Лябедзька (АГП), Віталь Рымашэўскі (БХД), Вячаслаў Сіўчык і Тацяна Міронава (рух салідарнасьці «Разам»), Мікола Статкевіч (БСДП «Народная грамада») і Рыгор Кастусёў (БНФ). На Дзень Волі запрашаюць усіх, ад студэнтаў да пэнсіянэраў, а таксама прадстаўнікоў гарвыканкаму.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Фармат сёньняшняга сьвяткаваньня 25 сакавіка — гэта ня толькі сьвяткаваньне традыцыйнага нацыянальнага сьвята, дня сьвятога для кожнага беларуса. Гэта ня толькі лёзунгі абароны незалежнасьці Беларусі, але і лёзунгі абароны грамадзянаў Беларусі ад несправядлівай палітыкі дзейнай улады, — дадаў Віталь Рымашэўскі. — Сытуацыя ў Беларусі, мы глыбока перакананыя, зьменіцца, калі грамадзяне Беларусі зразумеюць, што немагчыма ў такой грамадзка-палітычнай сыстэме дамагчыся зьменаў у асобнай галіне жыцьця. Зьмены магчымыя толькі тады, калі людзі зразумеюць, што палітычныя патрабаваньні павінны ісьці разам з сацыяльнымі, эканамічнымі патрабаваньнямі».

Рымашэўскі дадаў, што зьвяртаецца і да прыхільнікаў нацыянальных ідэяў, нязгодных з тым, каб Беларусь лічылі «русским миром».

«Эканамічная сытуацыя сёньня такая, што людзі праяўляюць больш цікаўнасьці да таго, што адбываецца вакол іх. Для нас гэта добрая мажлівасьць зьвярнуцца да тых сацыяльных групаў, якія раней, можа, не прыходзілі на сьвяткаваньне Дня Волі, — заявіў Анатоль Лябедзька. — Сёньня мы прыйшлі на два гандлёвыя цэнтры, раздалі больш за 400 улётак. Яны маюць эканамічны зьмест — пра праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў, але ўжо ўтрымліваюць запрашэньне на Дзень Волі. Такую кампанію распачнём ня толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах. Нам патрэбная адна вялікая калёна, у якой ёсьць месца і палітычнаму актывісту, і айцішніку, і настаўніку, і хатняй гаспадыні, і прадпрымальніку. Калі такая атмасфэра будзе, ёсьць шанец, што Дзень Волі будзе найбуйнейшай акцыяй за апошнія год 5–6».

Спадзяюцца на міліцыю

Рымашэўскі заклікае беларускія ўлады і асабіста Лукашэнку не баяцца масавых вулічных акцыяў і згадвае, як разгон акцыі ў 2010 годзе прывёў да ізаляцыі Беларусі і хіба толькі «атрыманьня новых зорачак у сілавікоў». Лябедзька ж згадвае, што за ўдзел у мінулай акцыі салідарнасьці з прадпрымальнікамі атрымаў чарговае завочна складзенае запрашэньне ў суд, але спадзяецца, што акцыя будзе дазволеная і абыдзецца без правакацыяў.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Бачым, што пэрыядычна зьяўляюцца і правакацыі з боку расейскай „пятай калёны“, — кажа Янукевіч. — Мы да гэтых правакацыяў са свайго боку рыхтуемся. Але зьвяртаемся да беларускай міліцыі, спадзяёмся, яны будуць дапамагаць такія акцыі спыняць супольна».

«Аргкамітэт таксама прыкладзе ўсе намаганьні, каб акцыя прайшла легальна. Але загон людзей на плошчу Бангалор у той час, калі цэнтральныя плошчы гораду выкарыстоўваюцца пад так званыя масавыя гуляньні, якія рэальна ператвараюцца ў масавыя папойкі, будзе неадэкватным крокам з боку ўладаў, — кажа Рымашэўскі. — Па сутнасьці, гэта будзе правакацыя людзей на несанкцыянаваную акцыю пратэсту. І я ведаю, што беларускія ўлады гэта добра разумеюць. Яны цяпер мусяць даць адэкватны сытуацыі адказ. Прынамсі, мы заклікаць на плошчу Бангалор ня будзем».

Дзень Волі за мяжой

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

«Апошнія чатыры гады я правёў за мяжой і заўсёды ў розных краінах арганізоўваў сьвяткаваньне Дня Волі. Рух салідарнасьці „Разам“ і сёньня будзе праводзіць сьвяткаваньне ў Кіеве, вядуцца перамовы пра сьвяткаваньне ў Львове, наша арганізацыя ўжо ўвайшла ў аргкамітэт у Варшаве, — распавёў Вячаслаў Сіўчык. — Я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі бацькаўшчыны, каб яны прыклалі ўсе намаганьні, каб у тых гарадох адбыліся годныя сьвяткаваньні Дня Волі, пажадана ў выглядзе вулічных акцыяў».

XS
SM
MD
LG